Пісьменьніцу Сьвятлану Курс, якая памерла ў Варшаве, пахавалі на радзіме ў Беларусі

Сьвятлана Курс (1972 — 2026)

Сьвятлана Курс памерла 19 ліпеня ў Варшаве, дзе жыла доўгі час. У польскай сталіцы разьвіталіся зь ёю 26 ліпеня.

Магіла Сьвятланы Курс знаходзіцца ў вёсцы Баянічы Любанскага раёну Менскай вобласьці, побач з магілай яе бабулі, якая стала правобразам гераіні яе аповесьці «Па што ідзеш, воўча?»,— піша «Наша Ніва». Могілкі знаходзяцца каля вёскі Загальле, дзе яна нарадзілася.

Фота магілы Сьвятланы Курс разьмясьціў у сацсетках Андрэй Стрыжак.

Хто такая Сьвятлана Курс

Пра сьмерць адной з найвядомейшых беларускіх пісьменьніц сучаснасьці паведаміла сям’я. Пазьней стала вядома, што яна памерла 19 ліпеня.

Сьвятлана Курс паходзіць зь Любаншчыны. Яна даўно жыла ў Польшчы.

У першым нумары часопісу Аrche ў 1998 годзе было апублікавана яе першае апавяданьне «Мы два Хохлікі». У 2008 годзе ў «Кнігарні Нашай Нівы» выйшаў зборнік апавяданьняў «Шлях дробнай сволачы». У 2015 годзе яна апублікавала ў «Нашай Ніве» апавяданьне «Параска і яе чорны бык» не пад псэўданімам, а пад сапраўдным прозьвішчам.

У 2020 годзе пад псэўданімам Ева Вежнавец выйшла яе кніга «Па што ідзеш, воўча?» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»/Выдавец Раман Цымбераў). Твор пераклалі на некалькі моваў сьвету, а кніга стала адной з найбольш прадаваных у беларускіх кнігарнях. У 2021 годзе яна атрымала за кнігу прэмію Ежы Гедройця.

У канцы чэрвеня кнігу Сьвятланы Курс (Евы Вежнавец) «Па што ідзеш, воўча?» у перакладзе Малгажаты Бухалік на польскую ўключылі ў доўгі сьпіс польскай прэміі Angelus. У пачатку ліпеня Сьвятлана на сваёй старонцы ў Фэйсбуку прасіла прывезьці ёй пэўную кнігу зь Беларусі. Празь некалькі дзён яе ня стала.

Летась стала вядома, што ў Курс дактары знайшлі рак яечніка ў позьняй стадыі.

У траўні беларусы сьвету за адзін дзень сабралі для пісьменьніцы 12 тысяч эўра на лячэньне замест 10 тысяч, якія прасілі на зборы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Яна любіла сваё». У Варшаве разьвіталіся зь пісьменьніцай Сьвятланай Курс

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Яна любіла сваё». У Варшаве разьвіталіся зь пісьменьніцай Сьвятланай Курс