Пра ўручэньне прадстаўніку амбасады Беларусі «ноты рашучага пратэсту» у зьвязку з парушэньнем дзяржаўнай мяжы і паветранай прасторы Літвы, паведаміла замежнапалітычнае ведамства краіны.
МЗС «настойліва патрабуе, каб Беларусь неадкладна дала вычарпальнае тлумачэньне пра здарэньне і прадухіліла любыя падобныя парушэньні ў будучыні».
У дакумэнце літоўскія ўлады зазначаюць, што Літва «пакідае за сабой права супольна з хаўрусьнікамі прыняць усе патрэбныя захады для забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі, тэрытарыяльнай цэласьці і бясьпекі насельніцтва».
Што адбылося?
У ноч з 14 на 15 верасьня літоўскія вайскоўцы выявілі аб’ект, які ўвайшоў у паветраную прастору краіны. Італьянскія зьнішчальнікі NATO яго зьбілі.
Пазьней літоўскія ўлады заявілі, што зьбіты БПЛА пераносіў выбухоўку. У Міністэрстве абароны Літвы заявілі, што гэта першы падобны выпадак у паветры краіны.
15 верасьня дарадца прэзыдэнта Літвы Дэйвідас Матулёніс заявіў, што зь Менску не папярэдзілі Вільню пра дрон, а на наступны дзень сам прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа адзначыў, што зьбіты аб’ект быў бесьпілётнікам расейскай вытворчасьці тыпу «Гербера».