«Ты, татуля, жыў годна, адышоў ціха, як ты хацеў — уночы. Даруй, не магу прыехаць і разьвітацца з табою... дзікі час... Матуля памерла, калі я сядзеў на Валадарцы ў 2011, тады мяне вывезьлі на разьвітаньне. Цяпер, тата, даруй мне, не магу правесьці цябе ў апошні шлях... дзікі, дзікі час», — напісаў Зьміцер Дашкевіч на сваёй старонцы ў Facebook.
Зьміцер Дашкевіч паведаміў, што незадоўга да сьмерці размаўляў з бацькам пра ягонае жыцьцё. «Запішыце ўсе-усе ўспаміны бацькоў, пакуль яны жывыя. Малюся, — казаў тата, — каб нам яшчэ пабачыцца. Гэта было няпроста, тата 1938 году. Тата пражыў доўгае, няпростае жыцьцё: дзіцёнкам пад рознымі акупацыямі і скрозь вайну, з маленства ў полі, з юнацтва на адной назе, працаваў і кінамэханікам, і на камбайне, і цаліну падымаў, і на будоўлях, большую частку жыцьця — журналістам, мэдаль ганаровага доктара — кроў здаваў доўгія гады», — дадаў ён.
«Я далёка ад вас, бацькі мае, але я працягну вас, працягну ў сваіх дзецях і справах. А прыйдзе дзень, мы будзем разам, на адной зямлі. Бывай, татка, дзякуй табе за жыцьцё, люблю цябе», — напісаў Зьміцер Дашкевіч.
Выпускнік журфаку, працаваў у Расеі, але вярнуўся ў Беларусь
Вячаслаў Дашкевіч пасьля заканчэньня журфаку Белдзяржунівэрсытэту Вячаслаў Дашкевіч працаваў адказным сакратаром Горацкай раённай газэты на Магілёўшчыне. Потым некаторы час жыў у Магаданскай вобласьці Расеі, дзе працаваў у мясцовых СМІ. У 1985 годзе вярнуўся зь сям’ёй у Беларусь.
Пасьля арышту і суду над ягоным сынам Зьміцерам у адным з інтэрвію Радыё Свабода ён сказаў, што верыць у дабрыню. «Дабрыня ж у шырокім сэнсе слова, па біблейскіх паняцьцях, — любоў бескарысьлівая, якая не чакае якой-небудзь узнагароды за сваю дабрыню», — казаў ён.
Вячаслаў Дашкевіч прызнаваўся, што не адразу ўхваліў палітычную актыўнасьць свайго сына.
«Калі шчыра, то я адразу не ўхваліў такую ягоную палітычную актыўнасьць. Але калі я тры дні запар пабыў каля будынку так званага Дома правасудзьдзя ў Менску, дзе адбывалася судзілішча над маім сынам толькі за тое, што ён думае ня так, як думае афіцыйная ўлада, то ўбачыў, што яго публічна падтрымліваюць сотні людзей, і ня толькі маладафронтаўцы, а й сталыя, умудроныя жыцьцёвым досьведам людзі. І ўсе імкнуліся павіншаваць мяне з такім цудоўным сынам, падбадзёрыць, падкрэсьліць, што я павінен ганарыцца такім мужным сынам. Вось гэта і ёсьць дабрыня. І я веру ў такую дабрыню і такую моладзь. І я ганаруся табою, мой сын, і ўсімі тымі, хто цябе падтрымлівае», — казаў Вячаслаў Дашкевіч у 2007 годзе.