Пра сьмерць Паснова на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў праваабаронца Павел Левінаў.
Як паведаміў Свабодзе праваабаронца Леанід Судаленка, у нябожчыка няма родных у Беларусі, каб забраць цела для пахаваньня. Таксама дагэтуль у праваабронцаў няма апошняга прысуду, паводле якога Пасноў адбываў пакараньне, бо ў яго быў закрыты суд, і таму ён не прызнаны палітвязьнем.
Вядома толькі, што апошні раз Паснова судзілі па крымінальных артыкулах, зьвязаных з сэксуальным гвалтам. Паводле праваабаронцаў, гэта значыць, што адміністрацыя Наваполацкай калёніі №1 магла перавесьці Паснова ў так званы «нізкі статус», які стварае надзвычай цяжкія ўмовы для вязьня.
Якія канфлікты з ўладамі Пасноў меў у мінулым
Віцебскі лекар Ігар Пасноў быў вядомы сваімі шматлікімі выступамі ў інтэрнэце з крытыкай мясцовых уладаў і стану мэдычных установаў Віцебшчыны. У 2013 годзе пасьля шэрагу крытычных выступаў галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі Алена Мартынава ініцыявала зьмяшчэньне яго на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Суд Віцебскага раёну санкцыянаваў гэтае рашэньне. Пасноў спрабаваў яго аспрэчыць, але беспасьпяхова.
Прымусовае псыхіятрычнае лячэньне ён праходзіў на працягу месяца. Праваабарончая арганізацыя Amnesty International заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Паснова вязьнем сумленьня.
У 2019 годзе Паснова прызналі вінаватым у паклёпе на пракурора Віцебску Юрыя Раманоўскага. Тады суд Бешанковіцкага раёну пад старшынствам судзьдзі Натальлі Рошчынай прызнаў Паснова вінаватым «у распаўсюдзе заведама непраўдзівых выдумак, якія няславяць іншую асобу (паклёп), разьмешчаных у глябальнай сетцы інтэрнэт», і на падставе ч. 2 арт. 188 Крымінальнага кодэксу Беларусі пакараў яго абмежаваньнем волі на 3 гады з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Пасноў разам зь іншым чалавекам тады напісалі заяву, у якой абвінавацілі пракурора Раманоўскага ў тым, што той, карыстаючыся службовай уладай, заступіўся за сяброўку сваёй жонкі, на якую была заведзена крымінальная справа, а пазьней спрыяў яе незаконнаму вызваленьню ад крымінальнага перасьледу. Заява была разасланая па больш чым 20 адрасах (у тым ліку ў Amnesty International, амбасады Вялікай Брытаніі, Латвіі, Чэхіі) і ў той жа дзень апублікаваная на старонках Паснова ў Фэйсбуку і «ВКонтакте».