Былая прыбіральшчыца набыла ў элітным раёне Менску катэдж, які раней каштаваў 837 000 даляраў

Катэджы ў жылым комплексе «Алімпік Парк». Мінск, 2022 год. Скрыншот: Tapas Group, YouTube

Маці кіраўніцы Нацыянальнай школы прыгажосьці Бажэны Ярэміч Ірэна набыла катэдж плошчай 610 квадратных мэтраў у элітным комплексе «Алімпік Парк» у Менску.

Пра гэта піша «Люстэрка». Паводле расьсьледаваньня выданьня, Ірэна Ярэміч купіла дом у лютым 2025 году ў Ліліі Белай — маці бізнэсоўца Паўла Белага, якому належыць група кампаніяў «Тапас», што пабудавала гэты комплекс.

За два тыдні да перапродажу Белая сама набыла катэдж за 837 тысяч даляраў. «Люстэрка» высьветліла, што гэта не адзіны выпадак, калі яна выступала прамежкавай уладальніцай нерухомасьці: паводле падлікаў выданьня, празь яе прайшлі прынамсі шэсьць кватэраў і два дамы, якія яна прадавала менш як праз год пасьля набыцьця.

Навошта выкарыстоўвалася такая схема, невядома. Выданьне не выключае, што за ёй маглі стаяць нестандартныя ўмовы продажу, зьніжка або нефармальная растэрміноўка.

Ірэна Ярэміч раней працавала прыбіральшчыцай, а ў пэўны пэрыяд была аформленая дворнікам. Пра гэта ў ранейшых інтэрвію расказвала яе дачка Бажэна.

Бажэне Ярэміч цяпер 27 гадоў. У 2021 годзе, ва ўзросьце 21 году, яна ўзначаліла Нацыянальную школу прыгажосьці. Цяпер яна таксама дэпутатка Менскага гарадзкога савету і рэгулярна ўдзельнічае ў мерапрыемствах з Аляксандрам Лукашэнкам.

Уладальнік «Тапасу» Павал Белы — бізнэсовец і хакеіст, які раней гуляў у камандзе Лукашэнкі. Кампанія займаецца будаўніцтвам жылой і камэрцыйнай нерухомасьці ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нацыянальная школа прыгажосьці звазіла мадэляў на баявыя трэнаваньні. На адным з інструктараў заўважылі нашыўку, падобную да вагнэраўскай