Джарджэску даставілі да дома ў прымесьці Бухарэсту, дзе праходзяць ператрусы — у рамках крымінальнай справы аб стварэньні арганізаванай злачыннай групы і махлярстве на суму больш за мільён эўра. Паводле праваахоўнікаў, па справе праходзяць трое грамадзян Румыніі і грамадзянін Італіі. Па вэрсіі сьледзтва, яны ўводзілі прадпрымальнікаў у зман, абяцаючы ім фінансаваньне ад замежных банкаў.
Імёны падазраваных афіцыйна не называюцца. Паводле зьвестак Digi24, 64-гадовы Джарджэску арганізаваў схему і кіраваў іншымі яе ўдзельнікамі. Расьсьледаваньне пачалося пасьля заявы аднаго з пацярпелых прадпрымальнікаў.
Джарджэску заняў першае месца ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі ў 2024 годзе. Аднак Канстытуцыйны суд ануляваў вынікі выбараў. Суд спаслаўся на інфармацыю аб умяшаньні Расеі ў выбарчую кампанію на карысьць Джарджэску, што Масква і сам былы кандыдат адмаўлялі.
Джарджэску не дапусьцілі да паўторных выбараў. Мэр Бухарэсту Нікушор Дан, праэўрапейскі палітык-цэнтрыст, набраў у другім туры 18 траўня амаль 54% галасоў, апярэдзіўшы Джорджэ Сім’ёна, які атрымаў 46%.
У траўні 2025 году ён аб’явіў пра сыход з палітыкі.