Дзень у гісторыі
331 да н. э. — Бітва пры Гаўгамэлах, вырашальная бітва паміж войскамі Аляксандра Македонскага і пэрсыдзкага цара Дарыя III, неўзабаве пасьля якой 1-я Пэрсыдзкая імпэрыя спыніла сваё існаваньне.
1946 ― у Нюрнбэргу завяршыўся судовы працэс над кіраўнікамі нацысцкай Нямеччыны, які Міжнародны вайсковы трыбунал вёў ад 20 лістапада 1945 году.
З 22 падсудных 19 прызналі вінаватымі ў злачынствах супраць міру і чалавечнасьці, а таксама іншых ваенных злачынствах. 12 асудзілі на сьмяротнае пакараньне, трох — на пажыцьцёвае зьняволеньне, чатырох — на тэрміны ад 10 да 20 гадоў.
Трыбунал прызнаў злачыннымі СС, гестапа і іншыя структуры нацысцкага рэжыму.
Былы нацысцкі міністар авіяцыі і кіраўнік вайскова-паветраных сілаў Нямеччыны Герман Герынг на лаве падсудных. Ён быў самым высокапастаўленым нацысцкім кіраўніком, асуджаным на Нюрнбэрскім працэсе. Яго асудзілі на сьмяротнае пакараньне праз павешаньне, але напярэдадні выкананьня прысуду ён скончыў жыцьцё самагубствам у камэры, прыняўшы цыянід.
1949 — заснаваная Кітайская Народная Рэспубліка. Камуністычная партыя ўсталявала ўладу на большай частцы мацерыковага Кітаю, а ўрад Кітайскай Рэспублікі да канца году адступіў на Тайвань.
Мао Цзэдун абвяшчае стварэньне Кітайскай Народнай Рэспублікі, Пэкін, 1 кастрычніка 1949
2017 — у Каталёніі адбыўся арганізаваны мясцовым урадам рэфэрэндум наконт незалежнасьці. Паводле абвешчаных каталёнскімі ўладамі вынікаў, за незалежнасьць прагаласавалі 90% удзельнікаў пры яўцы 43%. Паліцыя перашкаджала галасаваньню і закрывала ўчасткі. Канстытуцыйны суд Гішпаніі прызнаў правядзеньне рэфэрэндуму неканстытуцыйным. Абвешчаныя вынікі не былі прызнаныя гішпанскімі ўладамі і міжнароднай супольнасьцю.
У гэты дзень нарадзіліся
1612 — Ян Храпавіцкі, дзяржаўны дзяяч ВКЛ, аўтар дзёньніка «Дыярыюш ваяводы віцебскага…».
1829 — Уладзіслаў Віктар Акінчыц, лекар, паўстанец 1863–1864 гадоў. Пасьля паўстаньня знаходзіўся пад паліцэйскім наглядам, пазьней быў высланы ў Пермскую губэрню, дзе працаваў лекарам і памёр у 1891 годзе.
1881 — Міхаіл Станюта, беларускі мастак, бацька акторкі Стэфаніі Станюты.
1888 — Лукаш Дзекуць-Малей, беларускі рэлігійны й грамадзкі дзяяч, прапаведнік баптызму, перакладчык рэлігійных тэкстаў.
1900 — Раман Семашкевіч, мастак, ахвяра сталінізму.
Раман Семашкевіч. «Мужчынская фігура», 1930 год
1902 — Міхал Ляпеха, захавальнік сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах.
1937 — Андрэй Мдывані, беларускі кампазытар.
1949 — Ёсіф Сярэдзіч, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання, галоўны рэдактар «Народнай газеты» (1990—1995), заснавальнік і галоўны рэдактар адной з самых папулярных незалежных газэт у гісторыі Беларусі «Народная воля» (1995—2023).
1952 — Анатоль Байдачны, расейскі і беларускі футбаліст, галоўны трэнэр зборнай Беларусі па футболе ў 2003-2005 гадах.
У памяці
1940 — Сямён Жыткевіч, грамадзка-культурны дзеяч, актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і Таварыства беларускай школы. Загінуў у савецкім канцлягеры.
1987 — Аляксандар Воінаў, архітэктар.
1990 — Тамара Міянсарава, піяністка, стваральніца музычнай фанатэкі Беларускага радыё і тэлебачаньня.
2009 — Альгерд Невяроўскі, беларускі журналіст, у 1996–2007 гадах быў карэспандэнтам Радыё Свабода ў Менску.
Альгерд Невяроўскі
2013 — Норбэрт Рандаў, нямецкі славіст, беларусазнавец.
2021 — Кастусь Севярынец, журналіст і паэт, аўтар паэтычных кніг для дзяцей.
Кастусь Севярынец