Вольга Лойка: Імпарт беларускага калію ў ЗША з закрытай тэмы стаў прадметам перамоваў

Ілюстрацыйнае фота

Эканамічная экспэртка, галоўная рэдактарка выданьня «План Б» Вольга Лойка кажа, што пытаньне імпарту калію зь Беларусі ў ЗША ўжо стала прадметам перамоваў сярод зацікаўленых бакоў.

У кастрычніку ў порт Новага Арлеану павінна прыбыць першая за чатыры гады партыя беларускага калію — 30 тысяч тон.

Пра гэта піша галіновае агенцтва Argus Media. Сёлета ў сакавіку Вашынгтон выключыў «Беларуськалій» і Беларускую калійную кампанію са сьпісу санкцыяў. 21 верасьня Дональд Трамп заявіў, што ЗША працуюць над «маштабнай угодай» аб закупцы беларускага калію.

Вольга Лойка

«Гэтая партыя аказалася крыху меншай, чым меркавалася. Паводле максымальных ацэнак, яна магла скласьці 70 тысяч тон», — заявіла Свабодзе эканамічная экспэртка, галоўная рэдактарка выданьня «План Б» Вольга Лойка.

«Матэматычна гэта сапраўды выгадна: цана ў ЗША цяпер крыху вышэйшая, прыкладна 480–500 даляраў за тону, а ў Кітаі, які цяпер зьяўляецца асноўным пакупніком беларускага хлярыду калію, яна складае каля 370 даляраў».

Але ЗША і Кітай фактычна купляюць розныя прадукты, зьвяртае ўвагу экспэртка.

«Калі Лукашэнка кажа, што ў нас няма калію, бо ўсё закантрактавана, то ў гэтым выпадку ён, у прынцыпе, ня хлусіць. ЗША традыцыйна купляюць грануляваны ружовы хлярыд калію, якога вырабляецца ня так шмат і якога не выпускае Нежынскі горна-ўзбагачальны камбінат. Таму канкурэнцыі з Кітаем тут амаль няма.

Аднак грануляваны прадукт сапраўды крыху даражэйшы. Яго зручней выкарыстоўваць у сумесях, ён лепш захоўваецца і лепш пераносіць транспартаваньне. Такім чынам, гэта сапраўды даражэйшы прадукт, якога ў Беларусі няма ў такіх аб’ёмах, у якіх, магчыма, хацеў бы Трамп, каб не купляць яго ў канадцаў».

Паводле Лойкі, пытаньне імпарту калію зь Беларусі, які зараз блякуюць эўрапейскія санкцыі, ужо стала прадметам перамоваў.

«Гэта даволі тонкая сытуацыя: падаецца, што ўсім бакам гэта выгадна і зручна, але кожны зь іх мае досыць сур’ёзныя абмежаваньні. Інтарэсы Літвы тут, відавочна, ёсьць. Ужо сёньня эўрадэпутаты пачалі казаць: давайце ўсё ж разгледзім магчымасьць дазволіць транзыт пры ўмове, што церазь Літву таксама павязуць украінскае збожжа.

Увогуле, пазл пачынае складвацца. Інтарэсы ўсіх бакоў ужо выразна акрэсьленыя, яны дакладна ляжаць на стале, і ўсе ўжо адкрыта пра гэта гавораць. Тое, што яшчэ некалькі месяцаў таму абмяркоўвалася ў духу „мы ніколі ня будзем гэтага абмяркоўваць“, цяпер ужо ляжыць на стале, і гэта прадмет перамоваў», — сказала Вольга Лойка ў «ПіКу Свабоды».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў, што цана калію зь Беларусі можа быць больш выгаднай за цану з Канады

Пастаўкі беларускага калію ў ЗША

ЗША набываюць за мяжой каля 92-94% калійных угнаеньняў, якія спажываюць. Свая вытворчасьць вельмі абмежаваная і складае каля 1% сусьветнай здабычы і 8% ад уласных патрэб.

Беларусь да санкцый, якія былі ўведзеныя ў 2021 годзе, пастаўляла ў ЗША крыху больш за 700 тыс. тон калійных угнаеньняў на год. Гэта складала 8% амэрыканскіх закупак калію.

Пасьля ўвядзеньня санкцый афіцыйная беларуская статыстыка ў здабычы і экспарце калійных угнаеньняў больш не публікуецца. Але гэта ня значыць, што яе нельга даведацца. Паводле Геалягічнай службы Міністэрства ўнутраных справаў ЗША, экспарт калію з Беларусі ў 2024 годзе склаў 6,43 мільёна тонаў. Асноўным пакупніком быў Кітай.

Таксама беларускі калій набывае Бразылія і Індыя, але апошнія гады экспарт у гэтыя краіны скараціўся праз нежаданьне трапіць пад другасныя санкцыі. Але ў сакавіку 2026 санкцыі зь беларускага калію амэрыканцы зьнялі, што можа разьняволіць і названыя краіны.

У 2024-м Беларусь павялічыла вытворчасьць калію да 7,1 мільёна тонаў. То бок тэарэтычна, Беларусь магла б забясьпечыць патрэбы амэрыканскага рынку. Аднак, гэта толькі ў тэорыі. Беларусь ужо мае кантракты на пастаўку калію і скасоўваць іх ня будзе, а моцна нарасьціць аб’ёмы вытворчасьці проста не атрымаецца, кажа ў камэнтары Свабодзе эканаміст Мікалай Кульбака.

«Рэальна ўявіць сабе, што цяпер Лукашэнка змог бы перакінуць дастаткова вялікія аб’ёмы з іншых краін у Злучаныя Штаты, вельмі складана і праблематычна, на мой погляд. Праблема ў тым, што ў Беларусі няма свабодных магутнасьцяў, каб яшчэ і на Злучаныя Штаты хапала гэтага прадукту. З Кітаем, асноўным пакупніком, яны дакладна сварыцца ня будуць. Проста Трампу патрэбная нейкая альтэрнатыва, якую ён можа прадэманстраваць народу, або з дапамогай якой можа націснуць на Канаду, паказаўшы, што ня вы адны такія на белым сьвеце», — мяркуе суразмоўца.

Пра гэтую ж праблему кажа і Лукашэнка, у сваёй заяве, якая на некалькі гадзінаў апярэдзіла допіс Дональда Трампа.

«Наколькі я інфармаваны прэм’ер-міністрам і ўрадам, нам удалося пераарыентавацца на ўсход. Сьведчаньнем таму — перамовы з амэрыканцамі. І як тут многія крычаць: „Ах, калій!“ Мы нават калі б захацелі кудысьці паставіць на іншыя рынкі, заходнія рынкі, у нас проста гэтых аб’ёмаў няма, усё закантрактавана», — заявіў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўскі адказаў жонцы, 30 рублёў за двухпакаёўку паводле Лукашэнкі, новы будынак амбасады Польшчы. Відэанавіны 23 верасьня

Што адбылося

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 21 верасьня напісаў пра ўгоду з Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай у закупцы калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!», — напісаў ён.

Санкцыі з беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз у сваю чаргу гэтага не зрабіў. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускія ўгнаеньні, але і забараняюць іх транзыт праз свае марскія парты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці магчымая «вялікая калійная зьдзелка» паміж Беларусьсю і ЗША. У пытаньнях і адказах