Украінцы за апошні год сталі лепей ставіцца да беларусаў — вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня

Нацыянальныя сьцягі Ўкраіны і Беларусі

Пра рост станоўчага стаўленьня ўкраінцаў да беларусаў сьведчаць вынікі дасьледаваньня «Беларуская палітыка і культура ў грамадзкай думцы Ўкраіны».

Дасьледаваньне правёў Інстытут палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» 31 жніўня — 11 верасьня 2026 году, піша агенцтва «Позірк».

Вынікі праведзенай працы паказалі на V Форуме Астроскіх, які праходзіць 18–19 верасьня ў Кіеве. У супрацы з дасьледчай кампаніяй Info Sapiens ува Ўкраіне апыталі тысячу чалавек.

Згодна з вынікамі, станоўча да «беларусаў (грамадзян Беларусі)» ставіцца 44,5% рэспандэнтаў (у кастрычніку 2025 году такіх было 35,6%), адмоўна — 36,1% (49,7% год таму). 18,4% не змаглі вызначыцца са стаўленьнем.

Дасьледнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што лепш да грамадзян Беларусі ў 2026 годзе ў рэгіёне ставяцца жыхары Латвіі (станоўча — 50,4%; адмоўна — 25,3%; не змаглі адказаць — 24,3%) і Польшчы (49,8%; 17,6%; 32,6%). Горш за ўсіх — жыхары Літвы (37,1%; 36,6%; 26,3%).

Беларускія падразьдзелы, што ваююць на баку Ўкраіны (полк Каліноўскага, «Пагоня» ды інш.), вядомыя 58,7% рэспандэнтаў, не вядомыя — 40,8%.

На думку 54,4% удзельнікаў апытаньня, адказнасьць за ўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі маюць несьці «беларуская дзяржава і ўлада»; 28,6% — «і дзяржава, і грамадзтва»; «беларускае грамадзтва (грамадзяне Беларусі)» — 2,6%; «ніхто: беларусы не вінаватыя / ня ўдзельнічаюць» — 8,2%. Не змаглі адказаць — 6,2%.

Пра тое, што стаўленьне да беларусаў пасьля пачатку разьвязанай Расеяй у 2022 годзе поўнамаштабнай вайны зьмянілася да горшага, заявілі 49,5% украінцаў — удзельнікаў апытаньня; не зьмянілася — 47,1%; зьмянілася да лепшага — толькі 0,4%. Не змагло адказаць на гэтае пытаньне 2,9% апытаных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусы лічаць мінулае ў ВКЛ важнейшым за Расейскую імпэрыю для сваёй ідэнтычнасьці. Што яшчэ паказала новае апытаньне 


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Веданьне гісторыі можа засьцерагчы ад памылак». Прэзэнтавалі кнігу пра дачыненьні беларусаў і літоўцаў у міжваенны час