Міграцыйны ціск зь Беларусі на Латвію набыў новыя формы. Як паведамілі Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі, на гэтым тыдні група як найменей з 20 мігрантаў пад кіраўніцтвам людзей у масках спрабавала незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу Латвіі.
Латвійскія вайскоўцы спынілі гэтую спробу, аднак, у адрозьненьне ад папярэдніх выпадкаў, гэтым разам правакацыя мела асабліва дэманстратыўны і агрэсіўны характар, адзначаецца ў паведамленьні. Людзі, якія суправаджалі мігрантаў, былі ўзброеныя і пагражалі латвійскім вайскоўцам, а таксама актыўна падганялі мігрантаў у бок Латвіі.
Празь некалькі гадзінаў пасьля гэтага здарэньня людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі разьмеркавальную электрычную шафу і скралі камэры назіраньня. Яшчэ да прыбыцьця нараду памежнікаў яны вярнуліся на тэрыторыю Беларусі, паведаміў міністар унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава ў X.
«Беларусі варта разумець, што падобныя выпадкі могуць прывесьці да больш сур’ёзных наступстваў для самой Беларусі», — зазначыў ён.
6 кастрычніка Кабінэт міністраў Латвіі пастанавіў працягнуць да канца гэтага году апэрацыю «Ваўкалак» на беларускім памежжы. Яе праводзяць з 11 жніўня для барацьбы зь нелегальнай міграцыяй.
У паведамленьні адзначаецца, што выкарыстаньне міграцыі як інструмэнту з боку Беларусі ёсьць гібрыднай пагрозай для Латвіі.
Сёлета на латвійскай мяжы разьвярнулі 11 тысяч мігрантаў, якія хацелі перайсьці па-за пунктам пропуску. Знайшлі 2 тунэлі. Распачалі 155 крымінальных справаў. Парлямэнт разглядае папраўкі, якія павялічаць пакараньне за арганізацыю незаконнага перасячэньня мяжы да 12 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Эстоніі за апошнія месяцы затрымалі амаль 300 мігрантаў, якія незаконна трапілі туды зь Беларусі праз ЛатвіюЧаму гэта важна
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў уважаюць яго за «гібрыдную атаку», арганізаваную рэжымамі ў Менску і Маскве.
Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Эўразьвяз празь Беларусь, бо тых туды нібыта «паклікалі», а сам ЭЗ «душыць» Менск санкцыямі.
Улады суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў Эўразьвязу разглядаюць нелегальную міграцыю церазь усходнюю мяжу як інструмэнт гібрыднага ціску.
Міністар унутраных справаў Латвіі Яніс Домбрава 11 жніўня заявіў, што арганізацыя плыняў нелегальнай міграцыі церазь беларуска-латвійскую мяжу — адна з формаў гібрыднай вайны. Ён таксама падкрэсьліў, што «Расея выкарыстоўвае Беларусь для гібрыдных атак».
У 2026 годзе Латвія стала найбольш актыўным кірункам мігранцкага крызісу.