Горадзенца асудзілі паводле 6 крымінальных артыкулаў за камэнтары ў інтэрнэце
54-гадовага Валерыя Рынкевіча абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці», «рэабілітацыі нацызму», «абразе і паклёпе на Лукашэнку», «здзеку зь дзяржаўных сымбаляў», а таксама ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках».
Прысуд яму вынес Горадзенскі абласны суд, але тэрмін пакараньня пакуль невядомы, піша «Наша Ніва».
Паводле даступнай інфармацыі, сьледзтва і суд абвінавацілі і судзілі Рынкевіча за камэнтары, якія той пакідаў у інтэрнэце. Якія менавіта камэнтары — невядома.
Рынкевіча ўжо ўнесьлі ў так званы сьпіс «экстрэмістаў», які вядзе МУС Беларусі, дзе пазначана, што ён адбывае пакараньне. Унестлі яго і ў сьпіс асобаў, «зьвязаных з тэрарыстычнай дзейнасьцю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 21 верасьня: жыхара Баранавічаў асудзілі па артыкуле аб арганізацыі масавых беспарадкаўНачальніка ўстаноўкі Мазырскага НПЗ абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці»
«Гомельская Вясна» паведамляе пра перасьлед начальніка ўстаноўкі каталітычнай вытворчасьці бэнзінаў Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Яўгена Вяргея. Яго затрымалі напрыканцы 2025 года.
Спачатку ён знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня Мазырскага РАУС, пасьля яго перавялі ў СІЗА №3 у Гомлі. Там правёў больш за сем месяцаў. Яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Як сьцьвярджаюць праваабаронцы, перасьлед мог быць зьвязаны са справай аб распаўсюдзе інфармацыі праз Telegram-канал «Беларускі Гаюн», які беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 3 верасьня: кнігі інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat і сацыяльныя сеткі BelPol трапілі ў «экстрэмісцкі» сьпісЧаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агулам рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году ня менш за 500 тысяч. BelPol уключае ў лік рэпрэсаваных і тых людзей, якія вымушана пакінулі Беларусь і апасаюцца вярнуцца на Радзіму, баючыся крымінальнага перасьледу паводле палітычных матываў.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 15 верасьня: украінку асудзілі ў Менску за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.
Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».