«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай у закупцы калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў Дональд Трамп на сваёй старонцы ў Truth Social.
Адметна, што за некалькі гадзін да гэтага допісу прэзыдэнта ЗША пра экспарт беларускіх калійных угнаеньняў выказаўся Аляксандар Лукашэнка.
«Наколькі я інфармаваны прэм’ер-міністрам і ўрадам, нам удалося пераарыентавацца на ўсход. Сьведчаньнем таму — перамовы з амэрыканцамі. І як тут многія крычаць: „Ах, калій!“ Мы нават калі б захацелі кудысьці паставіць на іншыя рынкі, заходнія рынкі, у нас проста гэтых аб’ёмаў няма, усё закантрактавана», — заявіў Лукашэнка.
Што папярэднічала
Беларускі калій, імаверна, уваходзіў у праграму перамоў спэцыяльнага прадстаўніка Трампа Джона Коўла з Лукашэнкам раней у гэтым месяцы.
Ранейшыя перамовы справакавалі пытаньні да Літвы, якая адказвала, што не адчувае ціску ЗША ў пытаньні перавалкі беларускага калію праз порт у Клайпедзе.
ЗША скасавалі санкцыі на беларускі калій у сакавіку 2026 году, калі ўлады Беларусі вызвалілі 250 зьняволеных у рамках пагадненьня, падпісанага пры пасярэдніцтве ЗША. Рашэньне закранула гігант «Беларуськалій», ягоны маркетынгавы падразьдзел — «Беларускую калійную кампанію», а таксама кампанію «Аграразьвіцьцё».
У сваю чаргу, Эўразьвяз скасоўваць абмежаваньні, накладзеныя на беларускі калій, адмовіўся.