У Слуцкім раёне завяршылі расьсьледаваньне крымінальнай справы аб парушэньні правілаў дарожнага руху і выкарыстаньня транспартных сродкаў, у выніку якога пацярпелі чатыры чалавекі. Яны атрымалі цяжкія і менш цяжкія цялесныя пашкоджаньні, паведаміў Сьледчы камітэт.
Недазволеныя вулічныя гонкі адбыліся ўвечары 26 ліпеня 2025 году каля вёскі Вялікі Быкаў Слуцкага раёну. У час фінальнага заезду 32‑гадовая мясцовая жыхарка за стырном пазадарожніка Range Rover вырашыла паспаборнічаць у хуткасьці са сваім мужам, які кіраваў Subaru Impreza.
Пасьля фінішу аўтамабілі павярнуліся, каб вярнуцца да месца старту. Кіроўца Subaru паступова зьніжаў хуткасьць, а Range Rover працягваў рухацца з хуткасьцю ня меншай за 100 км/г пры дазволеных 90 км/г.
Паводле матэрыялаў сьледзтва, жанчына бачыла наперадзе людзей і аўтамабілі, але ня стала спыняцца.
На вялікай хуткасьці пазадарожнік сутыкнуўся з аўтамабілем мужа, пасьля чаго выехаў на правую ўзбочыну. Там ён зьбіў траіх мінакоў, а затым урэзаўся ў прыпаркаваны Volkswagen Golf. Ад удару легкавы аўтамабіль адкінула ў кювэт, а ў салёне знаходзілася пасажырка.
Сярод пацярпелых была сямейная пара. З прычыны затору яны спыніліся каля дарогі і пайшлі ўздоўж узбочыны, каб высьветліць прычыну. Пераканаўшыся, што наперадзе няма аварыі, муж і жонка вярталіся да свайго аўтамабіля. У момант наезду яны стаялі спінай да пазадарожніка, які набліжаўся да іх.
У час расьсьледаваньня высьветлілася, што тармазная сыстэма Range Rover мела тэхнічную няспраўнасьць: мэталічны трубаправод задняга левага кола праржавеў. Аднак судовая аўтатэхнічная экспэртыза паказала, што нават пры гэтай няспраўнасьці кіроўца мела тэхнічную магчымасьць своечасова спыніць аўтамабіль і пазбегнуць сутыкненьня, калі б трымалася дазволенай хуткасьці і своечасова націснула на пэдаль тормазу.
Машына мужа, Subaru Impreza, паводле высноў экспэртаў, знаходзілася ў спраўным стане.
Судова-мэдыцынскія дасьледаваньні вызначылі ступень цяжкасьці траўмаў. 18‑гадовая жыхарка Салігорску атрымала цяжкія цялесныя пашкоджаньні. Сямейная пара атрымала менш цяжкія пашкоджаньні, якія прывялі да працяглага разладу здароўя. Пашкоджаньні пасажыркі Volkswagen Golf прызналі цяжкімі па прыкмеце невыводнага зьнявечаньня твару.
Сама абвінавачаная ў час сьледзтва сьцьвярджала, што ў момант руху пэдаль тормазу «правалілася». Паводле яе вэрсіі, таму яна нібыта наўмысна накіравала пазадарожнік на аўтамабіль мужа, спрабуючы спыніць некіраваны аўтамабіль.
Жанчына на момант аварыі ня мела судзімасьцяў, але неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньні Правіл дарожнага руху.
Дзеяньні 32‑гадовай жыхаркі Слуцкага раёну кваліфікаваныя паводле часткі 2 артыкулу 317 Крымінальнага кодэксу — «парушэньне правілаў дарожнага руху і эксплюатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што па неасцярожнасьці пацягнула прычыненьне цяжкага і менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня».
Крымінальную справу перадалі пракурору, які скіруе яе ў суд.
Нелегальныя аўтагонкі ў Беларусі
ДАІ даўно зьвяртае пільную ўвагу на праблему з падпольнымі аўтамабільнымі спаборніцтвамі, сярод іншага называныя «дрыфтынгам» і «стрытрэйсінгам». Такія забавы нясуць ня толькі перавышэньне дазволенай хуткасьці на дарогах, але й вялікую небясьпеку іншым аўтамабілям і мінакам.
Здарэньне на Случчыне далёк не адзінае. Напрыклад, яшчэ ў 2016 годзе ў Менску Кірыл Філіпчык пайшоў у кіраваны занос на Плошчы Перамогі, нават заехаў на пляцоўку ля Вечнага агню, што потым стала прадметам доўгага разьбіральніцтва. У выніку кіроўцу далі тры гады калёніі агульнага рэжыму.
Сёлета таксама ўжо здараліся іншыя выпадкі.
У жніўні 2026 году на арэндным BMW у цэнтры Менску кіроўца некалькі разоў пайшоў у кіраваны занос на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Леніна. Яго аштрафавалі на 15 базавых велічынь (675 рублёў) і пазбавілі права кіраваньня аўтатранспартам на год.
Крыху раней, у канцы чэрвеня пад Уздою міліцыя разагнала аўтамабільны фэстываль, на які не далі дазволу ўлады. Каля вёскі Трысьцінец Узьдзенскага раёну больш за 250 легкавікоў прыпаркаваліся ўздоўж трасы на спаборніцтвы ў дрыфце. На іх у лесе побач сабраліся каля 600 гледачоў.