Пачобут правёў сустрэчы ў ЗША, з Коўлам ён гаварыў пра становішча польскай меншасьці і палітвязьняў у Беларусі

Анджэй Пачобут, былы палітвязень зь Беларусі, і Джон Коўл, пасланьнік прэзыдэнта ЗША, на сустрэчы ў Вашынтоне. 23 верасьня 2026

Былы палітвязень Анджэй Пачобут наведвае ЗША і Канаду. Раней ён наведаў Беларусь.

Становішча польскай меншасьці ў Беларусі, Саюза палякаў, палітвязьняў і «агулам магчымасьці паляпшэньня сытуацыі ўнутры» краіны абмеркаваў са спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам экс-палітвязень, журналіст і актывіст польскай супольнасьці Анджэй Пачобут.

«Я ўдзячны спадару Коўлу за намаганьні, накіраваныя на маё вызваленьне і вызваленьне іншых палітвязьняў. Жадаю посьпеху ягонай місіі і чакаю яго наступнага візыту ў Беларусь!», — напісаў ён у сацыяльных сетках па выніках сустрэчы, якая адбылася ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.

Разам на сустрэчы з Коўлам была ягоная жонка Аксана, кіраўнік амбасады Польшчы ў ЗША Богдан Кліх і Кшыштаф Лісэк, прадстаўнік Фонду імя Яна Альшэўскага «Дапамога палякам на Ўсходзе».

Анджэй Пачобут таксама наведаў сядзібу праваабарончай арганізацыі Freedom House, дзе сустрэўся зь яе кіраўніком Джэймі Флаем, правёў размову ў Кангрэсе ЗША з чальцом Палаты прадстаўнікоў Джэймі Раскіным, уплывовым кангрэсмэнам-дэмакратам.

Місія Джона Коўла

Па выніках перамоў Коўла і Лукашэнкі 16 верасьня ў Менску было вызвалена 25 палітвязьняў. Усе яны былі вывезеныя ў Літву (дзесяцёра пасьля перабраліся ў Польшчу). У адказ ЗША зьнялі санкцыі з канцэрна «Беллеспаперпрам» і ААТ «Лакафарба».

Раней у інтэрвію тэлеканалу «Дождь» Коўл на пытаньне, ці размаўляе ён з Аляксандрам Лукашэнкам пра дэмакратызацыю, пра тое, ці зьбіраецца той нейкім чынам мяняць пазыцыю ў дачыненьні да грамадзян Беларусі, заявіў:

«На гэты момант не. Пакуль я такое пытаньне з ім не ўздымаў. Можа быць, у будучыні калі-небудзь уздыму. Я ўздымаў пытаньне пра палітычных вязьняў, але пытаньні ўнутранай палітыкі не».

Працэс масавага вызваленьня палітвязьняў у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з адміністрацыяй Дональда Трампа пачаўся з 2025 году.

У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.

«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.

Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.

З улікам вызваленьня 16 верасьня дакладна вядома пра 671 вызваленага за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.

Хто такі Анджэй Пачобут

Анджэй Пачобут — горадзенскі журналіст, карэспандэнт польскай Gazeta Wyborcza і актывіст непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, правёў за кратамі больш за пяць гадоў. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 году, а ў лютым 2023 году засудзілі на восем гадоў калёніі. Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязьнем, а польскія ўлады дамагаліся яго вызваленьня.

Яшчэ ў 2021 годзе Пачобут адмовіўся ад прапановы выйсьці на волю ўзамен на выезд зь Беларусі. 28 красавіка 2026 году, пасьля больш як пяці гадоў зьняволеньня, яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу ў рамках міжнароднага абмену зьняволенымі.

Пачобут правёў у зьняволеньні больш за 5 з 8 гадоў, прызначаных яму беларускім судом у якасьці пакараньня ў рамках палітычна матываванай справы. Напрыканцы красавіка 2026 году ён быў вызвалены ў выніку абмену па формуле «пяць на пяць», у якім з аднаго боку ўдзельнічалі Польшча і Малдова, з другога — Беларусь і Расея.

Журналіст неаднаразова заяўляў, што магчымасьць вярнуцца ў Беларусь была адной з прынцыповых умоў, на якіх ён пагадзіўся пакінуць краіну пасьля выхаду на свабоду. У верасьні ён на тыдзень прыехаў у Беларусь, дзе сутыкнуўся з падвышанай увагай сілавікоў, але абышлося без эксцэсаў. Пасьля экс-палітвязень вярнуўся ў Польшчу, каб падрыхтавацца да цяперашняга візыту ў ЗША. Пачобут па-ранейшаму мае намер вярнуцца ў Беларусь назаўжды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што азначае вяртаньне Пачобута ў Беларусь. Аналіз Карбалевіча