Ужо сёньня: Эўрапейскі дзень моваў

Фрагмэнт пляката Ўладзімера Крукоўскага, 1988 год

Падзеі 26 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

26 верасьня ў Эўропе адзначаецца Эўрапейскі дзень моваў. Упершыню яго адзначылі ў 2001 годзе. Асноўная мэта дня — заахвочаньне вывучэньня і засваеньня розных моваў як у школах, так і па-за іх межамі на працягу ўсяго жыцьця чалавека.

У Эўропе больш за 225 моваў карэнных народаў. 128 зь іх — пад пагрозай зьнікненьня, а 90 — у крытычным становішчы.

Паводле UNESCO, беларуская мова, няглядзячы на статус дзяржаўнай, належыць да ўразьлівых моваў, якім можа пагражаць зьнікненьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Некалі гэтае цемрашальства скончыцца». Як у Беларусі русыфікуюць рэпэртуары беларускіх тэатраў

Дзень у гісторыі

1629 — у Альтмарку (цяпер Стары Тарг, Польшча) заключаны мір паміж Швэцыяй і Рэччу Паспалітай. Такім чынам скончылася вайна 1626–1629 гадоў. Швэцыя захавала большую частку Інфлянтаў з Рыгай, атрымала кантроль над шэрагам прускіх партоў і права спаганяць мыта з балтыйскага гандлю.

1815 — у Парыжы Аўстрыя, Прусія і Расея падпісалі дамову аб стварэньні Сьвятога саюзу, сапраўднымі мэтамі якога было здушэньне рэвалюцыйных і нацыянальна-вызвольных рухаў у Эўропе.

1920 — войскі Станіслава Булак-Балаховіча, прарваўшыся ў тыл савецкай 4-й арміі, нечаканым ударам занялі Пінск. У палон трапіла значная частка штабу арміі і каля 2400 вайскоўцаў.

Станіслаў Булак-Балаховіч

1921 — у Празе пачалася Першая Ўсебеларуская канфэрэнцыя. На яе прыехалі 37 дэлегатаў ад арганізацый і партый Заходняй Беларусі ды шмат якіх краінаў Эўропы. Канфэрэнцыя пацьвердзіла, што адзіным заканадаўчым органам для Беларусі зьяўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

1960 — кіраўнік Кубы Фідэль Кастра выступіў з самай доўгай прамовай у гісторыі ААН. Яна доўжылася 4 гадзіны 29 хвілін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

7 фактаў пра кубінскага дыктатара Фідэля Кастра

1969 — Выйшаў апошні студыйны альбом The Beatles «Abbey Road», які ўдзельнікі гурту запісалі разам.

The Beatles, Abbey Road, Лёндан, 8 жніўня 1969

1977 — запушчаны ў эксплюатацыю першы блёк Чарнобыльскай АЭС.

1983 — савецкі падпалкоўнік Станіслаў Пятроў прадухіліў патэнцыйную ядзерную вайну, калі праз збой у сыстэме папярэджаньня аб ракетным нападзе паступіла памылковае паведамленьне пра атаку з боку ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чалавек, які прадухіліў ядзерную вайну. «Ня меў права расказваць нават родным», — згадвае сын

1990 — створана Беларускае таварыства архівістаў.

2020 — у Менску прайшоў чарговы жаночы марш супраць палітычнага гвалту і рэпрэсіяў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Сілавікі затрымалі больш за сто чалавек. Марш адбыўся напярэдадні нядзельнай акцыі 27 верасьня, названай «Народная інаўгурацыя» Сьвятланы Ціханоўскай.

2022 — у ноч на 26 верасьня ў Чырвоным касьцёле ў Менску адбыўся пажар. Паводле афіцыйнай вэрсіі, загарэлася электраправодка. Улады аб’явілі, што далейшая эксплюатацыя будынка небясьпечная і ён мае патрэбу ў рамонце. Касьцёл, які наведвалі каля 10 тысяч вернікаў, закрылі. Улетку 2025 году стала вядома, што ўлады плянуюць да 31 студзеня 2027 году правесьці там рэканструкцыю.

Чырвоны касьцёл у Менску

У гэты дзень нарадзіліся

1849 — Іван Паўлаў, расейскі фізіёляг, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў мэдыцыне (1904).

Іван Паўлаў

1888 ― Томас Стэрнз Эліёт, амэрыканскі паэт, драматург і літаратурны крытык.

1889 ― Марцін Гайдэгер, нямецкі філёзаф.

Марцін Гайдэгер

1898 ― Джордж Гершвін, амэрыканскі кампазытар.

1910 ― Уладзімер Агіевіч, беларускі літаратурны крытык.

1925 ― Навум Кісьлік, беларускі пісьменьнік.

1932 ― Уладзімір Войнавіч, расейскі пісьменьнік, савецкі дысыдэнт.

1965 — Пятро Парашэнка, украінскі палітык і прадпрымальнік, прэзыдэнт Украіны ў 2014–2019 гадах.

У памяці

1964 — Сендэр Палеес, мастацтвазнаўца і гісторык. Навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага мастацкага музэя БССР. Яшчэ да вайны ствараў энцыкляпэдыю беларускага мастацтва і мастакоў, пачынаючы са старажытных часоў“.

1966 — Іван Сікора, сэлекцыянэр. У ягоным садзе прайшлі выпрабаваньне больш за 500 гатункаў яблыняў і больш за 100 — ігрушаў, а таксама гатункі сьліваў, бэзу, ружаў і іншыя.

Партрэт Івана Сікоры ў музэі ягонага імя ў вёсцы Вялікія Алашкі

1973 — Тарас Сайка, пратэстанцкі пастар, рэлігійны і культурна-грамадзкі дзяяч беларускага замежжа ў ЗША, ініцыятар перакладу Бібліі на беларускую мову, мэцэнат.

1976 — Леаніла Чарняўская (у замужжы Гарэцкая), пісьменьніца і перакладчыца; удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст.

Максім Гарэцкі з жонкай Леанілай, дзецьмі Леанідам і Галінай. 1923 г.

1978 ― Антон Сеўчанка, беларускі фізык, акадэмік АН Беларусі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

1990 ― Альбэрта Маравія, італьянскі пісьменьнік.