Ужо сёньня: у космас упершыню паляцеў беларус Уладзімер Кавалёнак

Уладзімер Кавалёнак

Падзеі 9 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

З 9 па 11 кастрычніка 1977 году беларус Уладзімер Кавалёнак зьдзейсьніў свой першы палёт у космас на касьмічным караблі «Саюз-25» (пазыўны «Фатон-1»). Ён быў камандзірам карабля. Кавалёнак лятаў у космас тройчы(яшчэ ў 1978 і 1981 гадах) і правёў там агулам 216 дзён.

Таксама ў гэты дзень

1610 — войскі Рэчы Паспалітай занялі Маскву на запрашэньне і са згоды тагачаснага ўраду — Сямібаяршчыны. Гарнізон займаў горад да 7 лістапада 1612 году.

1618 — пачалося Магілёўскае паўстаньне супраць царкоўнай уніі. Месьцічы не пусьцілі ў горад Язафата Кунцэвіча.

1621 — пад Хацінам войска Рэчы Паспалітай і запароскіх казакоў стрымала наступ асманцаў пасьля больш як месячнага супрацьстаяньня. Султан Асман ІІ быў вымушаны адмовіцца ад ідэі заваяваньня новых тэрыторый і адступіў.

1708 — у ходзе Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў расейскае войска пад камандаваньнем Пятра I і Меншыкава ў бітве каля вёскі Лясная, непадалёк ад Прапойску, цяперашняга Слаўгарада, разьбіла швэдзкі корпус Адама Людвіга Левэнгаўпта, які вёз падмацаваньне і вялікі абоз войску Карла XII.

1874 — заснаваны Сусьветны паштовы зьвяз.

1760 — узяцьцё Бэрліну расейскімі і аўстрыйскімі войскамі падчас Сямігадовай вайны. Пруская сталіца заставалася пад іхным кантролем некалькі дзён.

1920 — польскія войскі 1-й літоўска-беларускай дывізіі генэрала Люцыяна Жалігоўскага занялі Вільню. Праз паўтара году тут адбудуцца выбары ў часовы сойм Сярэдняй Літвы, а ўжо гэты сойм прыняў рашэньне пра далучэньне Сярэдняй Літвы да Польшчы. У складзе Польшчы гэты край прабудзе да 1939 году.

У гэты дзень нарадзіліся

1922 — беларуская акторка Тацяна Аляксеева, заслужаная артыстка Беларусі.

1924 — Аляксандар Аксёнаў, беларускі і савецкі дзяржаўны і палітычны дзяяч. Міністар унутраных спраў БССР (1960–65), старшыня Савету Міністраў БССР (1978–1983), амбасадар СССР у Польскай Народнай Рэспубліцы (1983–85), старшыня Дзяржаўнага камітэту СССР па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні (1985–89).

1940 — Джон Ленан, легендарны брытанскі рок-музыка.

1984 — Валярына Кустава, паэтка і тэлевядоўца.

У памяці

1929 — Адам Лісоўскі, адзін з заснавальнікаў беларускага хрысьціянскага руху, каталіцкі сьвятар. Пераклаў на беларускую мову часткі Новага Запавету: Апакаліпсіс, Апостальскія дзеі, лісты сьвятога Паўла.

1967 — Эрнэста Чэ Гевара, аргентынскі рэвалюцыянэр.

1976 — Павал Пракапеня, беларускі, польскі і расейскі опэрны сьпявак

1978 — Жак Брэль, бэльгійскі сьпявак і актор.

Жак Брэль, 1966 год

1991 — Іван Клімаў, савецкі партыйны дзяяч. У верасьні 1939 быў прызначаны галоўным упаўнаважаным па арганізацыі грамадзкай адміністрацыі ў занятай саветамі Вільні і на заходнебеларускай тэрыторыі. Каардынаваў выяўленьне і рэпрэсаваньне рэальных і патэнцыйных праціўнікаў савецкай улады на далучаных землях.

2012 — Сяржук Цімохаў, беларускі мастак, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х – пач. ХХІ ст.

Сяржук Цімохаў