Ужо сёньня: Гадавіна першага Чарнобыльскага шляху

Чарнобыльскі шлях у Менску, 1989

Падзеі 30 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня:

30 верасьня 1989 адбыўся першы Чарнобыльскі шлях у Менску. З ініцыятывы БНФ каля 30 тысяч чалавек прайшлі ад гадзіньнікавага заводу праспэктам і правялі мітынг на тагачаснай плошчы Леніна.

26 красавіка ў Менску адбылася «Гадзіна смутку і маўчаньня», але верасьнёўская акцыя стала першым масавым шэсьцем супраць замоўчваньня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і адной з найбуйнейшых грамадзкіх акцыяў у Беларусі канца 1980-х.

Зянон Пазьняк на мітынгу пасьля першага «Чарнобыльскага шляху»

Фота з грамадзкага вэб-архіву «Вытокі», фотаархіў Уладзіміра Сапагова

Дзень у гісторыі

1773 — пад прымусам Расеі, Прусіі і Аўстрыі Сойм Рэчы Паспалітай ратыфікаваў Першы падзел дзяржавы. Да Расейскай імпэрыі адышлі Інфлянты (сучасная Латгалія ва ўсходняй Латвіі), Віцебскае і Амсьціслаўскае ваяводзтвы, а таксама частка Полацкага і Менскага.

Пасол Наваградзкага павету Тадэвуш Рэйтан намагаецца сарваць сойм і не дапусьціць падзелу Рэчы Паспалітай. (Карціна Яна Матэйкі 1866 году).

1939 — Уладыслаў Сікорскі ўзначаліў польскі эміграцыйны ўрад.

1939 — у Вільні арыштавалі Антона Луцкевіча, палітыка і асьветніка, правадыра беларускага руху.

1965 — у Інданэзіі пачалася няўдалая спроба вайсковага перавароту. У ноч на 1 кастрычніка змоўнікі выкралі і забілі шэсьць вышэйшых генэралаў. Генэрал Сухарта хутка задушыў выступ, пасьля чаго вайскоўцы пачалі масавы перасьлед камуністаў і людзей, якіх падазравалі ў падтрымцы левых. Загінулі сотні тысяч чалавек. Падзеі сталі пачаткам канца ўлады першага прэзыдэнта Інданэзіі Сукарна — за наступныя паўтара году яго паступова адхілілі ад уладу, а краіну ўзначаліў той самы генэрал Сухарта.

1966 — абвешчаная незалежная Рэспубліка Батсвана.

1999 — расейскія войскі ўвайшлі ў Чачэнію, пачалася наземная фаза Другой чачэнскай вайны.

2005 — У дацкай газэце Jyllands-Posten апублікавалі карыкатуры на прарока Мухамада, што выклікала рэзкія пратэсты і забурэньні ў мусульманскім сьвеце.

2015 — пачатак расейскай вайсковай апэрацыі ў Сырыі на баку ўраду Башара Асада.

2021 — у Беларусі пачаліся масавыя затрыманьні за камэнтары пра супрацоўніка КДБ, які загінуў падчас штурму кватэры Андрэя Зельцара, на гэты дзень праваабаронцам «Вясны» вядома пра 135 затрыманых.

У гэты дзень нарадзіліся

1882 — Ганс Вільгельм Гейгер, нямецкі фізык. У 1928 годзе разам з Вальтэрам Мюлерам ён распрацаваў прыбор для вымярэньня радыяцыі.

1890 — Антоні Ляшчэвіч, ксёндз-марыянін, мучанік, ахвяра нацысцкай расправы, блаславёны Рымска-Каталіцкага Касьцёлу.

1892 — Зоська Верас (ад нараджэньня Людвіка Сівіцкая, у замужжы Войцік), пісьменьніца, грамадзкая дзяячка, удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст., нацыянальна-вызвольнага руху 1920–1930-х у Заходняй Беларусі й нацыянальна-культурніцкага руху 1960–1980-х. Мэмуарыстка. Сама называла гэтую дату нараджэньня, хоць паводле мэтрык — 12 кастрычніка.

Зоська Верас у 80-я гады. Здымак Сяргея Панізьніка

1896 — Аркадзь Астаповіч, мастак-графік.

1931 — Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі, аўтар вершаванага раману «Родныя дзеці», зборнікаў «Лісьце трыпутніку», «На флейце самоты» і іншых. У 1985–1996 гадах Гілевіч быў дэпутатам беларускага Вярхоўнага Савету. Ён адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Таварыства беларускай мовы імя Скарыны.

Ніл Гілевіч

У памяці

1934 — Мітрафан Доўнар-Запольскі, беларускі гісторык, адзін з заснавальнікаў беларускай гістарыяграфіі.

Мітрафан Доўнар-Запольскі. З кнігі «Гісторыя Беларусі». Мн., 1994. Мастак Крывянок А.В.

1939 — Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі (Стары Ўлас), беларускі паэт.

1957 — Баляслаў Брэжга, гісторык, археоляг, археограф, палеограф, філёляг.

1992 — Мікалай Бірыла, беларускі мовазнаўца.

1994 — Мікалай Казак, беларускі мастак у ЗША.

1999 — Дзьмітры Ліхачоў, расейскі філёляг, акадэмік, перакладчык на сучасную расейскую мову «Слова пра паход Ігараў», «Аповесьці мінулых гадоў» і многіх іншых помнікаў старажытнарускай літаратуры, вязень ГУЛАГу.

2005 — Зьміцер Кісель, журналіст, гісторык, дзяяч беларускага руху.

2013 — Мікалай Крукоўскі, філёзаф і культуроляг.

Мікалай Крукоўскі