У Латвіі паведамілі аб павелічэньні амаль у тысячу разоў аб’ёмаў увозу збожжа зь Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Транзытам праз Латвію з 1 да 24 верасьня перавезьлі 253 623 тоны збожжа з Расеі — амаль удвая больш, чым за ўвесь верасень 2025 году, а зь Беларусі — 40 101 тону, пры тым, што летась у гэты пэрыяд увогуле не перамяшчалі збожжа зь беларускай тэрыторыі.

Як паведаміла латвійскае выданьне Delfi з спасылкай на абагульненыя зьвесткі Службы дзяржаўных даходаў (VID), транзыт збожжа зь Беларусі з пачатку 2026 году склаў 116 847 тон, што ў 913 разоў больш, чым за ўвесь 2025 год.

З Расеі транзыт збожжа крыху скараціўся — сёлета ён склаў 593 663 тоны, што на 8,9 % менш, чым за ўвесь 2025 год.

Істотны рост транзыту збожжа адзначаўся і ў жніўні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літва ініцыявала праверкі паходжаньня ўсяго транзытнага збожжа з Расеі і Беларусі

Забарону сталі пільна кантраляваць

У VID патлумачылі, што заканадаўства Эўрапейскага зьвязу забараняе ўвозіць у Эўразьвяз любыя тавары, якія паходзяць з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый — з Крыму, Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай вобласьцяў.

Цяпер, каб пераканацца, што прадукцыя ідзе з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый, пачалі праводзіць мытны кантроль: партыі правяраюць выбарачна. Ад прадпрымальнікаў патрабуюць інфармацыю аб дакладным месцы вытворчасьці пшаніцы, яе гатунак, а таксама пацьвярджэньне таго, што яна не паходзіць зь непадкантрольных украінскаму ўраду тэрыторый.

Апроч таго, запытваюць дакладную інфармацыю аб маршруце пастаўкі ад месца паходжаньня прадукцыі да мяжы Эўразьвязу, а таксама накладныя, дамовы, транспартныя дакумэнты, рахункі за перавозку і іншыя дакумэнты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Сьвет праспаў». Што адбываецца ў Чорным моры пасьля расейскіх і ўкраінскіх атак

Колькі партый забракавалі

Па выніках кантрольных захадаў, за першыя 8 месяцаў 2026 году ў 842 выпадках папярэдзілі парушэньне санкцый, у тым ліку ў 467 выпадках адмовілі ў выкарыстаньні заяўленай мытнай працэдуры датычна грузаў.

Чаму гэта важна

Не дапусьціць экспарт Расеяй скрадзенага ва Украіне зерня — гэта патрабаваньне Украіны. Захопнікі не павінны атрымліваць эканамічную выгаду ад акупацыі ўкраінскіх земляў.

Гіпатэтычна, такое зерне можа знаходзіцца ў складзе расейскага зерневага экспарту, які адбываецца праз парты Літвы і Латвіі. Экспарт уласна расейскага збожжа пад санкцыямі не знаходзіцца. З-за таго, што расейскі экспарт праз Чорнае мора фактычна спынены далёкабойнымі ўкраінскімі ўдарамі, расьце нагрузка на расейскія парты на Балтыцы, таксама задзейнічаныя і парты балтыйскіх краін. Як паведамляла расейскае выданьне «Взгляд», праз парты краін Балтыі, па ацэнках Расейскага збожжавага саюза, у гэтым годзе можа быць экспартавана да 10 млн. тон збожжа. Беларусь таксама можа выкарыстоўвацца Расеяй як краіна-тразыцёр.

Сёлета ў верасьні Літва ініцыявала праверкі паходжаньня ўсяго транзытнага збожжа з Расеі і Беларусі, у Латвіі такія праверкі ўвялі раней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна ўвяла санкцыі супраць дзьвюх беларускіх кампаній, датычных да «незаконнага вывазу збожжа» з акупаваных тэрыторый