У суботу 19 верасьня раптоўна памёр паэт, бард Анатоль Кудласевіч, пра гэта паведамілі ягоныя сваякі.
Разьвітаньне і пахаваньне адбудзецца 21 верасьня з 13.00 гадзін на могілках «Лясное» ў Шабанах (Менск).
Кудласевіч нарадзіўся ў 1961 годзе ў вёсцы Толмачава Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Скончыў Кароціцкую СШ, Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум, Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага (Масква).
Служыў пад Ніжнім Ноўгарадам і ў Закаўказьзі.
Працаваў вэтфэльчарам, вэтапэратарам, сьлесарам, цесьляром-бэтоншчыкам, зборшчыкам радыёапаратуры, карэспандэнтам-арганізатарам, журналістам на тэлебачаньні і радыё.
Жыў у Менску.
Арганізаваў і правёў сотні літаратурных сустрэч, вечароў паэзіі і літаратурных сьвятаў з удзелам беларускіх пісьменьнікаў, а таксама «Першы фэстываль беларускай бардаўскай песьні». Рыхтаваў і вёў аўтарскія праграмы на тэлебачаньні і радыё.
У 1993 г. у выдавецтве «Тэхналёгія» выйшла першая кніжка вершаў і пародый «Плакун-трава», у 1999 г. — зборнік вершаў «Зорныя ноты» («Бібліятэчка часопіса «Маладосць»).
Укладальнік «Анталёгіі беларускай эпітафіі» (выдавецтва «Ўраджай», 2000 г.) і «Анталёгіі беларускай пародыі» («Ураджай», 2001 г.).
Вершы і проза друкаваліся ў беларускіх выданьнях, у Расеі і ва Ўкраіне. Шмат якія вершаваныя тэксты існуюць у выглядзе аўтарскіх песень.
Працаваў на Беларускім тэлебачаньні і радыё, займаўся літаратурнымі і культурнымі праграмамі. Быў аўтарам некалькіх паэтычных і празаічных кніг, пісаў песьні і выступаў як бард. Вёў свой Ютуб-канал.
У жніўні 2020 года Анатоля Кудласевіча арыштоўвалі на 10 дзён за ўдзел у акцыі пратэсту. У 2021‑м у яго кватэры прайшло два ператрусы. Першы зьвязвалі са справай Аўтуховіча, падчас другога ГУБАЗіК разграміў жытло Кудласевіча.
Анатоль Кудласевіч падчас пратэстаў у Менску. 2020 г.
30 верасьня 2021 году ягоную справу паводле ч.1 адміністрацыйнага артыкула 24.23 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) накіравалі на разгляд у суд Фрунзэнскага раёну Менску. У выніку судзьдзя Ала Скуратовіч аштрафавала яго на 2900 рублёў за сьцяг на бальконе.
У 2012 годзе браў удзел у праекце Радыё Свабода «Барды Свабоды».
Your browser doesn’t support HTML5
Кудласевіч: У людзей няма цікавасьці да роду і сваіх каранёў
Літаратар адкрыта выказваўся ў сацыяльных сетках, быў у камандзе Сяргея Ціханоўскага, езьдзіў зь ім па Беларусі.