NEXTA патлумачыў, ці маглі спэцслужбы Расеі дэзынфармаваць яго ў 2020, каб уплываць на пратэст

Сьцяпан Пуціла

Стваральнік мэдыйнага рэсурсу NEXTA Сьцяпан Пуціла ў інтэрвію Дзьмітрыю Гурневічу адказаў на пытаньне, ці магла расейская выведка ў 2020 годзе наўмысна дызэнфармаваць супрацоўнікаў рэсурсу, каб радыкалізаваць пратэст і ў выніку адкінуць Беларусь ад Захаду. Такую верагоднасьць дапусьціў былы кіраўнік польскай выведкі Пётр Краўчык.

Цалкам інтэрвію Сьцяпана Пуцілы праекту Радыё Свабода «Канапа».

«Калі гэты чалавек кіраваў тады польскай выведкай, то ён мог арганізаваць сачэньне за нашым офісам. А можа і рабіў гэта. Наш офіс тады быў у самым цэнтры Варшавы, побач з Сэймам. Можна было нас падслухоўваць і, калі б былі падазрэньні, прад’явіць нам абвінавачваньні. Чалавек хоча так пацьвердзіць сваё меркаваньне. На нашым канале выйшла інтэрвію зь Пятром Краўчыкам, яго для нас зрабіў журналіст Ігар Кулей. Краўчык там паўтарыў гэта. Безумоўна, Расеі было цікава ўлезьці ў гэтыя выбары. Але праект NEXTA да гэтых плянаў не былі датычныя». — скзаў Пуціла.

Ён патлумачыў, што ўсе пляны дэманстрацый і маршруты распрацоўваліся рознымі беларускімі палітыкамі і актывістамі ў закрытым тэлеграм-чаце «Хата». Таму словы Краўчыка, што канал NEXTA распаўсюджваў інструкцыі, якія дасылалі расейскія спэцслужбы, не адпавядаюць фактам.

«Таксама ён казаў, што нас дызэнфармавалі спэцслужбы, калі дасылалі інфу з МУС і КДБ. Але мы атрымлівалі інфармацыю ад простых людзей, мы верыфікавалі інфармацыю, мы атрымлівалі здымкі службовых пасьведчаньняў. І мы спраўджвалі ў людзей з тых жа органаў тую інфармацыю. І гэта пацьвярджалася. Пазьней яны пачалі рабіць так званыя кантраляваныя зьлівы, ставіць кропк і коскі ў розных месцах. Потым яны перасталі гэта рабіць. Але ў нас усё роўна былі крыніцы ўнутры Беларусі, адной зь іх быў Уладзімер Жыгар, які цяпер у „Белполе“. Ён у мяне ў тэлефоне быў падпісаны „МВД Мозырь“. Гэта былі сапраўдныя людзі. У нас і цяпер застаюцца крыніцы ў Беларусі, але мы папрасілі, каб цяпер яны з намі не кантактавалі. Але ў нас былі людзі і са Службы бясьпекі прэзыдэнта, КДБ, з самых розных структур». — сказаў Сьцяпан Пуціла.

Пра праект «Канапа»

«Канапа» — гэта ўтульныя інтэрвію Дзьмітрыя Гурневіча, дзе госьці разважаюць пра Беларусь і беларускасьць. І проста могуць быць сабой. Глядзіце на YouTube-канале Радыё Свабода.