Пасьля трохмесячнага перапынку зноў закрывалі Віленскі аэрапорт праз гібрыдную атаку зь Беларусі

Віленскі аэрапорт, архіўнае фота

У ноч на 22 верасьня чарговым разам спыняў працу аэрапорт Вільні — імаверна, праз паветраныя балёны зь Беларусі. Апошні раз такое было ў чэрвені

Як паведамляе выданьне Delfi, праз аб’екты ў паветранай прасторы ўначы зноў быў закрыты аэрапорт Вільні. Гэтымі аб’ектамі маглі быць мэтэазонды з кантрабандай, якія запускаюць зь Беларусі.

«Уведзеныя абмежаваньні праз гібрыдную атаку Беларусі супраць Літвы, цывільнай авіяцыі і грамадзтва, на рызыкоўных для авіяцыі тэрыторыях былі зафіксаваныя навігацыйныя меткі, характэрныя для мэтэазондаў. Пасажыры, чые рэйсы закранулі абмежаваньні, павінны наўпрост зьвязацца з сваімі авіякампаніямі», — паведамляе кампанія Lietuvos oro uostai (LTOU, Літоўскія аэрапорты).

Аэрапорт прыпыняў працу з 23.25 21 верасьня па 02.40 22 верасьня. Былі закранутыя 17 рэйсаў. Зь іх 12 перанакіравалі ў аэрапорты Рыгі, Варшавы і Коўна. Тры рэйсы былі затрыманыя, а два — адмененыя.

Палётаў кантрабандных балёнаў над віленскім аэрапортам не фіксавалі з чэрвеня.

Тады ў іншыя аэрапорты былі перанакіраваныя пяць самалётаў. У траўні адзін рэйс быў адкладзены, другі накіраваны ў іншы аэрапорт.

Чаму гэта важна

Некантраляваныя мэтэазонды падымаюцца на вышыню, на якой рухаюцца самалёты цывільнай авіяцыі, што ўплывае на бясьпеку палётаў і наносіць страты аэрапорту і авіякампаніям. Літоўскія авіяцыйныя ўлады лічаць, што зонды зь Беларусі спэцыяльна запускаюць у зоны, небясьпечныя для авіяцыі.

Прылёты кантрабандысцкіх балёнаў зь Беларусі летась больш за дзесяць разоў уплывалі на працу Віленскага аэрапорту і адзін раз — Ковенскага. У сярэдзіне сьнежня ўрад Літвы з прычыны прылёту кантрабандысцкіх балёнаў, якія парушаюць працу Віленскага аэрапорту і ствараюць пагрозу цывільнай авіяцыі, аб’явіў экстрэмальную сытуацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Польшчы за паветраную кантрабанду цыгарэтаў затрымалі чатырох беларусаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літва перадала ICAO новыя доказы інцыдэнтаў зь беларускімі балёнамі, якія перашкаджалі самалётам у Вільні