За першыя восем месяцаў 2026 году Памежная варта Польшчы выявіла амаль 8300 замежнікаў, якія парушылі правілы ўезду ці знаходжаньні ў краіне. Гэта амаль на 40% больш, чым за такі самы пэрыяд летась, піша газэта Rzeczpospolita.
Сярод парушальнікаў — 400 грамадзянаў Беларусі.
Часьцей за ўсё парушэньні дапускалі грамадзяне Ўкраіны — каля 2200 выпадкаў. У грамадзянаў Калюмбіі 1400 парушэньняў, у грузінаў 748, і яны замыкаюць тройку. А грамадзяне Беларусі на 4-м месцы.
Польскія памежнікі выяўляюць парушэньні як у час праверак легальнасьці знаходжаньня, так і на супольных апэрацыях з іншымі службамі. У асобных выпадках высьвятляецца, што замежнікі таксама працуюць без неабходных дазволаў.
Беларусы займаюць другое пасьля ўкраінцаў месца паводле колькасьці замежных работнікаў у Польшчы. На канец 2025 году ў польскай эканоміцы былі занятыя больш за 1,14 мільёна іншаземцаў, зь іх 118,9 тысячы — грамадзяне Беларусі.
Пры гэтым атрымаць дазвол на пражываньне і працу ў Польшчы апошнім часам стала складаней. Некаторыя беларусы не адзін год чакаюць афармленьня ўсіх патрэбных для гэтага папераў.
Становішча беларусаў у Польшчы
Сёлета беларусы ў Польшчы мелі і праблемы, не зьвязаныя з парушэньнямі міграцыйнага заканадазства гэтай краіны. Польскія ўлады ў выглядзе мясцовых адміністрацый пачалі часьцей адмаўляць грамадзянам Беларусі і прытулку.
У чэрвені польскія органы вынесьлі 21 рашэньне аб наданьні беларусам статусу ўцекача і яшчэ 4 — пра дадатковую абарону. Пры гэтым адмоўных рашэньняў 52, а разгляд яшчэ 13 спраў прыпынілі.
У чэрвені доля адмоў у агульным ліку разгледжаных спраў дасягнула 57,8%, чаго не было раней. Для параўнаньня: у студзені-траўні 2026 году доля адмоваў складала толькі 4,4%, у 2025 годзе іх было 5,5%, а ў 2024-м — 5,4%.
Управа ў справах замежнікаў зьмяніла падыход да ацэнкі становішча ў Беларусі. У прыватнасьці, у адной з пастановаў гаварылася, што тэрмін даўніны ў «пратэставым» 342-м артыкуле ўжо скончыўся, а за студзень–люты 2026 году, паводле зьвестак Праваабарончага цэнтру «Вясна», не зафіксавана выпадкаў асуджэньня асобаў за ўдзел у пратэстах.
Таксама ўправа спасылалася на некалькі пастановаў Лукашэнкі пра памілаваньне, але, як пісалі беларускія незалежныя рэдакцыі, не зьвярнула ўвагі на працяг рэпрэсій у краіне і прызнаньне палітвязьнямі дзясяткаў новых людзей.