Фэдэрацыя футболу Беларусі зноў паскардзілася на паводзіны фінаў. Што гэтым разам?

Гульцы зборнай Фінляндыі перад першай сустрэчай зь беларусамі выйшлі на поле ў саколках з просьбай аб міры ўва Ўкраіне. Яе выканалі ў колерах Украіны

Паўторны матч беларускай і фінскай зборных таксама завяршыўся размовамі па-за полем.

Сустрэча Лігі нацый 6 кастрычніка была намінальна хатняй для зборнай Беларусі, а таму, як раней пастанавіла УЭФА, прайшлі без прысутнасьці заўзятараў, і не ў Беларусі, а ў Вугоршчыне.

Калі пасьля гульні ў Хэльсынках кіраўніцтва беларускай футбольнай фэдэрацыі заявіла пра кепскія паводзіны заўзятараў, якія намалявалі Лукашэнку ў выглядзе таракана і засьвісталі дзяржаўны гімн Беларусі, павесіўшы на сваёй трыбуне нацыянальны беларускі бел-чырвона-белы сьцяг, дык гэтым разам незадаволенасьць у АБФФ выклікалі паводзіны фінскіх гульцоў.

Гульня ў Фінляндыі скончылася нулявой нічыёй, а ў Будапэшце беларусы перамаглі 1:0 дзякуючы голу ўжо на 15-й сэкундзе сустрэчы. Пасьля фінальнага сьвістку, які зафіксаваў перамогу зборнай Беларусі, фіны адмовіліся паціснуць рукі беларускім гульцам.

Першы намесьнік старшыні АБФФ Андрэй Васілевіч пракамэнтаваў паводзін фінаў, ягоныя словы падае тэлеграм-канал «Спорт Беларуси»:

«Гэта непрыгожа з боку спартоўцаў. Вы гулялі на футбольным полі, вас у сумленнай барацьбе абгулялі. Вы былі надзеленыя невялікай перавагай, бо да вас быў ляяльны арбітар, ён стараўся паскорыць гульню адлікам сэкундаў. Вы прагулялі на полі, так будзьце, перш за ўсё, годнымі мужчынамі і годна прыміце паразу. Але раз яны так успрымаюць прагуляны паядынак, варта рабіць выснову, што для іх важней іншыя каштоўнасьці, чым спорт і стаўленьне да спартоўцаў».

Ці будзе УЭФА правяраць выказваньні Васілевіча пра арбітраж сустрэчы, пакуль невядома. Але рэглямэнт забараняе выносіць у публічную прастору адмоўнае стаўленьне да працы судзьдзяў. Асобныя беларускія каналы не знайшлі ў працы галоўнага судзьдзі вялікіх памылак і падтрымкі фінскай зборнай. Пагатоў беларусы ў першай палове атрымалі права на 11-мэтровы ўдар, але капітан зборнай Захар Волкаў прагуляў двубой брамніку фінаў.

Што тычыцца адліку сэкундаў, пра які гаварыў чыноўнік з АБФФ, дык гэта патрабаваньне УЭФА да судзьдзяў, каб пільнавалі ўвядзеньне мяча ў гульню з мэтай недапушчэньня зацягваньня часу камандай, якая вядзе ў ліку.

Што папярэднічала

На мінулым тыдні АБФФ напісала афіцыйную скаргу на арганізатараў сустрэчы Лігі нацый у Хэльсынках.

Заўзятары на стадыёне абсьвісталі афіцыйны гімн Рэспублікі Беларусі. Запіс, які гэта пацьвярджае, апублікавала жонка паўабаронцы зборнай Беларусі Яўгена Яблонскага Крысьціна. Яна раней працавала на дзяржаўнай тэлевізіі, а тут была на трыбуне для журналістаў у шаліку зь дзяржаўнай сымболікай.

Яшчэ перад сустрэчай фінскі бок аявіў, што ўсе зборы за білеты пойдуць на дапамогу Ўкраіне.

Таксама заўзятары на трыбунах вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. І калі нацыянальны сымбаль беларусаў трапляў у кадар, дзяржаўная тэлевізія Беларусі закрывала яго загадзя падрыхтаваным кадрам з выявай трыбунаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларуская фэдэрацыя футболу паскардзілася на «ўмовы сустрэчы ў Фінляндыі». Фінскія заўзятары намалявалі Лукашэнку ў выглядзе таракана


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускі хірург у Фінляндыі: «Вяртацца працаваць у Беларусь ніхто ня хоча»