У Беларусі пабудавалі завод перапрацоўкі рапсу і сланечніка. Уладальнікі ў санкцыйных сьпісах Украіны

Рапсавае поле, ілюстрацыйная выява

Кампанія «Белагратэрмінал» увяла ў эксплюатацыю другое падобнае прадпрыемства ў Смаргонях.

Новае прадпрыемства разьлічанае на перапрацоўку 3 тысяч тон алейных культур на содні. З запускам новага завода агульныя магутнасьці комплексу вырастуць зь цяперашніх 660 тыс. да 1,72 млн. тон сыравіны на год, цытуе раённых чыноўнікаў Officelife.

Пашырэньне вытворчасьці створыць у рэгіёне каля 300 новых працоўных месцаў.

Завод спраектаваны як мультыкультурная вытворчасць: тут будуць перапрацоўваць рапс, сою, лён, а таксама новую для галіны ўнутры краіны культуру — насеньне сланечніка.

На заводзе ўжо збудавалі цэхі падрыхтоўкі і экстракцыі сыравіны. Інфраструктура новага аб’екта таксама ўключае ў сябе ўласную кацельню магутнасьцю 50 тон пары на гадзіну (у якасьці паліва выкарыстоўваецца шалупіньне сланечніка), рэзэрвуары для захоўваньня 42,4 тыс. тон расьлінных алеяў, склады аб’ёмам 288 тыс. кубамэтраў, больш за 12 км чыгуначных каляін і аўтамабільны тэрмінал, здольны прымаць да 380 машын на содні.

Дырэктар кампаніі «Белагратэрмінал» Павал Цьвярдоўскі адказаў на пытаньне раённай газэты, ці дапаможа новы праект адмовіцца ад імпарту сланечнікавага шроту і масла ў краіну.

«Асноўны аб’ём вырабленага алею мы плянуем накіроўваць на экспарт. А вось па сланечнікавым шроце сытуацыя іншая. Наш завод зможа забясьпечыць да 50% патрэбы беларускага рынку (а гэта каля 300 тыс. тон на год) шротам уласнай вытворчасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Амкадор» хоча пабудаваць яшчэ адзін завод у Расеі. Прадпрыемства ўжо мела нерэалізаваныя праекты

Уладальнікі — «саўдзельнікі расейскай агрэсіі»

Кампанія «Белагратэрмінал» уваходзіць у міжнародную групу «Садружнасьць» Аляксандра і Натальлі Луцэнкаў, якія вядуць свой бізнэс з 1994 году.

Пачаўшы ў Беларусі з гандлю кармавымі дабаўкамі, яны стварылі адно з найбуйнейшых аб’яднаньняў у перапрацоўцы алейных культураў. Вытворчыя актывы кампаніі разьмешчаныя ў Беларусі, Расеі, Бразыліі і Турэччыне. У 2024 годзе пасьля рэструктурызацыі бізнэсу беларускія і расейскія актывы названай групы аб’ядналіся ў кампанію «Садружнасьць Рус».

За фінансавы год 2024/2025 кампанія атрымала чыстымі прыбыткам 30 млн даляраў.

У сакавіку 2026 году Ўкраіна афіцыйна ўключыла адну зь фірмаў кампаніі, а менавіта ТАА «Садружнасьць Транс-Агра» ў пералік беларускіх прадпрыемстваў, якія спрыяюць расейскай ваеннай агрэсіі.

Суд у Харкаве пастанавіў спагнаць больш за 9 мільёнаў даляраў на карысьць двух данецкіх бізнэсоўцаў з 58 расейскіх і 7 беларускіх прадпрыемстваў за фінансаваньне агрэсіі Расеі супраць Украіны, у выніку чаго яны страцілі свой бізнэс.

Як стала вядома тады Свабодзе, спачатку данецкія бізнэсоўцы падалі пазоў супраць расейскага «Газпраму», а потым далучылі ў якасьці суадказьнікаў яшчэ 57 расейскіх і 7 беларускіх прадпрыемстваў. Праз расейскую акупацыю бізнэсоўцы страцілі некалькі сотняў станкоў і абсталяваньня, а таксама амаль паўтары тысячы квадратных мэтраў прамысловых памяшканьняў. Агульная шкода склала 9 167 605,69 даляраў ЗША.

Паводле пастановы харкаўскага суду, кампанія Аляксандра і Натальлі Луцэнкаў мусіць салідарна з іншымі названымі ў пеаліку прадпрыемствамі адказаць перад украінцамі за страту іх бізнэсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік МЗС Украіны Сыбіга: «Мы юрыдычна фіксуем кожны выпадак дапамогі Лукашэнкі расейскім агрэсарам»