У Латвіі праходзяць парлямэнцкія выбары. Чаму важныя іх вынікі. ФОТА

На адным з выбарчых участкаў у Рызе, сталіцы Латвіі, 3 кастрычніка 2026 году

Парлямэнцкія выбары ў Латвіі праходзяць на тле пабойваньняў аб павелічэньні пагроз з боку суседніх Расеі і Беларусі.

«Гэта вельмі цяжкія часы. [...] Паколькі мы знаходзімся побач з Расеяй і Беларусьсю, для нас вельмі важна мець лепшую бясьпеку», — працытавала агенцтва AFP 26-гадовую архітэктарку Ганна Кнодзэ, якая ўдзельнічае ў выбарах.

Агенцтва, спасылаючыся на інфармацыю інстытуту SKDS, сьцьвярджае, што паводле папярэдніх апытаньняў лідзіруе правацэнтрысцкая партыя «Аб’яднаны сьпіс» (Apvienotais saraksts) на чале з дзейным прэмʼер-міністрам Андрысам Кулбэргсам — яна набірае больш за 14 адсоткаў галасоў.

Выбарчы плякат партыі, сбпіс якой ачольвае дзейны прэм'ер Латвіі

Аднак не выключаюць, што пазыцыі яго кааліцыі аслабнуць, паколькі папулярнасьць набіраюць папулісцкія партыі, якія акцэнтуюць на эканамічных праблемах у гэтай краіне.

Толькі «моцная эканоміка можа забясьпечыць моцную абарону», — заявіў AFP прэмʼер-міністр Андрыс Кулбэргс у дзень выбараў.

«Гэта задача на наступныя чатыры гады, калі мне давераць кіраваць краінай», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Латвіі выйшаў новы іміграцыйны закон. Грамадзяне Беларусі — у асобнай групе

Якія партыі ўдзельнічаюць у выбарах

Цяперашняя кіроўная кааліцыя складаецца з партый «Абʼяднаны сьпіс», «Новае адзінства», «Саюз зялёных і сялян» і «Нацыянальнае абʼяднаньне». Апытаньні паказваюць, што гэты блёк наўрад ці захавае ўладу ў цяперашнім складзе пасьля галасаваньня.

Папулісцкая партыя «Сувэрэнная ўлада» (Suverēnā vara) на чале з Юліяй Сцепаненка, якую апанэнты абвінавачваюць у прарасейскіх поглядах, набірае паводле апытаньняў больш за 9 % галасоў і можа стаць другой па велічыні партыяй у латвійскім парлямэнце, які складаецца з 100 дэпутатаў і мае адну палату. Партыя выступае супраць вайсковай дапамогі Ўкраіне і далейшага павелічэньня выдаткаў на абарону, засяроджваючы ўвагу на ўнутраных эканамічных праблемах. Нягледзячы на рост папулярнасьці, партыя наўрад ці ўвойдзе ва ўрад, паколькі большасьць буйных партый выключылі магчымасьць супрацоўніцтва зь ёй.

«Мы ня хочам, каб у парлямэнт траплялі прарасейскія дзеячы (што ўжо здаралася), як гэта было цягам больш чым дваццаці гадоў. [...] Нам гэта больш не патрэбна», — сказаў AFP яшчэ адзін выбарнік, 35-гадовы супрацоўнік кампаніі DHL Эдгарс Дарбоніс.

Яшчэ адна папулісцкая сіла, «Латвія перш за ўсё» (Latvija pirmajā vietā), якую ўзначальвае бізнэсовец Айнарс Шлесэрс, можа стаць больш жыцьцяздольным партнэрам у кааліцыі.

Прыхільніца партыі «Латвія перш за ўсё» (Latvija pirmajā vietā), якую ўзначальвае бізнэсовец Айнарс Шлесэрс

Прагрэсісты, праэўрапейская сацыял-дэмакратычная партыя, якая выступае за больш моцную сацыяльную абарону і працяглую падтрымку Ўкраіны, паводле апытаньня атрымлівае прыблізна 6 % працэнтаў галасоў.

Паколькі прыкладна кожны пяты выбарнік усё яшчэ не вызначыўся, канчатковы склад наступнага парлямэнта застаецца нявызначаным. У выбарах удзельнічаюць чатырнаццаць выбарчых сьпісаў, але апытаньні паказваюць, што толькі сем зь іх могуць пераадолець неабходны 5-адсоткавы парог, каб трапіць у парлямэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

З пачатку году Латвія спыніла 11 тысяч спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі

Геапалітыка і эканоміка

Бясьпека застаецца цэнтральнай тэмай палітычных дэбатаў праз чатыры гады пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Латвія, чалец NATO і Эўрапейскага зьвязу з 2004 году, разглядае Расею як сваю галоўную пагрозу бясьпецы і ў адказ значна павялічыла выдаткі на абарону.

Большасьць партый, якія, як чакаецца, трапяць у парлямэнт, падтрымліваюць захаваньне вайсковых выдаткаў на высокім узроўні і працяг дапамогі Кіеву.

На адным з выбарчых участкаў у Рызе

Тым не менш, эканамічныя пытаньні застаюцца вырашальнымі для выбарнікаў. Рост кошту жыцьця, нізкія заробкі, нагрузка на сыстэму аховы здароўя і доўгатэрміновае скарачэньне насельніцтва — усё гэта займае важнае месца ў перадвыбарчых дэбатах.

Зьмяняецца таксама стаўленьне і прадстаўнікоў вялікай расейскамоўнай меншасьці Латвіі. Калісьці сканцэнтраваныя вакол партыі «Згода» (Saskaņa), якая страціла парлямэнцкае прадстаўніцтва ў 2022 годзе, многія выбарнікі ўсё часьцей робяць выбар, заснаваны на эканамічных і сацыяльных пытаньнях, а ня толькі на палітыцы ідэнтычнасьці.

«Паколькі мы зьяўляемся зьнешняй мяжой Эўропы, мы павінны мець моцную эканоміку, моцную Латгалію, моцны памежны рэгіён. Гэта галоўная задача», — сказаў прэмʼер-міністар Кульбэргс. Рэгіён Латгалія мяжуе з Расеяй і Беларусьсю.

Пасьля падліку бюлетэняў увага, хутчэй за ўсё, хутка пераключыцца на перамовы аб кааліцыі, якія могуць аказацца працяглымі і складанымі.

Папярэднія вынікі вынікі чакаюць увечары 3 кастрычніка, а папярэднія афіцыйныя — 4 кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Літве пачалі праверку сыстэмы мабілізацыі на выпадак уварваньня зь Беларусі