Як вынікае з тэксту адпаведнай пастановы, забаранілі гукаўзмацняльную апаратуру цяпер і пры правядзеньні «каляндарна-абрадавых сьвятаў, накіраваных на папулярызацыю нематэрыяльных культурных каштоўнасьцяў, фальклёру (вуснай народнай творчасьці) і іншых нематэрыяльных праяваў творчасьці чалавека, тэматычных сустрэчаў і вечароў беларускай культуры, гастранамічных падзеяў зь мясцовымі асаблівасьцямі, сямейных урачыстасьцяў з захаваньнем народных звычаяў і традыцыяў».
На такіх захадах, як адзначаецца ў дакумэнце, не дапускаецца «выкарыстаньне ўключанай гукаўзнаўляльнай і гукаўзмацняльнай апаратуры пры адчыненых вокнах і дзьвярах памяшканьняў, яе выстаўленьне ў адчыненыя вокны (на падвоканьні) і на дзьвярах памяшканьняў, на гаўбцах, лёджыях, тэрасах і іншых адкрытых пляцоўках будынкаў і збудаваньняў, тэрыторыі аграэкасядзібаў, разьмяшчэньне на вонкавых паверхнях сьцен будынкаў і збудаваньняў».
Раней гэтую норму распаўсюджвалі толькі на прэзэнтацыі, юбілеі, банкеты, спартова-масавыя, фізкультурна-аздараўленчыя і культурныя захады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Новыя правілы для аграэкасядзіб: захоўваньне рыштунку, барацьба з кляшчамі, гукавая апаратура на мерапрыемствахШто папярэднічала
Сёлета ў чэрвені на грамадзкае абмеркаваньне вынесьлі праект указу Аляксандра Лукашэнкі аб удасканаленьні дзейнасьці садаводчых таварыстваў, які прадугледжваў забарону паслугаў у арганізацыі забаваў і адпачынку, правядзеньні культурна-відовішчных і спартова-масавых захадаў.
У абгрунтаваньні Міністэрства эканомікі патрэбу забароны тлумачылі шматлікімі скаргамі на «масавыя» імпрэзы на здадзеных у арэнду лецішчах. Суседзі цярпяць ад узмоцненага шуму (музыкі, гучных размоваў, крыкаў і гэтак далей), забруджваньня навакольля дымам (мангалы, вогнішчы, паленьне лазьні і гэтак далей), і гэта прыводзіць да «непажаданага ўзаемадзеяньня з суседнімі землекарыстальнікамі і выклікае справядлівую незадаволенасьць».
«... Калі садовы домік здаецца на кароткі час, то бок рэгулярна, то такая прадпрымальніцкая дзейнасьць, што прыносіць даход адным грамадзянам, парушае правы і законныя інтарэсы суседніх землекарыстальнікаў, якія прэтэндуюць на спакойнае баўленьне часу на сваіх зямельных участках у садаводчым таварыстве», — адзначалі ў Міністэрстве эканомікі.
Чаму гэта важна
У Беларусі працуе больш за 1400 аграсядзібаў, у год яны прымаюць 472 тысячы чалавек. На гэты бізнэс пастаянна цісьне дзяржава.
Напрыклад, з 2023 году ўладальнікаў аграсядзібаў абавязалі плаціць падатак на прафэсійны даход — 10% ад прыбытку. Раней яны плацілі фіксаваны збор, што дапамагала, калі сядзіба працуе 3–4 месяцы, а ня круглы год. Цяпер фіксаваны збор яшчэ магчымы як форма падаткаабкладаньня, але толькі з дазволу мясцовых органаў улады. Таксама ўладальнікі аграсядзібаў мусяць плаціць складкі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, калі не афармляюць падатак на прафэсійны даход — 29% ад самастойна вызначанага даходу, але ня менш за складкі ад мінімальнага месячнага заробку. Калі раней дзейнічаў заяўляльны прынцып адкрыцьця, то з 2023 году дазвол на адкрыцьцё аграсядзібы даюць мясцовыя ўлады.
Таксама ў аграсядзібах больш нельга займацца арганізацыяй спартова-масавых і фізкультурна-аздараўленчых захадаў, хоць можна ладзіць актыўныя гульні. Можна таксама праводзіць канцэрты і іншыя культурныя забавы, але паводле дамовы з тымі культурнымі арганізацыямі, якім Міністэрства культуры дазволіла такую дзейнасьць.
Гэтыя навацыі паўплывалі на галіну. З 2021 па 2025 год колькасьць аграсядзібаў зьменшылася ўдвая. За гэты ж час на 16% скарацілася колькасьць турыстаў у гэтых аб’ектах.