«Сёньня я прывёз канкрэтную дапамогу — чарговы пакет вайсковай дапамогі коштам больш за мільярд эўра. Мы выдзяляем сродкі на сумесную вытворчасьць бесьпілётнікаў, прызначаных для барацьбы з рэактыўнымі дронамі. За апошнія тыдні ў гэтай сфэры былі дасягнуты значныя тэхналягічныя посьпехі, і цяпер мы хутка пераходзім да сэрыйнай вытворчасьці. Гэта хутка і адчувальна ўзмоцніць супрацьпаветраную абарону Украіны», — сказаў Мэрц на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Паводле Мэрца, Нямеччына таксама паставіць дальнабойную зброю, баявыя бесьпілётнікі і спадарожнікавае абсталяванне, каб дазволіць Украіне больш эфэктыўна змагацца з расейскімі ракетнымі ўстаноўкамі.
Мэрц дадаў, што напярэдадні зімы Бэрлін дасьць Украіне дапамогу ў энэргетычным сэктары на суму каля 350 мільёнаў эўра, якая ўключае генэратары, трансфарматарныя падстанцыі і рамонтныя камплекты для аднаўленьня пашкоджанай інфраструктуры.
«Усё гэта дапаможа зьмякчыць наступствы расійскіх нападаў на энэргетычную інфраструктуру і падтрымаць людзей у халодныя зімовыя дні», — адзначыў ён.
Мэрц таксама абвясьціў, што Нямеччына разам з Францыяй і Вялікай Брытаніяй плянуе правесьці ў Бэрліне гэтай зімой сустрэчу «Кааліцыі рашучых» (Coalition of the Willing) спэцыяльна для каардынацыі далейшай дапамогі Ўкраіне.
Як адзначыў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, важна, што пакет дапамогі ад Нямеччыны ўключае як энэргетычную, так і вайсковую падтрымку.
Паводле нямецкага ўраду, з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Ўкраіны 24 лютага 2022 году Бэрлін аказаў Украіне двухбаковую цывільную падтрымку на агульную суму больш за 43,3 мільярда эўра, а таксама даў — ці паабяцаў даць у найбліжэйшыя гады — вайсковую дапамогу коштам прыкладна на 57,6 мільярда эўра.