Новы іміграцыйны закон інцыяваў кансэрватыўны ўрад Латвіі, піша Delfi. Яго абмеркаваньне перад канчатковым галасаваньнем заняло шмат часу і ахапіла розныя палітычныя сілы рэспублікі.
Калі замежнік атрымлівае часовы дазвол на жыхарства (далей — ДНЖ) менавіта ў сувязі з працаўладкаваньнем, выдаюць яго зараз толькі на тэрмін да аднаго году. Вынятак толькі ў тым выпадку, калі працадаўца плаціць падатак па рэжыме мікрапрадпрыемства: у гэтым выпадку такі пункт не працуе зусім.
Затое блакітную картку Эўразьвязу выдаюць на 2 гады.
Агулам жа без абмежаваньняў у Латвіі могуць працаваць 23 катэгорыі іншаземцаў, гаворыць закон. Сярод іх, у прыватнасьці:
- уладальнікі пастаяннага ДНЖ;
- муж, жонка або дзіця латвійскага грамадзяніна, неграмадзяніна або ўладальніка пастаяннага ДНЖ;
- нашчадак латыша ці ліва;
- уцекачы, асобы з альтэрнатыўным статусам або часовай абаронай — і таксама іхныя сямейнікі;
- апекуны латвійскіх грамадзян і неграмадзян;
- асобы, якія знаходзяцца ў Латвіі на пэрыяд скасаваньня шлюбу з агульным дзіцём, або ў сувязі з крымінальнай справай;
- ахвяры гандлю людзьмі;
- студэнты другога або трэцяга цыклю вышэйшай адукацыі (магістратура, асьпірантура), калі вучацца безь перапынку;
- дасьледнікі (па візе або ДНЖ);
- інвэстары — як праз капітал кампаніі, так і праз фонд альтэрнатыўных інвэстыцый.
Парадак для грамадзян Беларусі
Фактычна, для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь у новым Іміграцыйным законе Латвіі засталася толькі адна льгота: беларус, які ўжо быў афіцыйна працаўладкаваны ў Латвіі як мінімум тры апошнія месяцы перад паўторнай падачай дакумэнтаў і плаціў падаходны падатак, мае права атрымаць паўторны часовы дазвол на жыхарства на год.
Беларусы выключаныя з шэрагу разьдзелаў і падразьдзелаў закону, такім чынам, пазбаўленыя права зьвяртацца па дазвол на пражываньне ў шэрагу выпадкаў, калі закон дазваляе рабіць гэта грамадзянам іншых дзяржаваў, апрача Расеі.
Асобна агавораны выпадак з адукацыяй: беларус можа зьвяртацца па ДНЖ на такой падставе, калі ягонае знаходжаньне ў Латвійскай Рэспубліцы зьвязанае з абменам студэнтамі акрэдытаваных навучальных устаноў.
У выпадку, не прадугледжаным законам, калі дзяржаўныя органы атрымалі зварот беларускага грамадзяніна па часовы дазвол на жыхарства да 3 гадоў, дазвол на гэта павінен даць міністар унутраных спраў, калі выдача дазволу адпавядае міжнародна-прававым нормам або зьвязаная з гуманітарнымі меркаваньнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Латыскі палітоляг патлумачыў, чаму ўрад не пайшоў на закрыцьцё мяжыНайбольш абмежаваньняў — для расейцаў
Грамадзянам Расеі недаступныя, у прыватнасьці, ДНЖ у якасці кіраўніка кампаніі, укладніка (інвэстара), удзельніка стартапу і звычайнага наёмнага работніка. Пры гэтым закон не абмяжоўвае для іх атрыманьне «блакітнай карткі» ЭЗ, перавод унутры групы кампаній і навукова-дасьледчыя праекты.
Таксама грамадзяне Расеі ня маюць права атрымаць візу з правам на працаўладкаваньне або візу для аддаленай працы — акрамя сэзоннай працы.
Змаганьне зь нелегальнай іміграцыяй
Адно з патрабаваньняў дэпутатаў, якія рыхтавалі законапраект — каб ён дазволіў уладам больш пільна рэгуляваць уладкаваньне на працу ў краіне. Прадугледжвае дакумэнт і тых мігрантаў, якія маглі пранікнуць у краіну бяз права ўезду. Падобныя праблемы Латвія ня першы год мае ў прыватнасьці на мяжы зь Беларусьсю. Ад пачатку 2026 году Латвія прадухіліла 11 001 спробу мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.
На латвійскі ўчастак прыпала 84,9% усіх спыненых за восем месяцаў і трынаццаць дзён спробаў парушэньня мяжы Эўразьвязу зь Беларусьсю (на літоўскі ўчастак — 1490, або 11,5%; польскі — 472, або 3,6%), пісала агенцтва «Позірк». У 2025 годзе на долю Латвіі прыпадала 27,4% такіх спробаў.
11 жніўня Латвія распачала на мяжы спэцапэрацыю Vilkatis («Пярэварацень»). Мэтай было названае «істотнае скарачэньне колькасьці незаконных перасячэньняў мяжы і недапушчэньне іх у далейшым». Спачатку апэрацыю плянавалася завяршыць 1 верасьня, аднак тэрмін заканчэньня быў перанесены на 1 кастрычніка.
Новы закон прадугледжвае новую адказнасьць за дапамогу ў перасячэньні мяжы. Гаворка пра перавозьнікаў — нярэдка грамадзянаў Латвіі, якія за грашовую ўзнагароду згаджаюцца падвезьці нелегальных мігрантаў ад парушанай дзяржаўнай мяжы ў вызначаныя населеныя пункты.
Перавозьнік, які даставіў у Латвію чалавека без патрэбных дакумэнтаў, атрымае штраф ад 200 да 400 базавых адзінак (фізычнай асобе) і ад 840 да 1400 адзінак (юрыдычнай асобе) за кожнага перавезенага.