У сакавіку 2027 году ў Менску пройдзе міжнародная алімпіяда ў штучным інтэлекце AI.BY. Пра гэта паведаміла газэта «СБ» з спасылкай на Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк.
У тэхнапарку адзначылі, што алімпіяда стане знакавай падзеяй у галіне ШІ. Яна будзе праходзіць з 16 па 20 сакавіка. Кожная краіна зможа накіраваць адну афіцыйную каманду зь пяці вучняў і двух мэнтараў.
Вучні павінны быць маладзейшымі за 19 гадоў, па стане на 1 лютага 2027 году мець пашпарты краіны, якую яны прадстаўляюць, або атрымліваць сярэднюю адукацыю ў гэтай краіне больш за адзін навучальны год.
Рэгістрацыя будзе даступнай на афіцыйным сайце тэхнапарку з 4 па 30 студзеня.
«У нашай краіне тэхналёгіям штучнага інтэлекту надаецца прыярытэтная ўвага. Рэалізуецца нацыянальная канцэпцыя разьвіцьця штучнага інтэлекту, створана бесьперапынная сыстэма падрыхтоўкі кадраў — ад спэцыялізаваных зьменаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку да адкрыцьця новых ШІ-спэцыяльнасьцяў у галоўных установах вышэйшай адукацыі. Вядзецца праца ў разьвіцьці міжнародных адукацыйных цэнтраў, арганізацыі маштабных мерапрыемстваў для выяўленьня адораных маладых людзей і ўмацаваньня навукова-тэхнічных сувязяў паміж нашымі ведамствамі», — заявілі ў арганізацыі.
Штучны інтэлект у Беларусі
Улады Беларусі актыўна ўводзяць штучны інтэлект. Найперш дзеля таго, каб больш эфэктыўна кантраляваць людзей і праводзіць рэпрэсіі.
У верасьні 2026 цэнтар BiPart прэзэнтаваў дасьледаваньне пра выкарыстаньне штучнага інтэлекту ў дзяржаўным кіраваньні Беларусі. Прааналізаваўшы лічбавую мадэрнізацыю сыстэмы кіраваньня дзяржавай, праведзеную за апошнія 10 гадоў, дасьледчыкі прыйшлі да несуцяшальнай высновы. Ва ўмовах адсутнасьці дэмакратычных свабодаў і грамадзкага кантролю выкарыстаньне штучнага інтэлекту ў кіраваньні прывядзе да павелічэньня кантролю за людзьмі, звужэньня іх правоў і пашырэньня несвабоды.
Сярод тых, хто найбольш цікавіцца разьвіцьцём ШІ ў Беларусі — КДБ і вайсковыя ўстановы.
Акрамя таго, актыўна карыстаецца штучным інтэлектам прапаганда для прасоўваньня поглядаў Лукашэнкі. Напрыклад, перад так званым Днём нацыянальнага адзінства 17 верасьня шэраг дзяржаўных арганізацый паказаў згенэраваныя ШІ відэа і выявы, якія павінны былі прасоўваць дзяржаўны погляд на падзеі 1939 году.