У Менску да 2030 году будзе звыш 5 тысяч зарадак для электрамабіляў

Ілюстрацыйнае фота

У сталічным гарвыканкаме назвалі, які лік станцый для сілкаваньня электрамабіляў будзе праз чатыры гады.

Да 2030 году ў Менску створаць больш за 5 тысяч новых зарадных станцый для электрамабіляў. Пра гэта піша БелТА, спасылаючыся на старшыню камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менскага гарвыканкаму Віктара Гуцько.

«З улікам разьвіцьця інфраструктуры да 2030 году ў Менску плянуецца звыш 5 тысяч зарадных станцый», — паведаміў чыноўнік на паседжаньні Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў.

Па стане на 1 ліпеня ў беларускай сталіцы налічваліся больш за 30 тысяч электрамабіляў і каля 1,3 тысячы зарадных станцый рознай магутнасьці.

Зарадныя станцыі да 44 кВт, час зарадкі на якіх складае ад 2 да 8 гадзін, звычайна ставяць у месцах працяглай стаянкі, напрыклад, у жылых мікрараёнах, каля гасьцініц і будынкаў розных кампаній. Хуткія — да 170 кВт і з часам сілкаваньня ад 30 хвілін да 2 гадзін — і звышхуткія станцыі — звыш 170 кВт і з часам зарадкі за 10-20 хвілін — разьмяшчаюцца каля транспартных вузлоў з насычанымі транспартнымі патокамі, на АЗС, ля гандлёвых цэнтраў, на перахапляльных паркоўках.

«Канцэпцыяй разьвіцьця зараднай інфраструктуры заплянавана, што каля 70% ад агульнай лічбы станцый складуць менавіта хуткія і звышхуткія», — адзначыў Гуцько.

Дакумэнт вынесьлі на разгляд у межах рэалізацыі ўказу «Аб стымуляваньні выкарыстаньня электрамабіляў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі скончылася гадавая квота на бязмытны ўвоз электрамабіляў для юрыдычных асобаў

Чаму ў Беларусі павольна пашыраюцца электрамабілі?

Беларусь у пашырэньні электрамабіляў адстае ад эўрапейскіх краін, бо ў яе мала зарадных станцыяў. Як паведаміла прэс-служба Беларускай АЭС, летась у Беларусі было зарэгістравана 44 тысячы электрамабіляў і 1870 зарадных станцыяў.

Станцыяў бракуе асабліва ў рэгіёнах і на трасах, таму інфраструктурныя абмежаваньні тармозяць разьвіцьцё электратранспарту. На адну зарадную станцыю прыпадае 23,5 аўтамабіля.

У суседняй Польшчы 102,4 тысячы электрамабіляў, што ў пераліку на колькасьць насельніцтва супастаўна зь Беларусьсю. Але станцыяў сілкаваньня ў Польшчы значна больш — 11 173. Польшча дасягнула ўзроўню Бэльгіі — 9 электрамабіляў на станцыю — і стала лідэрам у Эўропе. У Францыі і Гішпаніі на адну станцыю прыпадае 12 электрамабіляў.

Што гэта значыць?

Беларусі выгадна разьвіваць электрычны транспарт, які спрыяе абароне прыроднага асяродзьдзя, незалежнасьці ад імпартнага паліва, эканоміі рэсурсаў.

Але ў шэрагу беларускіх эканамістаў, як дзяржаўных, гэтак і незалежных, ёсьць думка, што Расея не зацікаўленая ў разьвіцьці электратранспарту ў краінах ЭАЭС, дзе яна мае значны ўплыў, бо гэта падрывае яе вытворчасьць аўтамабіляў з бэнзінавымі рухавікамі і зьніжае агульную патрэбу беларускіх кіроўцаў у расейскім паліве.

«Калі паглядзець на сухія лічбы, кантраст паміж Беларусьсю і Расеяй у сфэры электратранспарту здаецца дзіўным. На беларускія 9 млн насельніцтва прыпадае 54 тыс. электрамабіляў. А ў вялізнай Расеі зь яе 140-мільённым насельніцтвам іх усяго каля 90 тыс. Прычына такога разрыву — у розным дзяржаўным падыходзе і ў структуры эканомікі. Для Беларусі пераход на электрамабілі ня проста даніна экалягічнай модзе, а пытаньне нацыянальнай эканамічнай бясьпекі. Увод у эксплюатацыю ўласнай атамнай электрастанцыі стварыў прафіцыт энэргіі, якую трэба пісьменна выкарыстоўваць», — заявіў у інтэрвію дзяржаўнай газэце «Мінская праўда» старшыня Беларускай асацыяцыі электратранспарту Сяргей Худаешка.

Эўразійскі міжурадавы савет, куды ўваходзяць кіраўнікі ўрадаў краін ЭАЭС, уводзіць квоты на бязмытны імпарт электрамабіляў. Гэта наступствы вялікага ўплыву Расеі і яе галоўнай ролі ў арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусам не хапае квоты на бязмытны ўвоз электрамабіляў. Што яшчэ замінае разьвіцьцю электрычнага транспарту