У Эстоніі за апошнія месяцы затрымалі амаль 300 мігрантаў, якія незаконна трапілі туды зь Беларусі праз Латвію

Талін, Эстонія. Ілюстрацыйнае фота

У апошнія дні з Латвіі ў бок Эстоніі прыбываюць усё больш мігрантаў, якія да таго незаконна перасеклі беларуска-латвійскую мяжу.

Як паведаміла выданьне err.ee, Талінскі цэнтар утрыманьня амаль цалкам запоўнены, а паміж затрыманымі адбываюцца частыя канфлікты. Улады Эстоніі плянуюць вярнуць большасьць затрыманых у Латвію.

З канца ліпеня паліцыя затрымала ўжо амаль 300 чалавек, якія незаконна трапілі ў Эстонію зь Беларусі праз Латвію. Апошнім часам сярод іх усё больш грамадзян афрыканскіх краін — Самалі, Эрытрэі, Этыёпіі, але бывае, што высьветліць асобу мігранта вельмі складана.

«Мы часта бачым, што яны хлусяць. Насамрэч нам хлусяць больш за палову людзей — аб сваім гендэры, узросьце, даце нараджэньня або краіне паходжаньня. Яны вельмі шмат хлусяць. Прычыны гэтага цалкам зразумелыя. Ім даюць нейкую легенду, якую яны павінны расказваць, і яны мяркуюць, што такім чынам можна неяк злоўжываць нашымі сыстэмамі», — сказаў кіраўнік бюро памежнай аховы Пых’яскай прэфэктуры Індрэк Ару.

Часьцей Эстонія для такіх людзей — не канцавы пункт, а толькі транзытная краіна на шляху ў скандынаўскія або іншыя эўрапейскія краіны. Пасьля затрыманьня іх разьмяшчаюць у Талінскім ізалятары. Апошнім часам затрыманых там рэзка пабольшала, паліцыя мусіла накіраваць туды дадатковыя сілы для захаваньня парадку.

«Для нас сытуацыя таксама ўскладнілася. Вялікіх этнічных канфліктаў мы не назіраем, але здараюцца побытавыя. Напрыклад, нехта хоча глядзець у тэлевізары адзін канал, а іншая група — іншы канал. Або нехта спрабуе атрымаць ежу па-за чаргой, бо баіцца, што яму ежы ня хопіць», — дадаў Індрэк Ару.

Паводле яго, пакуль паліцыянтам удаецца вырашаць канфлікты мірным шляхам.

У мясцовых судах таксама пабольшала хадайніцтваў аб разьмяшчэньні затрыманых у цэнтры ўтрыманьня. «Учора была нядзеля. Выходны дзень. Я разам з двума сакратарамі судовых паседжаньняў, якія мне дапамагалі, накіраваліся ў цэнтар, бо трэба было разьвязаць пытаньне аб разьмяшчэньні пад вартай дваццаці чалавек. Так што а 10-й мы выехалі, а дадому я вярнулася толькі ўвечары», — паведаміла журналістам судзьдзя Талінскага адміністрацыйнага суду Марэт Халікмаа.

Шмат затрыманых спрабуюць займець у Эстоніі статус уцекача, аднак большасьць тых, хто прыбыў з Латвіі, адпраўляюць назад. Апошнім часам паліцыя вярнула ў Латвію амаль 100 мігрантаў. Яшчэ некалькі апэрацыяў выправаджэньня заплянавалі на гэтым тыдні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

З пачатку году Латвія спыніла 11 тысяч спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі

Чаму гэта важна

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў уважаюць яго за «гібрыдную атаку», арганізаваную рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Эўразьвяз празь Беларусь, бо тых туды нібыта «паклікалі», а сам ЭЗ «душыць» Менск санкцыямі.

Улады суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў Эўразьвязу разглядаюць нелегальную міграцыю церазь усходнюю мяжу як інструмэнт гібрыднага ціску.

Міністар унутраных справаў Латвіі Яніс Домбрава 11 жніўня заявіў, што арганізацыя плыняў нелегальнай міграцыі церазь беларуска-латвійскую мяжу — адна з формаў гібрыднай вайны. Ён таксама падкрэсьліў, што «Расея выкарыстоўвае Беларусь для гібрыдных атак».

У 2026 годзе Латвія стала найбольш актыўным кірункам мігранцкага крызісу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Латвіі праходзяць парлямэнцкія выбары. Чаму важныя іх вынікі. ФОТА