За студзень-верасень сёлета на Гомельшчыне загінула ўдвая больш дзяцей, чым за такі самы пэрыяд 2025 году, паведамілі ў пракуратуры. На першым месцы сярод прычынаў сьмерці застаюцца самагубствы.
За дзевяць месяцаў у вобласьці зафіксавалі 22 факты гібелі дзяцей з вонкавых прычынаў. Акрамя самагубстваў прычынамі часта ёсьць ДТЗ, утапленьні і пажары.
Пракурорскія праверкі паказалі, што «асноўнымі прычынамі самагубстваў падлеткаў сталі адсутнасьць наладжаных адносін дзяцей зь бацькамі і бескантрольнасьць з боку бацькоў».
Прычыны, якія нярэдка спадарожнічалі трагедыі, — парушэньні ў працы суб’ектаў прафіляктыкі, адзначылі ў пракуратуры.
«У асобных установах псыхоляга-пэдагагічная служба функцыянавала фармальна. Не заўсёды пэдагогі ажыцьцяўлялі належнае назіраньне за паводзінамі навучэнцаў, іх эмацыйным і фізычным станам».
Значная колькасьць дзяцей загінула ў выніку дарожна-транспартных здарэньняў. І часьцяком, як заявілі ў пракуратуры, якраз падлеткі былі прычынаю ДТЗ.
Няпростае становішча з самагубствамі дзяцей і падлеткаў ёсьць таксама ў Менску. У сталіцы з пачатку году ў выніку самагубстваў загінулі больш падлеткаў, чым за ўвесь 2025 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У пачатку жніўня ў Беларусі з вокнаў выпалі ўжо трое дзяцейЧаму дзеці разьвітваюцца з жыцьцём?
Праблема падлеткавай псыхалёгіі вечная. Часта, сутыкаючыся з рознымі жыцьцёвымі выклікамі і не знаходзячы падтрымкі ў дарослых, дзеці наважваюцца на радыкальныя меры і расстаюцца з жыцьцём.
Свабода раней ужо зьвяртала ўвагу на такую праблему і адзначала яе вастрыню. У 2024 годзе, гаворачы пра агульны фон, адмыслоўцы адзначалі, што ў пачатку 2000-х суіцыдаў было больш за 20 выпадкаў на 100 тысяч чалавек, а ў 2024 годзе — адпаведна 6,5 выпадку, то бок прыкладна ў 3-4 разы менш. Аднак пры гэтым у 2023 годзе службы адзначылі, што павялічылася колькасьць парасуіцыдаў (няскончаных самагубстваў) сярод падлеткаў: 2816 выпадкаў за першыя паўгода 2024 году.
Пэдагогі штогод запаўняюць шкалу ацэнкі суіцыдальнай рызыкі для кожнага дзіцяці зь 10 гадоў. Яны фіксуюць спробы самагубстваў, ацэньваюць узровень дэпрэсіі, трывожнасьці, пазначаюць, ці ўжывае падлетак алькаголь і наркотыкі, апісваюць асабістыя рысы дзіцяці, зьвяртаюць увагу на асаблівасьці сям’і, на складаныя падзеі ў жыцьці.