Беларуса, якога абмянялі на Пачобута, спрабавалі судзіць у Польшчы, але ён не прыехаў на свой суд

Польская паліцыя. Архіўнае фота

У рамках абмену па схеме «пяць на пяць» Польшчы, які адбыўся 28 красавіка, Беларусі перадалі экс-удзельніка «Паспалітага рушэньня» Ўладзіслава Надзейка, цяпер яго спрабавалі судзіць.

Паводле інфармацыі Radio Bialystok, судовае паседжаньне раённага суду Беластоку мелася пачацца 16 верасьня, але яго адклалі, паколькі абвінавачаны ў шпіянажы супраць Польшчы не прыехаў зь Беларусі на паседжаньне.

Пры гэтым раней абвінавачаны ў шпіянажы беларус даваў паказаньні і пагадзіўся на працяг судовага разгляду ў ягоную адсутнасьць. Але суд вырашыў, што гэтага не дастаткова для разгляду ў яго адсутнасьць, і яшчэ раз накіруе позву ў амбасаду Беларусі ў Польшчы з просьбай асабіста ўручыць яе абвінавачанаму.

Пракурор Лешак Божэк паведаміў, што абвінавачаны цяпер ня ў Польшчы ў сувязі з абменам зьняволенымі з Беларусьсю. Паводле ягоных слоў, што «дзеяньні абвінавачанага былі скіраваныя перадусім супраць беларускай дэмакратычнай апазыцыі ў Польшчы».

Адвакат заявіў, што апошні раз бачыў падсуднага ў красавіку, калі той быў пад вартай у Беластоку.

Хто такі Надзейка

У выніку абмену зьняволенымі 28 красавіка з Беларусі вызвалілі Анджэя Пачобута, дваіх палякаў і дваіх малдаван, з польскага боку — пецярых грамадзянаў Беларусі, Расеі і іншых дзяржаваў СНД,

Сярод перададзеных беларускаму боку асобаў быў 33-гадовы грамадзянін Беларусі Ўладзіслаў Надзейка, якога затрымалі ў 2025 годзе паводле абвінавачаньня ў шпіянажы на карысць замежнай выведкі. Тады паведамлялася, што ён быў удзельнікам беластоцкай харугвы «Паспалітага рушэньня», а ягонае імя раней згадвалася КДБ Беларусі ў сувязі з «экстрэмісцкім фармаваньнем» «Беларуская Грэнадзёрская Харугва».

У Польшчы Надзейка займаўся перавозкамі пасажыраў як індывідуальны прадпрымальнік, што супадала з інфармацыяй СМІ пра затрыманьне таксіста-актывіста, які мог быць датычны да шпіёнскай сеткі КДБ у Эўропе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядома, каго вызвалілі разам з Пачобутам, а каго перадалі ўладам Беларусі

Абмен «пяць на пяць» 28 красавіка

Аб затрыманьні беларускага грамадзяніна Ўладзіслава Н. і ўзяцьці яго пад варту на тры месяцы 10 верасьня 2025 года паведаміла Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы (АУБ). Адзначалася, што ён ажыцьцяўляў разьведвальную дзейнасьць на тэрыторыі Польшчы і Вугоршчыны, а затрыманьне беларуса стала вынікам «працяглай апэрацыі, праведзенай АУБ сумесна з чэскімі, вугорскімі, румынскімі і малдаўскімі спэцслужбамі».

23 верасьня 2025 года паведамлялася, што ва Уладзіслава Н. знойдзены сьпіс суайчыннікаў, якія атрымалі ў Польшчы прытулак. Адзначалася, што на замову КДБ Беларусі мужчына вёў сачэньне за фігурантамі сьпісу, зьбіраў на іх інфармацыю і перадаваў яе ў Менск.

Паводле зьвестак партала reform.news, затрыманы — 33-гадовы Ўладзіслаў Надзейка, які раней знаходзіўся ў беластоцкай харугве «Паспалітага рушэньня».

У рамках абмену па схеме «пяць на пяць» Польшчы, які адбыўся 28 красавіка, Польшчы быў перададзены яе грамадзянін палітвязень Томаш Бяроза, Беларусі — экс-удзельнік «Паспалітага рушэньня» Ўладзіслаў Надзейка.

Апроч Бярозы Польшчы перадалі журналіста, актывіста польскай меншасьці Анджэя Пачобута, грамадзянін Польшчы манаха-кармеліта Гжэгажа Гавэла. Двое іншых зьяўляюцца грамадзянамі Малдовы.

З польскай тэрыторыі вярнулі акрамя Надзейкі, гэта Александру Бэляна, які працаваў на беларускі КДБ, і двое грамадзян Расеі — археоляга Аляксандра Буцягіна і Ніну Папову.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пачобут бясьпечна вярнуўся зь Беларусі ў Польшчу