Дата дня
35 гадоў таму, 19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет Беларусі перайменаваў Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку ў Рэспубліку Беларусь і зацьвердзіў сымбалямі дзяржавы «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўныміДзень у гісторыі
1356 — ангельцы з гасконцамі разьбілі французаў у бітве пры Пуацье, узялі ў палон караля Яна II і запатрабавалі за яго велічэзны выкуп. Францыя страціла траціну тэрыторыяў, а перамога лучнікаў над коннымі рыцарамі зьмяніла ўяўленьні пра тое, якім мае быць войска.
1794 — падчас паўстаньня 1794 году расейскія войскі разьбілі пад Берасьцем аддзелы Рэчы Паспалітай.
1888 — у Бэльгіі на курорце Спа прайшоў першы ў гісторыі конкурс прыгажосьці.
1893 — Новая Зэляндыя стала першай у сьвеце дзяржавай, якая дала жанчынам права голасу на выбарах.
1939 — Чырвоная армія заняла Вільню.
1941 ― нацысцкія ўлады запатрабавалі ад усіх нямецкіх габрэяў, старэйшых за 6 гадоў, насіць на грудзёх шасьціканцовую зорку Давіда.
1943 — пачалася савецкая партызанская апэрацыя «Канцэрт». Беларускія партызаны ўзарвалі каля 90 тысяч рэек, больш за тысячу цягнікоў, 72 чыгуначныя масты і разграмілі больш за паўсотні гарнізонаў.
1946 — выступ Уінстана Чэрчыля ў Цюрыскім унівэрсытэце, які паслужыў пунктам адліку ў стварэньні Рады Эўропы.
Уінстан Чэрчыль
1982 — унівэрсытэцкі прафэсар у Пітсбургу Скот Фалман упершыню даслаў сваім калегам-выкладчыкам электроннае паведамленьне-піктаграму, якое сымбалізавала эмоцыю. Так узьнік смайлік — інструмэнт, з дапамогай якога інтэрнэт-карыстальнікі могуць перадаваць свае эмоцыі.
2020 — Марш жанчын у Менску, больш за 300 затрыманых.
«Бліскучы марш» у Менску скончыўся масавымі затрыманьнямі жанчын. ШМАТ ФОТА
2020 — арыштавалі Вітольда Ашурка. У студзені 2021 году яго асудзілі на 5 гадоў калёніі, а 21 траўня таго ж году ён памёр у Шклоўскай калёніі пры нявысьветленых да канца абставінах.
У гэты дзень нарадзіліся
1551 — Генрык III, кароль Рэчы Паспалітай у 1574-м, потым — Францыі.
1797 — Януар Сухадольскі, беларускі мастак-баталіст.
1802 — Лаяш Кошут, вугорскі дзяржаўны дзеяч, рэвалюцыянэр, кіраўнік Вугоршчыны ў пэрыяд рэвалюцыі 1848–1849 гадоў.
1810 — Раймунд Зямацкі, каталіцкі сьвятар, пакараны сьмерцю за ўдзел у вызвольным паўстаньні 1863 году.
1818 — Руф Ігнацьцеў, гісторык, археоляг, этнограф, музыказнаўца.
1885 — Іван Сікора, сэлекцыянэр. У ягоным садзе прайшлі выпрабаваньне больш за 500 гатункаў яблыняў і больш за 100 — ігрушаў, а таксама гатункі сьліваў, бэзу, ружаў і іншыя.
1905 — Янка Туміловіч, паэт, ахвяра сталінізму.
1946 — Ягор Батальёнак, мастак.
1958 — Ігар Цішын, мастак, жыве ў Бэльгіі.
У памяці
1935 — Канстанцін Цыялкоўскі, расейскі тэарэтык космасу са шляхецкага роду Цялкоўскіх.
1938 — Браніслаў Туронак, беларускі нацыянальны дзяяч.
2003 — Анатоль Багатыроў, беларускі кампазытар, пэдагог і грамадзкі дзяяч.
2004 — Мікола Купрэеў, паэт і пісьменьнік.
2005 — Алесь Лабанок, актор, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1960–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х – пач. ХХІ ст.