Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп заявіў 22 верасьня, што Беларусь можа прапанаваць ЗША больш выгадную цану за Канаду.
Ён дадаў, што ЗША працягнуць купляць калійныя ўгнаеньні ў Канады, але Беларусь хацела б прадаваць іх па ніжэйшай цане, інфармуе Reuters.
«У Беларусі шмат калію, а нашым фэрмэрам патрэбныя добрыя цэны», — сказаў Трамп журналістам у час двухбаковай сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
«Мы працягнем купляць у Канады, але Беларусь хацела б прадаваць яго па значна ніжэйшай цане», — дадаў Трамп.
Раней экспэрты з Канады ацанілі словы Трампа наконт паставак беларускага калію. Яны бачаць у гэтым пагрозу цэнаўтварэньню і пазыцыям канадыйскага калію на рынку ЗША, хоць і сумняюцца ў тым, што амэрыканцы адмовяцца ад вялікай часткі паставак з Канады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Канадзе ацанілі намер ЗША купляць калій у БеларусіПастаўкі беларускага калію ў ЗША
ЗША набываюць за мяжой каля 92-94% калійных угнаеньняў, якія спажываюць. Свая вытворчасьць вельмі абмежаваная і складае каля 1% сусьветнай здабычы і 8% ад уласных патрэб.
Беларусь да санкцый, якія былі ўведзеныя ў 2021 годзе, пастаўляла ў ЗША крыху больш за 700 тыс. тон калійных угнаеньняў на год. Гэта складала 8% амэрыканскіх закупак калію.
Пасьля ўвядзеньня санкцый афіцыйная беларуская статыстыка ў здабычы і экспарце калійных угнаеньняў больш не публікуецца. Але гэта ня значыць, што яе нельга даведацца. Паводле Геалягічнай службы Міністэрства ўнутраных справаў ЗША, экспарт калію з Беларусі ў 2024 годзе склаў 6,43 мільёна тонаў. Асноўным пакупніком быў Кітай.
Таксама беларускі калій набывае Бразылія і Індыя, але апошнія гады экспарт у гэтыя краіны скараціўся праз нежаданьне трапіць пад другасныя санкцыі. Але ў сакавіку 2026 санкцыі зь беларускага калію амэрыканцы зьнялі, што можа разьняволіць і названыя краіны.
У 2024-м Беларусь павялічыла вытворчасьць калію да 7,1 мільёна тонаў. То бок тэарэтычна, Беларусь магла б забясьпечыць патрэбы амэрыканскага рынку. Аднак, гэта толькі ў тэорыі. Беларусь ужо мае кантракты на пастаўку калію і скасоўваць іх ня будзе, а моцна нарасьціць аб’ёмы вытворчасьці проста не атрымаецца, кажа ў камэнтары Свабодзе эканаміст Мікалай Кульбака.
«Рэальна ўявіць сабе, што цяпер Лукашэнка змог бы перакінуць дастаткова вялікія аб’ёмы з іншых краін у Злучаныя Штаты, вельмі складана і праблематычна, на мой погляд. Праблема ў тым, што ў Беларусі няма свабодных магутнасьцяў, каб яшчэ і на Злучаныя Штаты хапала гэтага прадукту. З Кітаем, асноўным пакупніком, яны дакладна сварыцца ня будуць. Проста Трампу патрэбная нейкая альтэрнатыва, якую ён можа прадэманстраваць народу, або з дапамогай якой можа націснуць на Канаду, паказаўшы, што ня вы адны такія на белым сьвеце», — мяркуе суразмоўца.
Пра гэтую ж праблему кажа і Лукашэнка, у сваёй заяве, якая на некалькі гадзінаў апярэдзіла допіс Дональда Трампа.
«Наколькі я інфармаваны прэм’ер-міністрам і ўрадам, нам удалося пераарыентавацца на ўсход. Сьведчаньнем таму — перамовы з амэрыканцамі. І як тут многія крычаць: „Ах, калій!“ Мы нават калі б захацелі кудысьці паставіць на іншыя рынкі, заходнія рынкі, у нас проста гэтых аб’ёмаў няма, усё закантрактавана», — заявіў Лукашэнка.
Што адбылося
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 21 верасьня напісаў пра ўгоду з Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.
«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай у закупцы калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!», — напісаў ён.
Санкцыі з беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз у сваю чаргу гэтага не зрабіў. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускія ўгнаеньні, але і забараняюць іх транзыт праз свае марскія парты.