На пытаньні Радыё Свабода пра пэрспэктывы паставак беларускага калію ў ЗША адказалі Джозэф Глаўбэр, старшы дасьледчык Міжнароднага інстытуту дасьледаваньняў харчовай палітыкі, былы галоўны эканаміст Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША, і Джош Лінвіл, віцэ-прэзыдэнт у пытаньнях угнаеньняў фінансавай кампаніі StoneX.
21 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай аб закупцы беларускага калію па цане, ніжэйшай за канадзкую. Аднак Аляксандар Лукашэнка ў той жа дзень заявіў, што Беларусь ня мае свабодных аб’ёмаў для заходніх рынкаў, бо ўсё ўжо закантрактавана. ЗША скасавалі санкцыі супраць беларускіх калійных прадпрыемстваў у сакавіку 2026 году, абмежаваньні Эўразьвязу застаюцца ў сіле.
— Прэзыдэнт Трамп заявіў, што Беларусь гатовая прадаваць калійныя ўгнаеньні Злучаным Штатам па значна ніжэйшых цэнах, чым Канада. Наколькі рэалістычным гэта выглядае з улікам лягістычных і транспартных пытаньняў?
Джозэф Глаўбэр
Глаўбэр: Тут трэба пачакаць з адказам. Глядзіце, гістарычна Беларусь не пастаўляла ў ЗША вялікіх аб’ёмаў калійных угнаеньняў. Нават у пэрыяды максымальных паставак у ЗША доля Беларусі складала менш за 10% ад агульнага абʼёму амэрыканскага імпарту. І, наколькі я разумею, пастаўкі ўпалі пасьля 2022 году.
Відавочна, што цяпер Беларусь сутыкаецца са значнымі цяжкасьцямі пры экспарце: яна больш ня можа рабіць пастаўкі праз краіны Балтыі і вымушана карыстацца маршрутамі праз Расею ці наземным транспартам, што абыходзіцца значна даражэй. Гэта істотна павялічвае транспартныя выдаткі, таму незразумела, ці зможа Беларусь пасьпяхова канкураваць з Канадай па цане.
Канада знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці да ЗША і забясьпечвае больш за дзьве траціны — а часам і амаль 80% — нашых патрэбаў у калійных угнаеньнях.
Джош Лінвіл
Лінвіл: Я не лічу гэта вельмі рэалістычным. І я разумею, чаго [прэзыдэнт Трамп] спрабуе дамагчыся. Мяркую, значная частка гэтай заявы абумоўлена жаданьнем аказаць ціск на канадцаў у ходзе гандлёвых перамоў, якія вядуцца ўжо даволі доўга. Ён спрабуе агучыць нейкую сьмелую ідэю, каб націснуць на іх і вярнуць за стол перамоў.
Калі паглядзець на Беларусь — нават у пэрыяд найбольшай актыўнасьці, прыкладна ў 2017–2018 гадах, — максымальны абʼём калію, які паступаў у ЗША, складаў 750 тысяч тон. І гэта было тады, калі яны мелі доступ да тэрыторыі Літвы для транспартаваньня сваёй прадукцыі да мора. У лютым 2022 году, калі расейская армія выкарыстала Беларусь для нападу на Кіеў з поўначы, было прынята рашэньне закрыць гэтую мяжу.
Такім чынам, яны страцілі той натуральны шлях да астатняга сьвету, які ў іх быў. І сёньня Літва па-ранейшаму не дазваляе ім карыстацца гэтым маршрутам. На ўсход ад Літвы знаходзіцца Латвія — яшчэ адзін чалец NATO. На захадзе — Польшча, якая, безумоўна, не зьяўляецца саюзьнікам Беларусі і Расеі; яна не зьбіраецца адкрываць свае межы. На поўдні — Украіна; вядома, там таксама не дазволяць транзыт.
Таму адзіны шлях экспарту ў астатні сьвет — гэта перавозка прадукцыі праз Расею. І, трэба сказаць, пэўных посьпехаў яны там дасягнулі. Але гэта патрабуе больш выдаткаў і часу; гэта дорага, і, шчыра кажучы, мы лічым, што ланцужкі паставак абмежаваныя. Мы ня верым, што яны змогуць вярнуцца да ранейшых абʼёмаў экспарту, бо інфраструктура Расеі проста не была разьлічана на такія патокі. Да таго ж, у Расеі ёсьць уласныя ўгнаеньні, якія яна хоча экспартаваць.
Такім чынам, вяртаючыся да пачатку: мы ня лічым гэта рэальнай пагрозай — зыходзячы з той інфармацыі, якую маем. Магчыма, існуе нейкая дамоўленасьць з Літвой ці нешта іншае, пра што мы ня ведаем. Калі б межы з Беларусьсю зноў адкрыліся, гэтыя абʼёмы прадукцыі маглі б пачаць вяртацца на сусьветны рынак. Магчыма, мы нешта ўпускаем з-пад увагі. Але, грунтуючыся на наяўнай у нас сёньня інфармацыі, мы ня лічым гэта рэальнай пагрозай [для эканамічных інтарэсаў Канады].
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці магчымая «вялікая калійная зьдзелка» паміж Беларусьсю і ЗША. У пытаньнях і адказах— Ці магчыма, што нават невялікай колькасьці беларускіх калійных угнаеньняў хопіць, каб прымусіць канадзкіх вытворцаў зьнізіць цэны? Магчыма, зьяўленьне новага канкурэнта дасьць Злучаным Штатам дадатковыя рычагі ўплыву?
Лінвіл: Я так ня думаю. На мой погляд, Беларусь мае больш выгадныя ўмовы для паставак у астатнім сьвеце. Калі падумаць, яны маюць доступ, напрыклад, да кітайскага рынку. Кітай — буйны пакупнік калійных угнаеньняў, таму гэта натуральны пункт супрацоўніцтва для гэтых двух бакоў.
Калі разабрацца, цана на калійныя ўгнаеньні ў ЗША і Паўночнай Амэрыцы ўжо вельмі прывабная, невысокая ў параўнаньні з цэнамі на збожжа і з гістарычнымі паказчыкамі. Калійныя ўгнаеньні — гэта той асноўны від угнаеньняў для Паўночнай Амэрыкі, цана на які сапраўды вярнулася да нізкага ўзроўню і застаецца на ім.
Глаўбэр: Ну, у нас ужо ёсьць іншыя крыніцы калійных угнаеньняў. Мы імпартуем іх з Расеі. Мы імпартуем іх з Ізраілю. Мы закупляем калій у Эўрапейскім зьвязе. Так што Канада — не адзіны пастаўшчык гэтага прадукту. Але, зноў жа, менавіта Канада забясьпечвае асноўны абʼём паставак. Я лічу, што гэта хутчэй дэманстратыўны крок з боку адміністрацыі Трампа.
— Агенцтва Argus Media паведаміла, што першая за чатыры гады партыя беларускіх угнаеньняў для ЗША складзе 30 тысяч тон хлярыду калію. Чакаецца, што яна прыбудзе ў Новы Арлеан у наступным месяцы. Як вы лічыце, ці гэтая пастаўка неяк паўплывае на рынак?
Глаўбэр: Не, я так ня думаю. Ня думаю, што гэта паўплывае на рынкавыя цэны ці нешта падобнае. Гэта значны абʼём, але мы гаворым пра глябальныя рынкі, і, як вы, напэўна, ведаеце, мы вызвалілі Канаду ад любых мытаў на яе калій. Таму мы закупляем гэты калій па сусьветных цэнах. Такім чынам, я не лічу, што гэта паўплывае на сусьветныя цэны ці на цэны ў ЗША.
Лінвіл: Гэта вельмі нагадвае сытуацыю, калі прэзыдэнт Трамп прыпыніў дзеяньне кампэнсацыйных пошлін на мараканскія фасфаты. Тады некаторыя палітыкі і іншыя людзі казалі: маўляў, цана на фасфаты ўпадзе ўдвая, абрынецца да мінімуму, бо аднаўляюцца гэтыя шляхі паставак. Аднак з таго часу цана на фасфаты, наадварот, вырасла.
Судна з грузам 30 тысяч тон не акажа істотнага ўплыву на рынак, які спажывае мільёны і мільёны тон штогод. Я ня думаю, што большасьць удзельнікаў рынку паглядзіць на гэтае судна і падумае: «О, гэта цалкам зьменіць рэакцыю рынку». Я проста не лічу гэта рэалістычным.
— Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь на гэты год ужо мае кантракты на тыя калійныя щгнаеньні, якія вырабляе цяпер. Які абʼём Беларусь магла б рэальна пераарыентаваць з Кітаю і іншых цяперашніх пакупнікоў? І як наогул працуе гэты рынак — колькі часу спатрэбіцца, каб павялічыць вытворчасьць пад новых кліентаў?
Глаўбэр: Я дакладна ня ведаю цяперашніх паказчыкаў гадавой вытворчасьці. Але калі паглядзець на абʼёмы экспарту Беларусі да 2022 года... Вядома, менавіта ў 2022 годзе мы назіралі спад экспарту праз закрыцьцё партоў у Латвіі і Літве для беларускіх тавараў. Экспарт у астатнія краіны сьвету значна скараціўся, хоць у некаторыя краіны ён нават вырас.
Такім чынам, прынамсі ў даляравым эквіваленце, Кітай імпартаваў вялікія абʼёмы ў 2023 і 2024 гадах. Бразылія таксама застаецца стабільным пакупніком беларускага калію. Зноў жа, варта адзначыць, што, напрыклад, Бразылія імпартуе значныя абʼёмы і з Канады.
Думаю, няма сумневаў: калі б Беларусь змагла дастаўляць прадукцыю ў парты і канкураваць на сусьветным рынку па сусьветных цэнах, то зь цягам часу яна магла б аднавіць частку свайго экспартнага патэнцыялу. Але, зноў жа, галоўныя праблемы для Беларусі цяпер — гэта лягістычныя цяжкасьці, і пагадненьне з ЗША ніяк іх не вырашае.
Лінвіл: Ня думаю, што гэта пытаньне 2026 году. Хутчэй за ўсё, гэта пытаньне 2027 году. І нават тады трэба будзе аднавіць працу празь Літву і зноў запусьціць усю гэтую лягістычную сыстэму. Беларусі таксама давядзецца вярнуць абʼёмы вытворчасьці калійных угнаеньняў на ранейшы ўзровень. Варта меркаваць, што гэтыя паказчыкі істотна зьнізіліся праз немагчымасьць вывозіць прадукцыю з краіны. Дык ці можа гэта паўплываць на сытуацыю ў 2027 годзе? Безумоўна, пры спрыяльным зьбегу абставін, але для гэтага павінна сысьціся ў адно цэлае некалькі фактараў.