Гісторыя перасьледу віленскіх філяматаў праз два стагодзьдзі зноў гучыць актуальна, мяркуе літаратуразнаўца і былы палітвязень Аляксандар Фядута. У Вільні ён расказаў, чаму імпэрыі змагаюцца за ўплыў на моладзь, а таксама прэзэнтаваў кнігу пра схаваныя сэнсы «Каласоў пад сярпом тваім», якую пачаў пісаць у СІЗА КДБ.
Былы палітвязень Алякасандар Фядута 1 кастрычніка выступіў у віленскім Беларускім доме з публічнай лекцыяй, якую задумаў яшчэ ў зьняволеньні. Сёньня ў шэлтэры «Замак» — новая сустрэча з вядомым літаратарам, якую ладзяць «Будзьма беларусамі» і Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў.
Лекцыя «Імпэрыя супраць моладзі: гісторыя віленскіх філяматаў» паводле Фядуты стала пэўнай рэфлексіяй на перажытае ў няволі. Таксама літаратуразнаўца прэзэнтаваў наведнікам кнігу сваіх камэнтароў да раману Ўладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», якую пачаў пісаць яшчэ ў 2021 годзе ў СІЗА КДБ.
«Гісторыя філяматаў наўпрост спрычыніліся да гісторыі нашага рэгіёну. Сярод іх былі палякі, літвіны, немцы, украінцы, нашы суайчыньнікі. Гэта былі незвычайныя людзі, якія заслугоўваюць памяці пра іх. Будзем іх памятаць і ведаць, што моладзь — яна такая, ад яе шмат чаго можна чакаць», — такімі словамі былы палітвязень скончыў расказ пра падзеі ў Вільні ў першай чвэрці 19-га стагодзьдзя.
Паводле лектара, тыя падзеі адбіліся на далейшай гісторыі ня толькі Расейскай імпэрыі, але і краінаў Эўропы, Турцыі і нават Чылі. Падчас лекцыі Фядута агучваў як сусьветна вядомыя імёны былых віленскіх філяматаў — Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Ігната Дамейкі — гэтак і прозьвішчы філяматаў, якіх лёс абмінуў шырокай вядомасьцю: Тамаш Зан, Францішак Малеўскі, Мікалай Маліноўскі, Ян Янкоўскі. Усяго тайную арганізацыю студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту, якія марылі пра вольную дзяржаву і канстытуцыю, уваходзіла больш за 300 маладзёнаў.
«Імпэрыя абвясьціла іх ворагамі, бо не магла зьмірыцца з вальнадумствам», — мяркуе літаратар.
У гісторыі перасьледу філяматаў Фядута ўбачыў аналёгію і зь цяперашнім часам, дзе «імпэрыя зноў змагаецца за ўплыў на моладзь». Вяртаньнем хаця б часткі забытых імёнаў літаратар заняўся, калі апынуўся на волі.
«Магу цяпер працаваць у архівах Польшчы і Літвы, шукаць і атрымліваць зьвесткі пра гэтых цікавых людзей. Архівы ў Расеі для мяне недасяжныя, але засталіся сябры, якія яшчэ могуць дапамагчы», — расказаў у размове са Свабодай пасьля лекцыі Аляксандр Фядута.
Фядуту затрымалі ў Маскве 12 красавіка 2021 года ў межах справы аб спробе дзяржаўнага перавароту ў Беларусі і ў выніку асудзілі да 10 гадоў зьняволеньня. Адбываў пакараньне Аляксандр у 15-ай магілёўскай калёніі, а на волю выйшаў 13 сьнежня 2025 году. У складзе групы былых беларускіх палітвязьняў яго спачатку вывезьлі ва Ўкраіну, цяпер літаратар жыве ў Варшаве.
У калёніі Фядута падмятаў двор, з прычынаў хваробы часта трапляў у мэдычную частку. Былы палітвязень згадаў, чаму аднавіў літаратурную працу яшчэ ў вязьніцы.
«Там каб не звар’яцець быў адзіны спосаб — чытаць і пісаць, чым я і заняўся яшчэ ў СІЗА КДБ. Камэнтары да раману Караткевіча ўдалося адтуль перадаць жонцы, гэтак яны захаваліся. А вось тое, што потым напісаў у калёніі — усё зьнішчылі. Вельмі шкада, але паспрабую аднавіць страчанае, калі хопіць здароўя», — згадаў пра сваю творчасьць за кратамі Аляксандр Фядута. Ён дадаў, што мае «вялікія праблемы» са здароўем.
Аляксандр Фядута — доктар філялягічных навук, доктарскую ён абараніў у варшаўскім Ягелёнскім унівэрсытэце, куды сёлета ўладкаваўся працаваць.
«Ягелёнка сваіх не кідае. Як толькі атрымаў патрэбныя паперы, дык загадам рэктара мяне працаўладкавалі навуковым супрацоўнікам, атрымаў частку стаўкі. У тым ліку дзеля таго, каб мог атрымліваць паўнавартасную мэдычную дапамогу дзякуючы дзяржаўнай страхоўцы. Але найперш, спадзяюся, змагу прыносіць навуковую карысьць як дасьведчаны дасьледчых расейскіх архіваў, што засталіся ў Польшчы. Дарэчы, учора ў польскім выданьні „Pamiętnik Literacki“(„Літаратурны дзёньнік“) у трэцім нумары выйшаў мой першы навуковы артыкул. Ён пра лёсы спадчыны Адама Міцкевіча і ягоных дзяцей», — падзяліўся навіной пра сваю працу на новым месцы Аляксандр Фядута.
Фядута з кнігай «Лексыкон „Каласоў пад сярпом тваім“»
Чаму патрэбныя камэнтары да рамана Караткевіча?
2 кастрычніка на вечаровай лекцыі ў віленскім шэлтэры для беларускіх уцекачоў «Замак» Аляксандр Фядута распавядзе пра сваю кнігу «Лексыкон „Каласоў пад сярпом тваім“» — літаразнаўчым камэнтары да вядомага гістарычнага раману Ўладзімера Караткевіча. А пасьля лекцыі ў Беларускім доме пра філяматаў, падчас якой быў аншляг, былы палітвязень згадаў, чаму і як узяўся за напісаньне «Лексыкону».
«Справа ў тым, што ўвесь час я дамагаўся, каб мае сябры-гісторыкі напісалі да яе камэнтар. Паколькі гэта гістарычны раман, дык патрэбны ж гісторыка-побытавы камэнтар. Але ў нікога з сяброў рукі ўсё не даходзілі. І вось у 2021 годзе я апынуўся ў „Амэрыканцы“ і высьветлілася, што адзінае, што ў мяне ёсьць, — вольны час. І там пачаў. Напісанае ўдалося перадаць адтуль жонцы — гэтак атрымалася кніжка», — распавёў Фядута.
Ён патлумачыў, чаму да кнігі Караткевіча спатрэбіліся ягоныя камэнтары.
«А хіба вам усё зразумела, пра што напісаў Караткевіч? Вось адзін з галоўных сымбаляў, які выкарыстоўвае Караткевіч — вершнік на белам кане. Але там розныя коні: у чорнага воіна — чорны конь, у Алеся Загорскага — белы. Чаму так? Альбо: якую ролю ў рамане адыгрывае нібыта народны верш пра жарабя (насамрэч гэта верш Караткевіча), якое нараджаецца і на якім прыедзе збавіцель? А тэатар, у якім грае Алена Карыцкая, у якую закахаўся Алесь Загорскі, якая становіцца маці двух ягоных дзяцей. Чаму тэатар? І што такое ўвогуле тэатар у сярэдзіне 19 стагодзьдзя? Альбо Караткевіч апісвае адносіны беларусаў і расейцаў, беларусаў і палякаў. Усё гэта трэба камэнтаваць і гэтыя камэнтары ў маёй кнізе ёсьць», — распавёў Аляксандр Фядута.
Кнігу Аляксандра Фядуты «Лексыкон „Каласоў пад сярпом тваім“» упершыню прэзэнтавалі падчас варшаўскага кніжнага кірмашу ў траўні. Выйшла кніга ў выдавецтве Połackija Łabirynty.