44-гадовы мянчук удаваў высокага афіцэра Міністэрства абароны, каб выцягваць грошы з жанчын

Ілюстрацыйнае фота

На сьлед зламысьніка выйшлі, калі ён патрабаваў хабару ад адной з сваіх ахвяраў.

Крымінальную справу пачалі ў дачыненьні 44-гадовага менчука, які выдаваў сябе за высокага супрацоўніка Міністэрства абароны і выцягваў грошы ў жанчын, зь якімі знаёміўся ў інтэрнэце і на вуліцы, расказалі ў МУС.

Апэратыўнікі выйшлі на сьлед меркаванага злачынцы, калі ён схіліў 42-гадовую беларуску да дачы хабару, каб не прыцягваць яе бацьку да крымінальнай адказнасьці за тое, што ў таго знайшлі боепрыпасы і выбухоўку.

Высьветлілася, што дзяўчына — не адзіная ахвяра зламысьніка. Фігурант шукаў «самотных забясьпечаных жанчын» на сайтах знаёмстваў і ў грамадзкіх месцах Менску. Ён удаваў высокапастаўленага супрацоўніка Міністэрства абароны, уваходзіў у давер і заводзіў блізкія адносіны.

Для пераканаўчасьці падазраваны паказваў вайсковую форму і пагоны, хоць ня меў да сілавых ведамстваў краіны ніякага дачыненьня.

Ілжэафіцэр выманьваў у ахвяр буйныя сумы, гавораць сьледчыя. Жанчыны аддавалі яму ўсе свае ашчаджэньні і нават афармлялі на сябе крэдыты.

Пакуль удалося знайсьці толькі частку пацярпелых. Агулам яны страцілі 150 тысяч даляраў.

Іншыя падобныя выпадкі

На тле моцных і няспынных рэпрэсій, якія ідуць у Беларусі з 2020 году ў адносінах да іншадумства, нязгоды з Аляксандрам Лукашэнкам і ягонай палітыкай, у краіне сталі нярэдкімі выпадкі, калі злачынцы выкарыстоўваюць выгляд сілавікоў, міліцыянтаў або вайскоўцаў, каб ашукваць людзей.

Адзін з найбольш гучных выпадкаў адбыўся ў сьнежні 2023 году, калі бацькам палітычнай эмігранткі патэлефанавалі невядомыя і назваліся супрацоўнікамі КДБ, запатрабаваўшы грошай. Пры гэтым на пэўным этапе сваякі сьцямілі, што іхныя суразмоўцы ня маюць дачыненьня да сілавых структураў.

«Яны не пыталіся нічога пра сваякоў ці знаёмых. Іх цікавілі толькі грошы і магчымасьць неадкладнага атрыманьня патрабаванай сумы», — прыводзіла «Люстэрка» словы пацярпелай.

На гучныя галасы тады зьвярнулі ўвагу суседзі, што справакавала спыненьне размовы.

У сакавіку 2026 году махляры выцягнулі каля 40 тысяч рублёў у 50-гадовай жыхаркі Кобрыню. Спачатку ёй тэлефанавалі нібыта з водаканалу, а затым патэлефанаваў невядомы і назваўся супрацоўнікам Камітэту дзяржбясьпекі. «Прадстаўнік КДБ» паведаміў, што нейкія зламысьнікі ад яе імя афармляюць крэдыты ў банках і пераводзяць усе сумы ў фонд «недружалюбнай дзяржавы», і жанчына можа быць прыцягнута да крымінальнай адказнасьці за супрацьпраўную дзейнасьць супраць Рэспублікі Беларусь.

Каб спыніць дзеяньні зламысьнікаў, «супрацоўнік КДБ» параіў кабрыньчанцы «перабіць» новымі крэдытамі тыя, якія нібыта аформілі ад яе імя ашуканцы і тым самым скасаваць афармленьне ашуканскіх крэдытаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сыходзяць самі, звальняюць пасьля паліграфу. Чаму ў міліцыі бракуе кадраў і як праблему вырашаюць улады