У пракуратуры ЗША, акруга Масачусэтс, паведамілі, што 12 студзеня 2027 году абвесьцяць прысуд грамадзяніну Беларусі Кірылу Гардзею, якога Фэдэральны суд Бостана ў штаце Масачусэтс прызнаў вінаватым у незаконным экспарце спэктромэтру Orbitrap Exploris GC 240 (прылада, якая забясьпечвае высокую якасьць і ўнівэрсальнасьць дадзеных для паскарэньня навуковых адкрыцьцяў у акадэмічных і прамысловых дасьледаваньнях) з ЗША ў Расею без адпаведнай ліцэнзіі.
«Грамадзянін Гардзей прыкладаў значныя намаганьні, каб абысьці захады экспартнага кантролю ЗША: ён фальсыфікаваў зьвесткі пра канчатковы пункт прызначэньня тэхналёгіяў, якія падлягаюць кантролю, і накіроўваў іх праз Турэччыну перад адпраўкай у Расею. Захады экспартнага кантролю — найважнейшы інструмэнт запэўненьня нацыянальнай і міжнароднай бясьпекі. Мы і надалей будзем прыцягваць да адказнасьці тых, хто наўмысна абыходзіць гэтыя правілы», — заявіла фэдэральная пракурорка ЗША Лі Фоўлі.
Суд разглядаў справу беларуса чатыры дні і 22 верасьня прызнаў яго вінаватым у кантрабандзе паводле трох пунктаў абвінавачаньня: уступленьне ў змову з мэтай учыненьня правапарушэньняў супраць ЗША; кантрабанда тавараў з ЗША; экспарт спэктромэтру, які ёсьць таварам, падлеглым экспартнаму кантролю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Былы амэрыканскі дыплямат пра санкцыі супраць Расеі. Ці прапануе Коўл іх зьмякчэньне за вызваленьне палітвязьняў?Што вядома пра справу Гардзея
37-гадовы Кірыла Гардзей кіраваў транспартна-экспэдытарскай кампаніяй Apelsin Logistics (Apelsin), разьмешчанай у Галандэйл-Біч, штат Флорыда. Кампанія таксама мела адрас у Расеі і два вэб-сайты, зарэгістраваныя і разьмешчаныя ў Расеі.
У чэрвені 2024 году Гардзея арыштавалі і выставілі яму абвінавачаньні. За парушэньне правілаў экспартнага кантролю яму пагражае пакараньне пазбаўленьнем волі да 20 гадоў і яшчэ пяцьцю гадамі пад наглядам пасьля вызваленьня, а таксама штраф да 1 мільёна даляраў. За кантрабанду — пазбаўленьне волі да 10 гадоў, тры гады пад наглядам пасьля вызваленьня і штраф да 250 тысяч даляраў. За змову з мэтай учыненьня злачынстваў супраць ЗША — пазбаўленьне волі на пяць гадоў, тры гады пад наглядам пасьля вызваленьня і штраф да 250 тысяч даляраў.
Пасьля ўварваньня Раскі ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году ў ЗША ўвялі шэраг строгіх захадаў экспартнага кантролю, якія абмяжоўваюць доступ Расеі да тэхналёгіяў і іншых тавараў, патрэбных ёй для працягу агрэсіі супраць Украіны. Ад 8 красавіка 2022 году патрабаваньні для атрыманьня ліцэнзіяў на экспарт, рээкспарт і перадачу тавараў у Расею ці ўнутры яе пашырылі на найбольш адчувальныя пазыцыі, уключаныя ў сьпіс тавараў, падлеглых камэрцыйнаму кантролю (Commerce Control List).
У жніўні 2023 году Гардзей, парушыўшы ліцэнзійныя патрабаваньні, арганізаваў экспарт з ЗША ў Расею праз тэрыторыю Турэччыны спэктромэтру Orbitrap Exploris GC 240. Каб палегчыць ажыцьцяўленьне ўгоды, Гардзей падаў амэрыканскай транспартна-экспэдытарскай кампаніі сфальсыфікаваныя дакумэнты, у якіх пазначалася, што спэктромэтар прызначаны для Ўзбэкістану, а не Расеі. Адначасова Гардзей арганізаваў адпраўку спэктромэтру проста ў Маскву пасьля ягонага прыбыцьця ў Турэччыну.