Аляксандар Лукашэнка чарговы раз заклікаў краіны Садружнасьці незалежных дзяржаваў (СНД) да адзінства, найперш у эканоміцы, і чарговы раз пакрытыкаваў улады Малдовы за рашэньне выйсьці з арганізацыі дзеля эўрапейскай інтэграцыі.
«Гэта, вядома ж, ня выбар простых малдаван, а рашэньне кіраўніцтва. Мяркую, недальнабачнае. Прычым яно само гэта разумее і намагаецца захаваць удзел у дамове аб зоне свабоднага гандлю», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Лукашэнка заклікаў кіраўніцтва Малдовы «захаваць магчымасьць для простых грамадзян гэтай краіны не разрываць каналы ўзаемадзеяньня хаця б на першапачатковым этапе».
«Гісторыя заўсёды паўтараецца. У нас ужо ёсьць досьвед выхаду Грузіі з СНД. Але сёньня мы бачым, як мяняецца сытуацыя. Відавочна, што вяртацца да нармальных дачыненьняў лягчэй па наежджанай каляіне мэханізмаў Садружнасьці. Ды і запускаць больш сур’ёзныя фарматы паглыбленьня супрацы прасьцей, калі маеш базіс нашай Садружнасьці», — заявіў ён.
31 кастрычніка 2024 году ў Малдове прайшоў рэфэрэндум, па выніках якога 50,35 % выбарнікаў прагаласавалі за ўключэньне ў Канстытуцыю палажэньня аб эўраінтэграцыі, а 49,65 % выказаліся супраць. Рэфэрэндум адбываўся на тле моцнага расейскага ціску на Малдову і яе грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Малдова выказала Расеі пратэст супраць умяшаньня ў выбары і рэфэрэндум аб сяброўстве ў ЭўразьвязеЛукашэнка спрабаваў пагаварыць з Пашыньянам
Саміт СНД праходзіць у Туркмэністане. У ім бярэ ўдзел і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, які ўжо некалькі гадоў ігнаруе ўсе сустрэчы ў межах СНД і ЭАЭС, што адбываюцца на тэрыторыі Беларусі.
Традыцыйна перад пачаткам пасяджэньня Савету кіраўнікоў дзяржаваў СНД адбылося агульнае фатаграфаваньне яго ўдзельнікаў. Армянскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Armenpress распаўсюдзіла відэазапіс гэтай часткі пратаколу. На ім бачна, што Аляксандар Лукашэнка, якія стаяў побач з Ніколам Пашыньянам, спрабаваў зь ім пагаварыць. Ён дакрануўся да рукі армянскага прэм’ера і нешта яму сказаў. Другую спробу пагаварыць з Пашыньянам Лукашэнка зрабіў адразу пасьля фатаграфаваньня. Паводле пратаколу СНД, для агульнага фота ўдзельнікі самітаў займаюць месцы пад сьцягамі дзяржаваў, якія разьмяшчаюцца згодна з расейскім альфабэтам.
2 кастрычніка ў Менску падчас сустрэчы з удзельнікам Эўразійскага міжурадавага савету Лукашэнка раскрытыкаваў Армэнію за інтэграцыю ў Эўразьвяз. Нікол Пашыньян адсутнічаў на сустрэчы прадстаўнікоў краін ЭАЭС з Аляксандрам Лукашэнкам, але па відэасувязі ўдзельнічаў у пасяджэньні самога савету.
13 чэрвеня 2024 году армянскі прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Лукашэнка. Пашыньян сказаў гэта пасьля заяваў Лукашэнкі пра карабаскі канфлікт на сустрэчы з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня.