Міністар інфармацыі Беларусі мяркуе, што ў кожным пытаньні заўсёды ёсьць некалькі аспэктаў. І першы зь іх — «нас правакуюць на пэўныя крокі».
«І будзе самай вялікай памылкай паддацца на правакацыю і зьдзейсьніць тыя крокі, на якія нас правакуюць», — падкрэсьліў Дзьмітры Жук у этэры дзяржаўнага каналу «Беларусь 1».
Жук дадаў, што плятформа для ўладаў дзяржавы «недружалюбная», але беларускія СМІ быццам навучыліся працаваць у цяперашніх умовах.
На думку Жука, трэба прымаць тое рашэньне, якое будзе выгадным дзяржаве і ў той час, калі яно будзе патрэбне грамадзтву, а не тады, калі да гэтага падштурхоўваюць. Ён таксама зазначыў, што ў Беларусі «як сувэрэннай дзяржавы ёсьць усе інструмэнты, каб кантраляваць інфармацыйнае асяродзьдзе».
«YouTube зьнёс канал спадара Трампа, нават адвакат адсудзіў вялізныя грошы за гэта. Трамп закрыў YouTube у Амэрыцы? Не», — сказаў міністар, зьвяртаючыся да амэрыканскага досьведу.
Раней Дзьмітры Жук ужо адзначаў, што ў адносінах з плятформамі, якімі карыстаюцца беларусы, «дзейнічаць трэба вельмі акуратна». Ён таксама рабіў акцэнт на тым, што Аляксандар Лукашэнка не прыхільнік забаронаў. І, на думку міністра, трэба шукаць «іншыя мэханізмы ўзаемаадносінаў з гэтымі буйнымі гульцамі ўсясьветнай мэдыяпрасторы».
Варта адзначыць, што раней экспэрты, у тым ліку апытаныя Свабодай, пераважна схіляліся да думкі, што ўлады ў Менску не захочуць блякаваць YouTube, бо не атрымаюць з таго ніякай выгады, а наступствы для іх могуць быць адмоўныя.
Што папярэднічала
14 верасьня трансьляцыю эфіру канала СТБ на YouTube адключылі проста падчас прамога эфіру шоў «По существу», якое было прысьвечана Дню народнага адзінства. Гэтае сьвята ўлады абвясьцілі ў 2021 годзе, бо 17 верасьня 1939 году да БССР далучылі тэрыторыі, якія былі ў складзе Польшчы.
Сьледам пад блякіроўку трапілі каналы «Радыё Сталіца», Radio Kultura BY, Першы канал беларускага радыё і «БЕЛАРУСЬ-РТР | Belarus News».
Дзяржаўныя ўлады раней пагражалі плятформе блякаваньнем і поўным пераходам на нацыянальную пляцоўку. І такую стварылі.
Старонку videobel.by у Беларусі запусьцілі 12 верасьня 2024 году. На гэтым партале сабраныя праграмы беларускіх дзяржаўных мэдыя: каналаў «Беларусь-1», АНТ, БелТА, СТВ, РТР-Беларусь, «СБ. Беларусь сегодня» і «Мір». Але паставіць падабайку, пракамэнтаваць ці загрузіць сваё відэа на плятформе нельга.