Сьцісла
- Прамова міністра замежных спраў Беларусі на Генасамблеі ААН была моцна ідэалягізаванай.
- Афіцыйны Менск імкнецца выступаць у ролі авангарду краін Глябальнага Поўдня ў барацьбе супраць Захаду.
- Пазыцыя ўладаў Беларусі двудушная: крытыкуючы ААН, яны адкідаюць любую крытыку з боку структураў гэтай арганізацыі.
Не дыпляматыя, а прапаганда
У Нью-Ёрку завяршаецца 81-я сэсія Генэральнай асамблеі ААН. Апошнімі гадамі стала традыцыяй, што ў ёй удзельнічаюць афіцыйная дэлегацыя Беларусі на чале зь міністрам замежных спраў Максімам Рыжанковым і дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі на чале са Сьвятланай Ціханоўскай.
Штогадовыя паседжаньні Генасамблеі ААН зьяўляюцца трыбунай, дзе кіраўнікі альбо прадстаўнікі краін-чальцоў Арганізацыі аб’яднаных нацый у кароткім выступе выказваюць сваё бачаньне сусьветных працэсаў, уяўленьне аб месцы і патрэбах сваёй дзяржавы ў міжнароднай сыстэме. Гэта такі канцэптуальны мэсэдж, які прадстаўнікі розных супольнасьцяў дасылаюць сусьвету.
У гэтым пляне выступ Максіма Рыжанкова на агульнапалітычнай дыскусіі 81-й сэсіі Генасамблеі ААН 26 верасьня дае ўяўленьне пра тое, як рэжым Аляксандра Лукашэнкі хоча паказаць цяперашні сьвет. Прамова міністра замежных спраў была моцна ідэалягізаванай.
Калі казаць пра замежную палітыку Беларусі ўвогуле, то там ідэалягізацыя суседнічае з прагматызмам. Аднак у публічнай рыторыцы МЗС ідэалягічны складнік часта выходзіць на першы плян. Выступ Рыжанкова ў ААН стаў характэрным прыкладам.
Ва ўсім вінаваты Захад
Канстатуючы «сыстэмны крызіс міжнародных адносін», Рыжанкоў даводзіць, што ён ёсьць вынікам не аб’ектыўных сусьветных працэсаў, а наступствам зламыснай палітыкі пэўных сіл і краін. «Гэта заканамерны вынік дзеяньняў асобных дзяржаў па мэтанакіраваным падрыве сыстэмы міжнародных адносін. Каб сьвет разьвіваўся не паводле законаў мірнага існаваньня, а паводле прынцыпу права сілы і палітычнага эгаізму», — кажа міністар. Калі вы падумалі, што ідзецца пра Расею, якая ажыцьцявіла агрэсію супраць Украіны, дэманструючы права сілы, то моцна памыліліся.
Рыжанкоў лічыць, што ва ўсім вінаваты калектыўны Захад. Менавіта на Захад Рыжанкоў ускладае адказнасьць за значную частку праблемаў сучаснай міжнароднай сыстэмы. Паводле яго, імкненьне захаваць заходняе дамінаваньне зьяўляецца асноўнай прычынай канфліктаў на плянэце. Дэманізацыя Захаду ў выступе міністра адбываецца з дапамогай вельмі прымітыўных аргумэнтаў. Месцамі рыторыка кіраўніка МЗС мала адрозьніваецца ад рыторыкі дзяржаўных прапагандыстаў кшталту Рыгора Азаронка. Прычым, калі апошні вяшчае ў сваім тэлеграм-канале і з экрану дзяржтэлевізіі на беларускую аўдыторыю, то кіраўнік МЗС — з галоўнай міжнароднай трыбуны.
Рыжанкоў абвінавачвае заходнія краіны ў прымітыўнай сквапнасьці («імкненьне жыць за кошт іншых так і засталося галоўным наратывам разьвіцьця калектыўнага Захаду»). Рыжанкоў заявіў, што эўрапейскія палітыкі нібыта рыхтуюцца да вайны з Расеяй і Беларусьсю да 2030 году, каб, паводле яго, «далей жыць за кошт расейскіх рэсурсаў». Рыжанкоў згадаў каляніялізм і гандаль рабамі, а віну за злачынствы гітлераўскага рэжыму распаўсюдзіў на ўсю Эўропу:
«Траціну нашага насельніцтва ў гады вайны з халодным сэрцам забілі, замучылі „цывілізаваныя“ эўрапейцы, якіх аб’яднаў Гітлер 85 гадоў таму».
Беларусы не выступаюць за пагаршэньне адносінаў з Захадам
У чым сэнс такіх зацятых антызаходніх закідаў? Як можна зразумець з кантэксту выступу, кіраўніцтва Беларусі імкнецца выступіць у ролі ідэалягічнага авангарду краін Глябальнага Поўдня.
Аднак краіны, якія Менск адносіць да «Глябальнай большасьці», не складаюць адзінага антызаходняга блёку. Стаўленьне краін Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі да ЗША і ЭЗ істотна адрозьніваюцца: гэтыя краіны могуць супрацоўнічаць з Захадам у адных сфэрах і мець сур’ёзныя супярэчнасьці ў іншых. Таму радыкальная антызаходняя рыторыка Менску далёка не абавязкова адпавядае пазыцыям краінаў Глябальнага Поўдня. Такая пазыцыя не прыносіць карысьці нават зь гледзішча інтарэсаў афіцыйнага Менску. І Рыжанкоў выглядае трохі дзіўнавата.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міністар замежных справаў Беларусі з трыбуны ААН прыгразіў Эўропе «гарматным мясам»У беларусаў няма варажнечы да Захаду
Больш за тое, такая пазыцыя МЗС не адпавядае настроям жыхароў Беларусі, якія фіксуюць нават дзяржаўныя сацыёлягі. Летам 2026 года ў рамках сацыялягічнага дасьледаваньня Інстытут сацыялёгіі НАН Беларусі задаваў пытаньне, якімі павінны быць адносіны Беларусі з рознымі краінамі бліжэйшымі гадамі.
Дык вось адносна ЗША 30% выказваюцца на карысьць «больш шчыльных адносін» з імі, 40% рэспандэнтаў выбрала опцыю «цяжка адказаць». 33% выступаюць за больш шчыльныя дачыненьні з Польшчай, 43% не могуць дакладна адказаць на гэтае пытаньне. Адпаведна 29% — за шчыльныя адносіны з Літвой і Латвіяй, 28% — з Украінай. Ня вызначыліся 45% адносна Літвы і Латвіі, 48% — адносна Ўкраіны. Пры гэтым адказ «менш шчыльнымі» выбралі толькі 5-8% апытаных.
То бок нават паводле дзяржаўнага апытаньня толькі невялікая частка рэспандэнтаў выступае за менш шчыльныя адносіны Беларусі з ЗША, Польшчай, Літвой, Латвіяй і Ўкраінай. Значная частка, аднак, «ня вызначылася» з адказам. Нягледзячы на шматгадовыя высілкі дзяржаўнай прапаганды.
Рыжанкоў крытыкуе ААН, але не ўспрымае крытыку з боку ААН
А яшчэ міністар Рыжанкоў папракаў ААН у недастатковай здольнасьці рэагаваць на зьмены ў сьвеце і ў марудным рэфармаваньні. Ён казаў: «А што ж ААН? Ці ідзе нашая Арганізацыя ў нагу з часам? Не, хутчэй за ўсё. Яна не адпавядае рэаліям сёньняшняга дня, не пасьпявае за пераменамі і не моцна рэфармуецца. Крытыка ў адрас нашай Арганізацыі нарастае з кожным годам — з большага справядлівая крытыка». Рыжанкоў крытыкаваў ААН за недзеяздольнасьць.
Двудушнасьць афіцыйнага Менску палягае ў тым, што ён жорстка адрынае любую крытыку з боку структураў ААН (найперш, Рады ААН у правах чалавека) на адрас уладаў Беларусі за палітычныя рэпрэсіі.
Гаворачы пра вайну ва Ўкраіне, Рыжанкоў паўтарыў пазыцыю афіцыйнага Менску, усклаўшы адказнасьць за яе працяг на Эўропу, і заявіў пра гатоўнасьць Беларусі садзейнічаць мірнаму ўрэгуляваньню. Гэтыя заявы гучаць на фоне таго, што ў 2022 годзе беларускія ўлады далі Расеі тэрыторыю і інфраструктуру Беларусі для поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, а афіцыйны Менск працягвае падтрымліваць Маскву.