Калій для ЗША, палітвязьні для Эўразьвязу? Чаго чакаць Беларусі ад санкцыйнага перагляду

Ілюстрацыйнае фота

Паліталягіня, экспэртка дасьледчага цэнтру BIPART Тацяна Чуліцкая ў выніковым «ПіКу Свабоды» аналізавала пэрспэктывы зьмякчэньня санкцыяў супраць беларускага калію, пазыцыю Літвы і магчымыя ўмовы Эўразьвязу для афіцыйнага Менску.

0:00 Ці вызваленьне яшчэ 15 вязьняў ёсьць вынікам перамоваў Лукашэнкі з спэцпасланьнікам Трампа
5:53 Ці скарысталіся палякі прапановамі Шрайбмана
12:39 Пастаўкі беларускага калію ў ЗША. Чаго тут болей – палітыкі ці эканомікі
15:24 Ці добра для незалежнасьці Беларусі, калі літоўцы згодзяцца зноў транспартаваць калій праз Клайпеду
22:25 Ціханоўскі супраць Ціханоўскай. Якое магло б быць найлепшае разьвязаньне канфлікту
27:55 Кучынскі пра сустрэчы Ціханоўскай на Генасамблеі ААН
35:58 Ці былі ў Нью-Ёрку кантакты з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску
38:15 Ці будзе Сьвятлана Ціханоўская альбо яе офіс рэагаваць на закіды Сяргея Ціханоўскага
42:12 Ці набліжаецца Эўразьвяз усьлед за ЗША да перагляду санкцыяў супраць беларускага калію
47:54 Што можа здабыць і страціць Літва, калі дазволіць транзыт беларускага калію

«Да лютага перагляду санкцыяў Эўразьвязу, хутчэй за ўсё, ня будзе»

— На гэтым тыдні было абвешчана, што ў кастрычніку ў порт Новага Арлеану павінна прыбыць першая за чатыры гады партыя беларускага калію — 30 тысяч тон. ЗША сёлета ў сакавіку зьнялі санкцыі зь беларускага калію, а 21 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра падрыхтоўку маштабнай угоды з Беларусьсю. Ці набліжаецца Эўразьвяз усьлед за ЗША да перагляду санкцыяў зь беларускага калію, і калі так, то што можа стаць галоўнай умовай для такога рашэньня?

— Да лютага ніякага перагляду санкцыяў з боку Эўразьвязу, хутчэй за ўсё, быць ня можа, бо аб’ектыўна няма асаблівых магчымасьцяў ці інструмэнтаў гэта зрабіць. Мы зараз будзем чакаць лютага і глядзець, што будзе адбывацца, калі будзе заплянаваны перагляд працягу альбо не працягу санкцыйнага рэжыму з боку Эўразьвязу.

На гэтую пазыцыю і на сытуацыю ў цэлым, канечне, можа паўплываць жорсткая пазыцыя Літвы і, у прынцыпе, балтыйскіх краінаў. Яны займаюць найбольш жорсткую пазыцыю. Пазыцыя Польшчы таксама, мне падаецца, будзе мець уплыў і будзе важнай.

Што адбываецца зараз у Літве, якая, на маю думку, мае значны ўплыў на ўсю гэтую сытуацыю. Мы чуем розныя галасы, але ў цэлым на сёньняшні дзень можам казаць, што ў Літве, нягледзячы на пэўныя рознагалосьсі, захоўваецца пазыцыя: падставаў для зьняцьця санкцыяў няма. Пры гэтым ёсьць некаторыя варыяцыі. Адны прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай кіруючай партыі кажуць, што санкцыі нельга проста зьняць, але трэба глядзець на ўмовы. Іншыя выказваюцца больш катэгарычна.

Паліталягіня Тацяна Чуліцкая

Трэба мець на ўвазе даволі складаны цяперашні палітычны ляндшафт Літвы. Кіруючая кааліцыя не занадта моцная, я б сказала. Ёсьць шмат крытыкі, прынамсі з боку кансэрватараў і былой прэм’еркі Інгрыды Шыманіцэ, якая нагадвае, што да гэтага часу існуе і нацыянальная пазыцыя Літвы. У Літве любыя ўгоды ці нейкія стасункі зь «Беларуськаліем» разглядаюцца як пытаньне нацыянальнай бясьпекі. Таму ў выпадку Літвы давядзецца пераадольваць ня толькі эўрапейскі санкцыйны рэжым, але і нацыянальны. Гэта таксама можа выклікаць пэўныя праблемы.

Ёсьць і іншыя галасы, якія мы чуем у Літве. Напэўна, найбольш спрыяльная для Лукашэнкі і беларускага ўраду пазыцыя гучыць ад эўрадэпутатаў. Напрыклад, ганаровы сацыял-дэмакрат Андрукайціс кажа, што, магчыма, было б нядрэнна зьняць санкцыі зь «Беларуськалію», прынамсі каб калій не ішоў праз Расею, а мог экспартавацца празь Літву, праз Клайпедзкі порт. Пры гэтым, паводле ягонай прапановы, празь Літву маглі б ісьці і пастаўкі збожжа ва Ўкраіну. Але я б сказала, што пакуль гэта, хутчэй, маргінальны голас. Ён існуе, але не зьяўляецца дамінуючым у літоўскім дыскурсе. Да таго ж гэта эўрадэпутат, і размова ідзе не пра ўнутраныя літоўскія дыскусіі.

Падсумоўваючы, я б сказала, што пазыцыя ўраду Літвы пакуль нязьменная. Мы чуем яе з боку літоўскага МЗС і міністра замежных справаў. Прэзыдэнтура Літвы займае крыху больш мяккую пазыцыю, але таксама не гаворыць пра адмену санкцыяў. Ёсьць некаторыя галасы, у тым ліку па-за межамі Літвы, ад эўрадэпутатаў, якія займаюць больш гнуткую пазыцыю ці нават кажуць, што санкцыі можна адмяняць пры пэўных умовах. Што з гэтага атрымаецца да лютага, цяжка сказаць. Відавочна, што дэбаты будуць больш інтэнсіўнымі. Магчыма, калі ў лютым дойдзе да пацьверджаньня санкцыйнага рэжыму ў Эўразьвязе, пазыцыя Літвы патэнцыйна можа некаторым чынам зьмякчыцца. Але я вельмі сумняюся, што яна зьменіцца радыкальна і Літва перастане прасоўваць пазыцыю падтрымкі санкцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вольга Лойка: Імпарт беларускага калію ў ЗША з закрытай тэмы стаў прадметам перамоваў

Ці рэалістычны кампраміс з транзытам праз Клайпеду

— Вы згадалі магчымы кампраміс: дазвол на транзыт беларускага калію ў абмен на перавозку ўкраінскага збожжа. Ці бачыце вы яго рэалістычным да лютага альбо пасьля?

— Да лютага — адназначна не. Я проста не ўяўляю ніякіх мэханізмаў, як гэта можна зрабіць. Літва ня можа пайсьці на такое рашэньне ў аднабаковым парадку. Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі Эўразьвяз будзе адмяняць санкцыі.

Я вельмі сумняюся, што за такі тэрмін да лютага гэта ўвогуле магчыма зрабіць бюракратычна, палітычна і гэтак далей. Пасьля лютага пэўныя зьмены ў прынцыпе магчымыя. Але, зноў жа, гледзячы на тое, што адбываецца ў Літве, я б на сёньняшні дзень не прагназавала, што пазыцыя Літвы радыкальна зьменіцца.

— Калі пасьля лютага можа быць адноўлены транзыт беларускага калію празь Літву, што Вільня ў гэтым выпадку атрымае, а што рызыкуе страціць?

— Літва, зразумела, атрымае эканамічныя выгоды. Для літоўскай эканомікі Клайпедзкі порт — важная рэч. І тое, што зараз прастойвае, прыводзіць да страты грошай і гэтак далей. Эканамічна для Літвы гэта, канечне, было б выгадна. Але ўсё ж такі трэба мець на ўвазе, што эканамічная выгада ў літоўскім выпадку, напэўна, не зьяўляецца асноўным матывам дзейнасьці. Тут моцныя палітычныя і маральныя пазыцыі. Даволі дакладна гэта акрэсьліў дарадца прэзыдэнта Наўседы. Ён сказаў, што калі Літва пойдзе на нейкую згоду, то гэта будзе маральная параза для Літвы.

Я б сказала, што гэтая пазыцыя даволі яскравая і дамінуючая сярод праэўрапейскай часткі літоўскага грамадзтва. Праз гэта адмена санкцыяў зараз не выглядае як рашэньне, якое атрымае асаблівую падтрымку. З палітычнага пункту гледжаньня, калі Літве давядзецца мяняць сваю пазыцыю, нават для партыяў, якія, магчыма, не пагаджаюцца з кансэрватарамі, гэта будзе азначаць, што Літва была вымушаная радыкальна зьмяніць тое, што яна рабіла шмат гадоў у дачыненьні да Лукашэнкі і падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасьці. Літва шмат гадоў выбудоўвала для сябе імідж хаба дэмакратыі, які падтрымлівае грамадзянскую, палітычную і дэмакратычную супольнасьць Беларусі. Калі давядзецца адмаўляцца ад санкцыяў, гэта будзе пэўная зьмена і гэтага курсу. Хаця паступова яна ўжо адбываецца. Гэта стала відавочна, калі Сьвятлана Ціханоўская была вымушаная зьехаць зь Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму Трамп загаварыў пра беларускі калій? Спыталі ў амэрыканскіх экспэртаў

Якія ўмовы Эўразьвяз можа выставіць афіцыйнаму Менску

— Калі казаць ня толькі пра Літву, але і пра Эўразьвяз у цэлым, якія ўмовы ён мог бы выставіць афіцыйнаму Менску, каб зьмякчыць санкцыі, зьвязаныя зь беларускім каліем? Ці магло б вызваленьне палітвязьняў стаць адной з такіх умоваў?

— Канечне. Тут я, напэўна, магу вярнуцца і параіць тую пазыцыю, якая ўжо існуе ў частцы экспэртнай супольнасьці. Гэта дарожная мапа, якую пісалі Арцём Шрайбман, Кацярына Дзяйкала і іх калегі. У гэтым дакумэнце прадугледжваецца ня проста зьняцьце санкцыяў, а пэўны шлях, які, з аднаго боку, дапаможа Эўразьвязу больш-менш прытрымлівацца цяперашняга курсу — жорсткай маральнай, нарматыўнай і палітычнай пазыцыі ціску на Лукашэнку. А з другога боку, дазволіць зрабіць пэўныя паслабленьні, зьвязаныя з гуманітарным трэкам, у прыватнасьці з вызваленьнем палітвязьняў.

Калі Эўразьвяз будзе казаць не пра поўнае зьняцьце санкцыяў, а пра іх зьмякчэньне, то ўмовы, на маю думку, мусяць быць зьвязаныя перш за ўсё з гуманітарным трэкам, з вызваленьнем палітвязьняў. Потым ужо могуць быць розныя сымбалічныя і дыпляматычныя крокі. Як мы зараз бачым на прыкладзе Польшчы, дзе, напрыклад, будзе адноўлены будынак польскай амбасады. Такія рэчы рабіць адносна проста. Гэта тыя ўмовы, якія могуць дазволіць рухацца не проста па шляху катэгарычных пазыцыяў, але і праз вызваленьне палітвязьняў, захаваньне Эўразьвязам сваіх пазыцыяў і магчымасьць выстаўляць афіцыйнаму Менску ўмовы.

Гаворка ня толькі пра тое, каб здымаць ці зьмякчаць санкцыі, але і пра тое, каб выстаўляць пэўныя ўмовы, зьвязаныя перш за ўсё з палітвязьнямі, але таксама з паляпшэньнем сытуацыі ў Беларусі. Гэта спыненьне ці зьмякчэньне рэпрэсіяў, паляпшэньне становішча тых, хто знаходзіцца ў турмах па палітычна матываваных справах, і гэтак далей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці магчымая «вялікая калійная зьдзелка» паміж Беларусьсю і ЗША. У пытаньнях і адказах