Пасьля ўкраінскіх удараў па цэнтрах «Яндэксу» ў Расеі назіраецца маштабны збой у працы інтэрнэту

Ілюстрацыйнае фота

Удары пацэлілі ў цэнтры апрацоўкі даных (ЦАД) у Разанскай вобласьці і Калузе. Экспэрты мяркуюць, што праблемы з працай расейскага сеціва могуць павялічыцца.

У расейскім сэгмэнце інтэрнэту адбыўся маштабны збой пасьля ўдараў украінскіх дронаў па двух цэнтрах апрацоўкі даных, піша «Настоящее время».

Тысячы карыстальнікаў скардзіліся на немагчымасьць зайсьці на сайты РЖД, парталу нерухомастці ЦИАН, супэрмаркетаў «Пятёрочка», «Лента» і «Магнит». Таксама не працавалі службы банкаў «Т-Банк», «Альфа-банк», «Совкомбанк», партал аб’яў і продажаў «Авито», службы Google, YouTube, «Рутьюб» і шэраг іншых.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў 8 кастрычніка, што ўдары УСУ былі адказам на ўдары Расеі па цэнтры апрацоўкі даных у Кіеве ў канцы верасьня. Агулам былі пашкоджаныя або зьнішчаныя цэнтры апрацоўкі як мінімум васьмі ўкраінскіх кампаній. Расейскае Мінабароны зьдзекліва называла гэтыя ўдары «лічбавым дэтаксам у прымусовым рэжыме».

Украінцам удалося трапна пацэліць у расейскія цэнтры, нягледзячы на тое, што «Яндэкс-карты» схавалі на мапах месцы разьмяшчэньня цэнтраў у Маскоўскай, Калускай, Уладзімірскай і іншых вобласьцях, у тым ліку і той цэнтар, які атакавалі ў Разанскай вобласьці.

Каардынатар праектаў eQualitie Леанід Юлдашаў расказаў у этэры «НВ», што ад удараў УСУ пацярпела працаздольнасьць і самога «Яндэксу», і іх сыстэмы Yandex Cloud для віртуальных сэрвэраў, а яе выкарыстоўваюць многія расейскія прадпрыемствы.

Юлдашаў адзначыў, што пасьля «закону аб прызямленьні», які абавязвае захоўваць зьвесткі расейскіх карыстальнікаў унутры Расеі, гэтая дзяржава паставіла сябе ў становішча, калі якія хаця «бэкапы» могуць знаходзіцца толькі ўнутры краіны. Гэта і дзяржаўныя сайты з сэрвісамі, а таксама тыя, якія ёсьць інфраструктурай расейскага «сувэрэннага інтэрнэту».

«Адпаведна, калі ўдарыць па тых ЦАД, на якіх працуюць мэсэнджар Max ці „Госуслуги“, ці Яндэкс.Таксі, то карыстальнікі сутыкнуцца зь недасяжнасьцю службаў і зьнікненьнем даных. Акрамя таго, ЦАДы доўга і дорага будаваць. Іх у „Яндэкса“ — шэсьць у Расеі, зь Фінляндыі яны сышлі. У гэтым сэнсе шэсьць такіх нападаў — і „Яндэкс“ застанецца без інфраструктуры».

Збудаваць адзін такі ЦАД каштуе дорага і на яго пойдуць у лепшым выпадку два гады, гаворыць Юлдашаў. Перакінуць усе зьвесткі ў шматлікія меншыя будынкі па ўсёй Расеі будзе надзвычай складана тэхнічна, і можа быць яшчэ даражэй.

Чаму ўкраінскія сайты і службы пацярпелі меней?

Гэтаму ёсьць адно дакладнае тлумачэньне. На думку экспэрта, украінскія кліенты шэрагу службаў нават не заўважылі праблемаў, нягледзячы на зьнішчэньні або пашкоджаньні ЦАДаў ува Ўкраіне. Усё таму, што Ўкраіна не забараняла запасныя ЦАД і сховішчы інфармацыі за мяжою, таму ўсё ўдалося адпрацаваць даволі хутка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Толькі калі гэта будзе рашэньне не беларускіх уладаў». Ці магчыма ў Беларусі цалкам адключыць інтэрнэт і як да гэтага падрыхтавацца

Што адбылося?

У ноч на 8 кастрычніка УСУ атакавалі ЦАД кампаніі «Яндэкс» у горадзе Сасава Разанскай вобласьці. Адбыўся пажар, цэнтар цалкам спыніў працу. 9 кастрычніка ўвечары ў кампаніі заявілі, што пакуль ня ведаюць, ці магыма аднавіць абсталяваньне.

У ноч на 9 кастрычніка пасьля нападу ўкраінскіх дронаў у Калузе пацярпела частка інфраструктуры яшчэ аднаго ЦАДу кампаніі, некалькі модуляў былі цалкам выведзеныя з ладу. «Праз гэта частка службаў Яндэксу можа працаваць зь перабоямі. Поўны маштаб шкоды зараз ацэньваецца. На месцы працуюць экстраныя службы і адмыслоўцы кампаніі. Пацярпелых няма», — заявілі ў прэс-службе «Яндэксу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія «Яндекс маркет» і Ozon таксама ня будуць кампэнсаваць страты ў разе атакі дронаў. Беларускія вытворцы прадаюць там свае тавары