Будрыс і Ціханоўская адрэагавалі на прапанову Трампа купляць беларускі калій

Шахты кампаніі «Беларуськалій» каля Салігорску, архіўнае фота

Пасьля таго як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп анансаваў вялікую ўгоду зь Беларусьсю наконт калійных угнаеньняў, зьявіліся рэакцыі афіцыйнай Вільні і Сьвятланы Ціханоўскай.

Будрыс: ніводная краіна ЭЗ ня можа ўдзельнічаць у пагадненьні ЗША аб беларускіх угнаеньнях

Як паведаміла агенцтва BNS, міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што цяпер ніводная дзяржава Эўрапейскага Зьвязу ня можа быць часткаю пагадненьня аб імпарце беларускіх угнаеньняў у ЗША.

Будрыс выступіў з гэтай заявай пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што Вашынгтон працуе над буйным пагадненьнем, якое дазволіць амэрыканцам імпартаваць калійныя ўгнаеньні зь Беларусі. Паводле Будрыса, пагадненьне, якое насьпявае, не паўплывае беспасярэдне на Літву.

«Тое, што адбываецца паміж ЗША і Беларусьсю, — гэта двухбаковыя адносіны. Тое, якія санкцыі здымаюць ЗША, наўпрост не зьвязана зь дзеяньнямі Эўрапейскага Зьвязу і яго санкцыйнай палітыкай. Таму мы разглядаем і гэтую заяву як пытаньне двухбаковых адносінаў, якое нас наўпрост не закранае», — сказаў міністар у этэры LRT.

Ён адзначыў, што пракансультаваў афіцыйных асобаў ЗША наконт таго, што цяперашні рэжым санкцыяў ЭЗ забараняе краінам Эўразьвязу ня толькі імпартаваць беларускія ўгнаеньні, але і ствараць умовы для іх транзыту праз тэрыторыі краін блёку.

«Усё роўна, хто ўласьнік калійных угнаеньняў, якія кампаніі іх адпраўляюць і ў якой краіне яны зарэгістраваныя. Калійныя ўгнаеньні, здабытыя ў Беларусі, ня могуць апынуцца на тэрыторыі ЭЗ», — падкрэсьліў Будрыс.

Адказваючы на пытаньне аб магчымым ціску ЗША на Літву або ЭЗ з мэтай перагляду санкцыяў, міністар заявіў, што прычыны ўводу санкцыяў на Беларусі ясныя — парушэньні правоў чалавека, разгром апазыцыі, падтрымка вайсковай агрэсіі Расеі — і яны не зьмяніліся.

«Няма падставаў казаць аб пераглядзе санкцыяў. Сёньня я ня бачу ніякай прасторы для дэбатаў на гэтую тэму», — дадаў кіраўнік літоўскай дыпляматыі.

Ён падкрэсьліў, што ўсе спробы ЗША зьмякчыць адносіны з Беларусьсю заканчваліся толькі больш агрэсіўнымі паводзінамі Менску на межах з краінамі NATO.

Ціханоўская: даходы ад продажу калійных угнаеньняў ідуць на рэпрэсіі і падтрымку расейскай ваеннай машыны

Ад крокаў дзеля збліжэньня з рэжымам Лукашэнкі засьцерагла ЗША Сьвятлана Ціханоўская. Яна дала камэнтар агенцтву AFP, у якім заявіла, што ўсякая ўгода зь Беларусьсю Лукашэнкі «спалучаная з рызыкамі».

«Наша пазыцыя палягае ў тым, што цяпер ня час гандляваць з рэжымам, пакуль усе даходы ад калійных угнаеньняў ідуць на рэпрэсіі, ідуць на падтрымку расейскай ваеннай машыны», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

«Усякая ўгода з рэжымам вельмі рызыкоўная», — папярэдзіла яна. Аднак падкрэсьліла сваю ўпэўненасьць у тым, што амэрыканцы «ведаюць, хто такі Лукашэнка», і што Трамп ведае, што робіць.

Сёлета ЗША скасавалі санкцыі супраць беларускіх угнаеньняў, уведзеныя ў 2022 годзе, аднак магчымасьць іх імпартаваць дагэтуль жорстка абмежаваная забаронамі на транзыт беларускіх тавараў праз суседнія краіны.

Да ўводу амэрыканскіх санкцыяў беларускія угнаеньні перавозілі празь літоўскі порт Клайпеду. Высокія службоўцы Літвы дагэтуль скептычна ставяцца да аднаўленьня транзыту з прычыны як санкцыяў ЭЗ, так і нежаданьня даваць магчымасьць зарабіць кампаніям, зьвязаным з уладамі Беларусі. Раней сёлета мэдыя паведамлялі, што афіцыйныя асобы ЗША просяць Літву, Польшчу і Ўкраіну зьняць санкцыі зь беларускіх калійных угнаеньняў, каб дазволіць транзыт гэтай прадукцыі празь іхныя тэрыторыі.

Іншыя заявы ў Літве

Прэм’ер-міністар Літвы Міндаўгас Сінкявічус 21 верасьня заявіў, што ня мае інфармацыі пра згаданае Трампам пагадненьне паміж Вашынгтонам і Менскам.

Старшыня Камітэту замежных справаў літоўскага Сейму Рэмігіюс Мотузас заявіў, што Літве пра такое пагадненьне невядома, але пазыцыя адносна Менску застаецца нязьменнай, перадае LRT.

«Мы сёньня ня маем ніякіх прычынаў скасоўваць санкцыі супраць Беларусі. Гэта агульная пазыцыя ня толькі Літвы, але і Эўрапейскага Зьвязу. І гэтыя санкцыі дзейнічаюць да канца лютага», — сказаў парлямэнтар агенцтву BNS у панядзелак.

Ён нагадаў, што Менск і надалей падтрымлівае вайну Расеі супраць Украіны, а Літва й іншыя суседнія дзяржавы па-ранейшаму зазнаюць розныя гібрыдныя атакі зь Беларусі.

Што заявіў Трамп

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай у закупе калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў 21 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сваёй старонцы ў Truth Social.

Адметна, што за некалькі гадзін да гэтага допісу прэзыдэнта ЗША пра экспарт беларускіх калійных угнаеньняў выказаўся Аляксандар Лукашэнка.

«Наколькі я інфармаваны прэм’ер-міністрам і ўрадам, нам удалося пераарыентавацца на ўсход. Сьведчаньнем таму — перамовы з амэрыканцамі. І як тут многія крычаць: „Ах, калій!“ Мы нават калі б захацелі кудысьці паставіць на іншыя рынкі, заходнія рынкі, у нас проста гэтых аб’ёмаў няма, усё закантрактавана», — заявіў Лукашэнка.

Абвяшчаючы аб пагадненьні наконт імпарту ўгнаеньняў, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп не ўдакладніў, празь якія краіны будзе ісьці транзыт. Паводле яго, угода дазволіць амэрыканскім кампаніям плаціць за гэтыя ўгнаеньні менш, чым цяпер за канадзкія.

Што папярэднічала

Беларускі калій, імаверна, уваходзіў у тэматыку перамоваў спэцыяльнага прадстаўніка Трампа Джона Коўла з Лукашэнкам раней у гэтым месяцы.

Ранейшыя перамовы справакавалі пытаньні да Літвы, якая адказвала, што не адчувае ціску ЗША ў пытаньні перавалкі беларускага калію праз порт у Клайпедзе.

ЗША скасавалі санкцыі на беларускі калій у сакавіку 2026 году, калі ўлады Беларусі вызвалілі 250 зьняволеных у рамках пагадненьня, падпісанага пры пасярэдніцтве ЗША. Рашэньне закранула гігант «Беларуськалій», ягоны маркетынгавы падразьдзел — «Беларускую калійную кампанію», а таксама кампанію «Аграразьвіцьцё».

У сваю чаргу Эўразьвяз адмовіўся скасоўваць абмежаваньні, накладзеныя на беларускі калій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Няма ніякіх прычынаў скасоўваць санкцыі супраць Беларусі». У Літве адрэагавалі на заяву Трампа пра вялікую ўгоду зь Беларусьсю