«Мы з вамі неаднаразова разьбіралі і гаварылі ў вашай адной з праграмаў наконт Threads. На сёньняшні момант гэта сапраўды пагроза бясьпецы. Чаму? Таму што многія людзі ўвогуле не разумеюць гэтую сацыяльную сетку. У Threads, згодна з апошнімі дасьледаваньнямі, у асноўным узроставая катэгорыя ідзе 30–40 гадоў. Гэта найбольш актыўная катэгорыя, якая таксама хоча быць у трэндзе», — сказала Натальля Сахарчук у этэры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ.
Паводле яе, усе зразумелі толькі тое, што дастаткова напісаць нейкае паведамленьне ў Threads, напрыклад, аб тым, што «не спадабалася, якія прадукты на паліцах, не спадабалася, як паглядзеў супрацоўнік ДАІ».
«У нас адразу ўсё разьмяшчаюць у сацыяльных сетках. Ёсьць адна залатое правіла. Калі вы маеце зьвесткі пра злачынства ці яго рыхтаваньне, або вы сапраўды ведаеце аб парушэньні, у прыватнасьці, правілаў дарожнага руху, маеце такое відэа, валодайце, калі ласка. Ёсьць чат-бот, ёсьць супрацоўнікі міліцыі, ёсьць тэлефон 102. Але не, на жаль, усе хочуць сябе раскруціць. Усе забываюцца на элемэнтарнае правіла: за ўсё свае словы патрэбна адказваць», — заявіла яна.
Прадстаўніца Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі паведаміла, што пры маніторынгу ня раз выяўлялі такія публікацыі, за якія людзей прыцягвалі да адмністрацыйнай адказнасьці. «А я хачу сказаць, што можна быць прыцягнутым ня толькі да адміністрацыйнай адказнасьці, але да крымінальнай. Бо варта думаць галавой, што вы разьмяшчаеце ў якой-хаця з сацыяльных сетак, бо наступствы не прымусяць чакаць», — папярэдзіла яна.
«Закон для ўсіх аднолькавы. Проста хацелася б нагадаць усім нашым тэлеглядачам, што супрацоўнікі міліцыі працуюць 24 на 7. І гэтаксама 24 на 7 яны праводзяць маніторынг інтэрнэт-прасторы. Прычым мы практычна прысутныя паўсюль. І бачым, дзе што пішуць, як пішуць. І, вядома ж, калі гэта сапраўды інфармацыя, на якую варта рэагаваць, рэагаваньне адбываецца імгненна», — сказала Натальля Сахарчук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 27 жніўня: новая справа за «абразу» Лукашэнкі, завочны перасьлед музыкантаШто папярэднічала
У Беларусі дзейнічае палітычная цэнзура, якая стала больш жорсткай пасьля агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году. У краіне цалкам зьнішчана свабода слова і выказваньняў. Усе незалежныя грамадзка-палітычныя мэдыя былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» і выціснутыя за мяжу. Незалежная журналістыка і спажываньне яе матэрыялаў былі крыміналізаваныя. Дзясяткі беларускіх журналістаў і блогераў, сотні тых, хто чытаў незалежныя мэдыя, сталі палітычнымі вязьнямі, правялі гады за кратамі.
Да крымінальнай адказнасьці прыцягваюць за камэнтары ў сацыяльных сетках. Найбольш паказальнай сталі справа Андрэя Зельцара. Пасьля гібелі супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка пры ўварваньні сілавікоў у кватэру 31-гадовага ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцара, якога ў выніку застрэлілі, масава прыцягвалі да адказнасьці грамадзян за рэакцыю ў сацыяльных сетках на гэтую падзею. У суды накіравалі справы супраць 57 грамадзян, якія пісалі камэнтары на адрас загінулага сілавіка і дзяржаўных органаў.
У Беларусі ў 2021 годзе завяршылі стварэньне Рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі, якая аб’яднала дзясяткі тысяч камэраў па ўсёй краіне. Сыстэма мае функцыю відэааналітыкі.