Прэмію Гаўла ў правах чалавека атрымала юрыстка з Ірану Насрын Сатудэ. Перад цырымоніяй выступіла Калесьнікава

Прэмію Гаўла ўручаюць з 2013 году. Яе першым уладальнікам стаў Алесь Бяляцкі.

Перад цырымоніяй уручэньня выступіла Марыя Калесьнікава — яе ўзнагароджвалі гэтай прэміяй у 2021 годзе, калі яна была ў зьняволеньні.

У Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы адбылася цырымонія ўзнагароджаньня прэміяй Вацлава Гаўла ў правах чалавека.

Яе уладальніцай стала Насрын Сатудэ — вядучая адвакатка ў правах чалавека ў Іране, яна прадстаўляла інтарэсы актывістаў, журналістаў, меншасьцяў і дзяцей, якім пагражала пакараньне сьмерцю. Яна таксама выступала супраць абавязковых законаў аб хіджабе і сьмяротнага пакараньня, нягледзячы на яе арышты і пазбаўленьне волі і сурʼёзную асабістую рызыку. Яе ў чарговы раз арыштавалі ў красавіку 2026 году і вызвалілі пад заклад у траўні 2026 году на тле занепакоенасьці з нагоды яе бясьпекі і больш шырокіх рэпрэсій супраць незалежных адвакатаў і праваабаронцаў.

Яе нязломная адданасьць справядлівасьці, нават ва ўмовах жорсткіх дзяржаўных рэпрэсій, зрабіла яе сымбалем мужнасьці і стойкасьці для праваабаронцаў і дэмакратычных рухаў у Іране і за яго межамі.

Перад уручэньнем прэміі выступіла Марыя Калесьнікава

Марыя Калесьнікава ў прамове падзякавала за прэмію, якой яе ўзнагародзілі ў 2021 годзе, калі яна яшчэ была за кратамі, адзначыла вялікую важнасьць салідарнасьці, якая дапамагла ёй.

Яна верыць, што салідарнасьць дапаможа сотням беларускіх палітвязьняў, якія застаюцца ў няволі, у тым ліку некаторыя ў рэжыме інкамунікада, які яна адчула на сваім досьведзе.

Марыя Калесьнікава падзякавала за салідарнасьць зь ёй і з асобнымі словамі зьвярнулася да сваёй сястры Тацьцяны Хоміч.

«Маё вызваленьне — гэта і твая перамога», — сказала Марыя Калесьнікава. Яна таксама зьвярнулася ўвагу прысутных на тое, што ўлады Беларусі працягваюць парушаць базавыя правы чалавека, пры гэтым яна заклікала не ізаляваць Беларусь, якая застаецца часткай Эўропы, паколькі «Эўропа шырэйшая за геаграфічныя межы краінаў Эўразьвязу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскі праваабаронца Буткевіч параўнаў беларускія турмы і расейскі палон, у якім ён пабываў

Хто яшчэ прэтэндаваў на ўзнагароду

Апроч, на прэмію намінавалі яшчэ дзьве кандыдатуры.

  • Масіх Алінэджад — ірана-амэрыканская журналістка, пісьменьніца і праваабаронца жанчын, якая стала адным з самых вядомых галасоў іранскай апазыцыі ў выгнаньні. Яна распачала кампанію «Мая схаваная свабода» супраць абавязковых законаў аб хіджабе, якая перарасла ў глябальны рух у падтрымку пратэстаў «Жанчыны, жыцьцё, свабода». Яна зьяўляецца сузаснавальніцай Усясьветнага кангрэсу свабоды і арганізацыі «Аб’яднаныя супраць гендэрнага апартэіду» і была адзначана шматлікімі міжнароднымі ўзнагародамі. Яе праца дапамагла прыцягнуць увагу ўсяго сьвету да рэпрэсій датычна жанчын і журналістаў у Іране.
  • Марта Пардаві — вугорская праваабаронца, сустаршыня Вугорскага Хельсінскага камітэту. Яна доўга адсочвала выкананьне правоў чалавека з боку праваахоўных і судовых органаў і выступала супраць законаў, якія звужаюць прастору для грамадзянскай супольнасьці і абмяжоўваюць фінансаваньне няўрадавых арганізацый у Вугоршчыне. Дзесяцігодзьдзі сваёй адвакацкай дзейнасьці яна прысьвяціла абароне ўразьлівых людзей у Эўропе і падтрымцы вяршэнства закону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Марыя Калесьнікава атрымала прэмію імя Вацлава Гаўла

Што вядома пра прэмію і хто зь беларусаў яе атрымліваў

Парлямэнцкая асамблея рады Эўропы супольна зь Бібліятэкай Вацлава Гаўла і фондам Charta 77 уручаюць прэмію імя Вацлава Гаўла з 2013 году. Гэта штогадовая прэмія за заслугі ў абароне правоў чалавека ў Эўропе і за яе межамі.

Для ўзнагароджаньня разглядаюць кандыдатуры асобных людзей, няўрадавых арганізацый ці ўстаноў, якія займаюцца абаронай правоў чалавека. Прэмія ўключае грашовую ўзнагароду ў памеры 60 000 эўра, памятны знак і дыплём.

Прэмію прысуджаюць у памяць пра Вацлава Гаўла — драматурга, змагара з таталітарызмам, аднаго з галоўных дзеячаў «Аксамітнай рэвалюцыі» 1989 году, прэзыдэнта Чэхаславаччыны і Чэскай Рэспублікі, а таксама нязьменнага сымбаля супрацьстаяньня дэспатызму.

Першым уладальнікам прэміі імя Вацлава Гаўла ў 2013 годзе стаў беларускі праваабаронец Алесь Бяляцкі. У 2021 годзе прэмію атрымала Марыя Калесьнікава, якая ў 2020 годзе працавала ў выбарчым штабе Віктара Бабарыкі і была асуджаная паводле палітычных матываў на зьняволеньне. 13 сьнежня 2025 году яе вызвалілі ў межах амэрыканска-беларускіх дамоўленасьцяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што паабяцала генэральны сакратар Рады Эўропы падчас сустрэчы з Натальляй Пінчук, жонкай Алеся Бяляцкага