Як паведамілі ва Ўзброеных сілах Літвы, мэта вучэньняў, што прадоўжацца да 15 кастрычніка, — падрыхтоўка і ацэнка гатоўнасьці камандных пунктаў і падразьдзелаў войска да выкананьня задач, прадугледжаных плянамі дзяржаўнай абароны.
Асноўная ўвага будзе скіраваная на адпрацоўку навыкаў па пераходзе ад мірнага часу да крызіснай сытуацыі, у тым ліку пры абвяшчэньні надзвычайнага становішча. Падчас вучэньняў таксама правераць працэдуры мабілізацыі і дакамплектаваньня падразьдзелаў Узброеных сіл Літвы ва ўмовах ваеннага часу.
Сцэнар вучэньняў «Perkūno Griausmas 2026» сынхранізаваны з вучэньнямі NATO «Steadfast Duel 2026». На нацыянальным узроўні гэтыя вучэньні таксама інтэгруюць у іншыя вайсковыя вучэньні, а таксама трэніроўкі дзяржаўных устаноў.
У верасьні і кастрычніку ў вучэньнях возьмуць удзел каля 4200 вайскоўцаў Узброеных сіл Літвы, а ў розныя вайсковыя часьці будуць прызваныя да 2400 жаўнераў з актыўнага рэзэрву. Акрамя таго, плянуюць абнавіць кантактныя зьвесткі больш, чым 5000 рэзэрвістаў.
«Вучэньні „Perkūno Griausmas 2026“ сканцэнтраваныя на адной галоўнай мэце: падрыхтоўцы да ўзброенай абароны краіны шляхам забесьпячэньня сынхранізацыі дзеяньняў і супольнай апэратыўнай гатоўнасьці Ўзброеных сіл Літвы, дзяржаўных устаноў, муніцыпалітэтаў і хаўрусьнікаў», — падкрэсьлілі ва Ўзброеных сілах Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі пачаліся манэўры «Жалезны кулак», якія праводзіць армія ЗШАШто папярэднічала і чаму гэта важна
У канцы жніўня стала вядома, што Латвія, Літва і Эстонія 30 ліпеня накіравалі звароты ў эўрапейскія структуры, у якіх выказалі занепакоенасьць у сувязі з магчымай агрэсіяй Расеі. Ліст таксама падтрымалі камісары ад Польшчы і Фінляндыі.
Гэты ліст стаў адным з чарады трывожных званкоў, а пікам — нечаканы візыт дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа ў Маскву 25 жніўня. Рэткліф прыляцеў у Маскву, каб заклікаць Крэмль не дапускаць эскаляцыі канфліктаў з саюзьнікамі ЗША, асабліва з Эстоніяй, Латвіяй і Літвой — крыніцы, якія атрымалі інфармацыю пра візыт, пацьвердзілі гэта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода 26 жніўня.
З пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў наяўнасьцю пагроз і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.
Наадварот, Беларусь, як заяўлялі заходнія краіны, пры ўзаемадзеяньні з Расеяй стварыла мігранцкі крызіс, што доўжыцца дагэтуль. Адначасова з тэрыторыі Беларусі пэрыядычна заляталі кантрабандныя балёны і дроны (расейскія і ўкраінскія), празь якія ў Літве вымушана спынялі дзейнасьць аэрапортаў, найчасьцей — у Вільні.
Апошні інцыдэнт адбыўся ў ноч на 15 верасьня, калі зьнішчальнік NATO недалёка ад Коўна зьбіў бесьпілётнік, які прыляцеў зь Беларусі і пра які беларускія вайскоўцы не папярэдзілі Літву. Дрон быў расейскага паходжаньне і меў баявую частку. З гэтай нагоды Вільня заявіла Менску рашучы пратэст.