У Беларусі абвясьцілі ў вышук трох беларускіх выдаўцоў

Андрэй Янушкевіч

Улады Беларусі абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук выдаўцоў Яраслава Іванюка, Ігара Логвінава і Андрэя Янушкевіча, заўважыла «Люстэрка».

Іхныя імёны 6–8 кастрычніка зьявіліся ў базе Міністэрства ўнутраных справаў РФ, якую абнаўляе «Медиазона».

Ігар Логвінаў

Яраслаў Іванюк

Чаму гэта важна

У Беларусі працягваецца зачыстка ўладамі культурнай прасторы.

Беларускі ПЭН зафіксаваў 738 парушэньняў культурных правоў толькі за студзень—чэрвень 2026 году. 15 культурных і адукацыйных арганізацыяў за гэты час былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». На 15 жніўня ў няволі ня менш за 126 дзеячаў культуры, а колькасьць забароненых кніг дасягнула 375.

У лютым 2026-га ў Беларусі прайшла хваля затрыманьняў выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў — «Вясна» паведамляла як мінімум пра 10 затрыманых. Выдаўца і перакладніка Дзьмітрыя Коласа вызвалілі і выслалі з краіны 16 верасьня.

У Беларусі сёлета абвясьцілі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» выдавецтвы Kamunikat.org, Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing і Gutenberg Publisher.

Менскае выдавецтва «Тэхналёгія» спыніла працу, як і кнігарня Knihi.by, якую таксама ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Спэцыяльны дакладчык пра стан правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс адзначыў, што рэпрэсіі ў Беларусі «ўключаюць у сябе сыстэматычную перабудову культурнай прасторы, сыстэмы адукацыі, выкарыстаньня мовы і гістарычных наратываў». «Задушэньне культурных правоў мае доўгатэрміновы ўплыў, бо мова, памяць і культурная вытворчасьць, якая сёньня душыцца, ня можа быць лёгка перададзена будучым пакаленьням», — гаворыцца ў дакладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«70 тысяч файлаў». Сайт беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org аднавіў працу

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

15 тысяч эўра на «няўдзячную справу». Як выдаўцы змагаюцца за беларусізацыю бэстсэлераў сусьветнай літаратуры