За апошнія тры месяцы ўлады Беларусі зьліквідавалі яшчэ 34 грамадзкія арганізацыі

Сымболіка органаў прымусовага выкананьня Міністэрства юстыцыі Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

З 2020 году да канца верасьня 2026 году ў Беларусі зьліквідавалі ня менш за 2 078 некамэрцыйных арганізацый — аб’яднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных арганізацый, асацыяцый.

Як паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на новы агляд праваабарончай арганізацыі Lawtrend, на канец жніўня лік зьліквідаваных арганізацый складаў 2 072, ліпеня — 2 053, чэрвеня — 2 044, траўня — 2 033, красавіка — 2 022, сакавіка — 2 020, лютага — 2 012, студзеня — 1 995.

Паводле Lawtrend, з 2021 году ня менш за 1 267 некамэрцыйных арганізацый зьліквідавалі прымусова або знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ ня менш за 811 ухвалілі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі.

Адзначаецца, што ў жніўні зьліквідавалі «Рэлігійнае аб’яднаньне бахаі ў Рэспубліцы Беларусь». Адначасова ў аглядзе падкрэсьлілі, што лік прымусова зьліквідаваных у выніку працэсу перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый не ўваходзіць у статыстыку Lawtrend.

Праваабаронцы нагадалі, што ў верасьні датэрмінова вызвалілі 25 палітычных зьняволеных, сярод якіх былі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, грамадзкія і культурныя дзеячы, дасьледчыкі і журналісты. Усіх вызваленых прымусовы вывезьлі ў Літву, некаторых без дакумэнтаў, што засьвядчаюць асобу.

У аглядзе адзначаюць, што «вызваленьне асобных палітычных зьняволеных не суправаджаецца спыненьнем крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці».

«У месцах пазбаўленьня волі працягваюць знаходзіцца дзясяткі прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку ня менш за 20 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў і рабочага руху. Цягам маніторынгавага пэрыяду выносілі новыя выракі прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці», — заявілі праваабаронцы.

Асобна зьвярнулі ўвагу на падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 7 верасьня ўказ № 304 «Аб фондах і дабрачыннай дзейнасьці ў сфэры аховы здароўя». Паводле Lawtrend, зацьверджанае палажэньне аб стварэньні, дзейнасьці і ліквідацыі фондаў уводзіць дадатковы абмежаваньні і ўзмацняе дзяржаўнае ўмяшальніцтва ў асобныя аспэкты дзейнасьці такіх арганізацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новы ўказ Лукашэнкі ўскладніў збор грошай для хворых людзей

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Паводле праваабаронцаў, нягледзячы на меншую інтэнсіўнасьць ліквідацыі ў параўнаньні зь пікавымі пэрыядамі 2021–2024 гадоў, наступствы кампаніі зьнішчэньня незалежнай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі захоўваюць сыстэмны характар.

Lawtrend — праваабарончая арганізацыя, якая рэгулярна праводзіць маніторынг сытуацыі з свабодай асацыяцыяў і стану грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Паводле яе высноваў, у 2026 годзе ў Беларусі надалей сыстэмна звужаецца прастора для дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, уключаючы зарэгістраваныя грамадзкія аб’яднаньні, фонды і ўстановы.

Паводле Міністэрства юстыцыі Беларусі, на 1 студзеня 2026 году ў Рэспубліцы Беларусь былі зарэгістраваныя 4 праўладныя палітычныя партыі і 1337 грамадзкіх арганізацыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Amnesty International заявіла аб «новай эры» парушэньняў правоў чалавека ў сьвеце, у тым ліку ў Беларусі